Гітарыста гуртоў «Голая Манашка» і «Мутнаевока» асудзілі на 3 гады «хіміі»
Беларусаў працягваюць пераследаваць за іх грамадзянскую пазіцыю. Не спыняецца ціск на палітвязняў.
Як даведаліся сёння праваабаронцы, у адным з судоў Мінска 22 красавіка былі вынесеныя два прысуды за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі).
Палітзняволеныя Васіль Ярмоленка і яго сяброўка Таццяна Гацко былі прызнаныя вінаватымі ў актыўным удзеле ў паслявыбарчых пратэстах 2020 года.
Васіль Ярмоленка — гітарыст і кантрабасіст, былы артыст Беларускага дзяржаўнага ансамбля танцаў. Ён грае ў такіх гуртах, як «Unia», «Голая Манашка», «Мутнаевока». Васіля затрымалі 25 студзеня 2022 года і змясцілі пад варту ў СІЗА №1 Мінска.
Таццяна Гацко — спецыялістка па кадрах аднаго з прадпрыемстваў горада, таксама была затрыманая 25 студзеня 2022 года і змешчаная ў СІЗА.
Адразу пасля затрымання на праўладным тэлеграм-канале з'явілася «пакаяннае» відэа, з якога вынікае, што ў жніўні 2020-га музыка ўдзельнічаў у некалькіх масавых мерапрыемствах, а таксама стаяў у «счэпцы» на праезнай частцы. Таццяна таксама прызнаецца, што ў жніўні 2020 года яе сфатаграфавалі на Нямізе з бел-чырвона-белым сцягам.
Васілю і Тацяне прысудзілі па тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хімія»). Да прызначэння месца адбыцця пакарання яны вызваленыя з-пад арышту пад падпіску аб нявыездзе.
Паводле РС.