Дыпламатычны прарыў: сябар на хвіліну
Нашае кіраўніцтва нездарма ўпірае на тое, што яму трэба сябраваць і мець зносіны з прадстаўнікамі «далёкай дугі». Таму што там нас не ведаюць. Тыя, хто бліжэй, нас ужо ведаюць, а таму сябраваць з намі асцерагаюцца.
Напрыканцы тыдня да нас прыляцеў новы сябра — прэм'ер-міністр Эсваціні Расэл Мміса Дламіні. Ён прыбыў па запрашэнні нашага прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі з рабочым візітам. «У найбліжэйшыя некалькі гадзін мы сустрэнемся і правядзем перамовы з прэм'ер-міністрам Беларусі і спадзяемся на канструктыўнае ўзаемадзеянне і стварэнне рамак супрацоўніцтва для ўзаемнай выгады нашых народаў», — заявіў Дламіні. Кампанію яму склалі міністр унутраных спраў прынцэса Ліндзіве, а таксама міністр сельскай гаспадаркі Мандла Тшавука.
Што такое Эсваціні? Гэта каралеўства, якое да 2018 года было Свазілендам. Дламіні ў ім — кіруючая каралеўская дынастыя. Праўда, сваякоў караля вельмі шмат з-за практыкі шматжонства. Верагодна, менавіта з-за гэтай жа практыкі ў Эсваціні самы высокі ўзровень заражанасці вірусам імунадэфіцыту (ВІЧ) — 26,1% дарослага насельніцтва па ацэнцы ААН 2007 года, то-бок кожны чацвёрты. Па даных на 2020 год насельніцтва ацэньваецца ўсяго ў 1,1 млн чалавек.
Але пры гэтым ВУП на душу насельніцтва ў Эсваціні — 10932 долараў на год, тады як у Беларусі — 6217 долараў на год. І краіна, як і Беларусь, небагатая на карысныя выкапні: асноўныя яе прыродныя рэсурсы — гэта лес і вугаль.
Хто ведае, можа быць, урад Эсваціні навучыць беларускіх калегаў, як жыць па сродках?
Пакуль жа нашы далёкія сябры шпацыруюць па Мінску, блізкія суседзі ўмацоўваюць з намі мяжу. Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што з украінскага боку мяжы павялічваецца колькасць падраздзяленняў, сярод якіх Сілы спецыяльных аперацый і спецпадраздзяленні ГУР Мінабароны Украіны.
«На сумежнай тэрыторыі канцэнтруюцца розныя падраздзяленні, у тым ліку з цяжкім узбраеннем: МТЛБ, БМП, уключаючы амерыканскія “Брэдлі”, рэактыўныя сістэмы залпавага агню HIMARS, гаўбіцы М777, зенітныя самаходныя ўстаноўкі “Гепард” нямецкай вытворчасці, а таксама іншыя сродкі паражэння», — гаворыцца ў заяве ДПК.
Варта адзначыць, што да гэтага паведамлення ДПК прыкладалася фатаграфія беларускай заставы, і ніякіх матэрыялаў, якія пацвярджаюць канцэнтрацыю ўкраінскіх сіл, не прыводзіцца. Імаверна таму, што ў ДПК проста разгубіліся: калі яшчэ ўжывую пабачыш такі парад заходняй тэхнікі? І, усе ў захапленні і эмоцыях, проста не падумалі сфатаграфаваць…
Зрэшты, не дзіўна ні тое, што ДПК не прыводзіць доказаў канцэнтрацыі ўкраінскіх войскаў у раёне межаў з Беларуссю, ні тое, што такая канцэнтрацыя цалкам сабе можа мець месца. Бо ва Украіне папярэджваюць аб рызыцы новай расійскай атакі з боку мяжы ў Сумскай вобласці, а Сумская вобласць якраз знаходзіцца побач з беларускай мяжой. Праўда, нам у тым раёне бліжэй Чарнігаўская вобласць, але зноўку ў парадыгме «эшаланаванай абароны»: у Чарнігаўскай вобласці і на мяжы з Беларуссю цалкам можа быць які-небудзь трэці эшалон абароны Сумскай вобласці (ён жа — першы эшалон абароны Чарнігаўскай).
