На палітвязня Яўгена Харашкевіча цісне адміністрацыя шклоўскай калоніі
Па інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя калоніі №17 ужо двойчы за месяц змяшчала палітвязня Яўгена Харашкевіча ў штрафны ізалятар. У мінулы раз яго закінулі ў ШІЗА 21 сакавіка на 10 сутак. Адваката тады да Яўгена не пусцілі.
Цяпер ён зноў знаходзіцца ў ізалятары, але за якое «парушэнне» — невядома. Акрамя гэтага, палітвязня пазбавілі
кароткатэрміновага спаткання.
Яўгена Харашкевіча затрымалі 19 студзеня 2021 г. у Наваполацку. Яго абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 130, арт. 369, ч. 1 арт. 342.
Суд над
Харашкевічам праходзіў у закрытым рэжыме. Віцебскі абласны суд 16 верасня
асудзіў Харашкевіча да 4 гадоў калоніі.
Пакуль Яўген сядзеў у СІЗА, у яго нарадзілася дачка Мілана.
На абвяшчэнне прысуду бацькі Яўгена прынеслі ў залу раздрукаваныя каляровыя
фотаздымкі Міланы.