Ясна адно — суседзі нам не давяраюць. А з чаго б ім давяраць пасля таго сюрпрызу, які наладзіў ім Лукашэнка ў 2022-м? Зразумела, што ніякіх прычын давяраць Беларусі няма — занадта добра ведаюць наша кіраўніцтва.
І з процілеглага боку нашых межаў таксама неспакойна: Сейм Літвы зацвердзіў новага камандуючага ўзброенымі сіламі краіны. На найбліжэйшыя пяць гадоў ім стаў брыгадны генерал Раймундас Вайкшнарас.
Вайкшнорас адметны па двух прычынах. Найперш ён першы камандуючы літоўскай арміі, які не мае вопыту службы ў войску СССР. Вайкшнарас нарадзіўся ў 1970 годзе ў Друскінінкаі, а ваенную кар'еру пачаў у 1991 годзе ўжо ў падраздзяленнях незалежнай Літвы. Да прызначэння ён займаў пасаду намесніка начальніка штаба па ваеннай падрыхтоўцы Вярхоўнага камандавання саюзных войскаў у Еўропе (SHAPE). Раней камандаваў сухапутнымі войскамі Літвы, быў камандзірам брыгады «Жалезны воўк».
І гэта другая адметнасць. Брыгада «Жалезны воўк» — асноўнае падраздзяленне сухапутных войскаў літоўскай арміі. Сярод яе задач не толькі абарона тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту краіны, але і ўдзел у аперацыях НАТА за межамі дзяржавы. Гэта значыць, гэта найбольш падрыхтаванае па стандартах НАТА падраздзяленне.
Тыя нашы суседзі, якія далей, таксама думаюць пра Беларусь. ЕС ухваліў на ўзроўні паслоў пры Еўрасавеце 14-ты пакет санкцый супраць Расіі, і засталося яго фармальнае зацвярджэнне. Аднак амбасадары Еўрасаюза пры Еўрасавеце ўсё яшчэ прадаўжаюць абмеркаванне новага санкцыйнага пакета супраць Беларусі. Раней СМІ пісалі, што ў ЕС узніклі рознагалоссі з нагоды зместу новага пакета санкцый у дачыненні да Беларусі, які ў асноўным прадугледжвае ўніфікацыю абмежаванняў з расійскімі. У прыватнасці паведамлялася, што нібыта Германія супраць забароны на пастаўкі дарагіх аўтамабіляў у нашу краіну.
Тады ж крыніцы заяўлялі, што разглядаецца варыянт развесці беларускі і расійскі пакеты санкцый з тым, каб дасягнуць пагаднення аб захадах у дачыненні да РФ, адклаўшы ўвядзенне новых абмежаванняў для Беларусі.
І прызначэнне міністра абароны ў Літве не выглядае тут выпадковасцю. Мы ўжо заўважалі, што як толькі Польшча загаварыла пра нармалізацыю стасункаў з Беларуссю, яна атрымала эскалацыю мігранцкага крызісу і труп свайго жаўнера. Цяпер ЕС думае аб змене сваёй палітыкі і пра нейкае «развядзенне санкцый». А тому новая «ўдзячнасць» з боку Мінска цалкам магчымая.
Тым больш, што днямі ў Мінск прыляціць яшчэ адзін важны госць — міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў. Праграмай яго знаходжання прадугледжана сустрэча з Лукашэнкам, старшынямі Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, таксама запланаваны перамовы з кіраўніком МЗС Беларусі, у тым ліку і па «тэматыцы фарміравання новай архітэктуры еўразійскай бяспекі».
Мы ўсе ведаем, як Расія бачыць новую архітэктуру еўразійскай бяспекі. І не дзіўна, што суседзі знерваваліся. А таму застаецца сябраваць з тымі, хто нас не ведае. Пакуль яны не даведаюцца пра нас больш і лепей. А як толькі яны дазнаюцца пра нас, трэба будзе шукаць новых сяброў. Мажліва, сярод пінгвінаў у Антарктыдзе.
Таму што… Як там у нас сяброўства з Венесуэлай пажывае, хто-небудзь можа сказаць?