Эканаміст: Паўтарэння крызісу 2011 года ўлады баяцца больш за ўсё
Як будуць выкручвацца?
Міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч у гутарцы з журналістамі выказаў аптымізм з нагоды перамоваў з Масквой па падатковым манеўры, які «выцякае з справядлівасці аргументаў», выпрацаваных Міністэрствам фінансаў.
Ці спраўдзяцца спадзяванні кіраўніка беларускага Мінфіна — пра гэта доктар эканамічных навук прафесар Барыс Жаліба.
— Аптымізм Максіма Ермаловіча апраўданы вопытам узаемаадносін беларускага кіраўніцтва з расійскім, у прыватнасці, асабістым вопытам узаемаадносін Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным, — лічыць эксперт. — Сутыкненні адбываюцца пастаянна, і рэакцыя з абодвух бакоў таксама вельмі падобная. На 25 снежня запланаваны візіт Лукашэнкі ў Маскву, яны з Пуціным правядуць перамовы ў такім духу, што абодва пагарачыліся, і дамовяцца па падатковым манеўры.
Бо Расія абяцала замест мільярда даляраў, які мы просім, 630 мільёнаў. І яна іх дасць. Тэхнічнае пытанне, як гэта будзе зроблена. Рускія хочуць трансфертам са свайго бюджэту ў беларускі, а нашы хочуць закласці гэта ў цану на нафту, каб яна была танней, але гэтыя пытанні будуць вырашаць ужо спецыялісты. Без кампенсацыі мы не застанемся, але яна будзе не такая, на якую мы разлічвалі.
Так і скончыцца гэта абвастрэнне, таму што глыбінныя прычыны застаюцца старымі. Расія ніколі не будзе дабіваць эканоміку Беларусі дарэшты, паколькі гэта — адзіны саюзнік на захадзе, які затуляе ад НАТА. Але Беларусі трэба настройвацца, што падтрымка з боку Расіі будзе змяншацца.
— Чым Беларусь збіраецца кампенсаваць недахоп сродкаў з-за падатковага манеўру?
— У нас выйсце адно — павышаць эфектыўнасць эканомікі. На парадку дня стаяць даўно вядомыя рэформы, якія прапануюць нашы крэдыторы з МВФ, Еўразійскага банка. Але кіраўнік дзяржавы лічыць, што праводзіць іх рана, гэта можа закрануць палітычныя асновы. Ён спадзяецца на ранейшую мадэль, якая працуе на падсілкоўванні з Расіі. Але жыццё будзе прымушаць нешта прадпрымаць, каб наша эканоміка была больш эфектыўнай, больш рынкавай.
— Але ж рэформы не правядзеш за адзін дзень ці год.
— Канешне не. Але да іх трэба падыходзіць, асабліва да рэформаў, звязаных з кіраваннем дзяржпрадпрыемствамі, з ліквідацыяй запазычанасці нашых суб’ектаў. Трэба нешта рабіць і з сельскай гаспадаркай. Але да структурных зменаў у нас пакуль не прыступаюць, тут нічога не мяняецца.
— Што павінна здарыцца, каб урад прыступіў да такіх рэформаў?
— Рэзкае пагаршэнне ўзроўню жыцця насельніцтва, сацыяльнай абстаноўкі — такі ўсёабдымны крызіс накшталт таго, які быў у нас у 2011 годзе. Паўтарэння гэтага ўлады баяцца больш за ўсё, хочуць выкруціцца.
— А ці атрымаецца?
— Сёння, можа, і атрымаецца, а вось што будзе заўтра, гэта пытанне. Перспектыў не бачна. Мадэль сябе вычарпала, яе трэба мяняць.
— Рэформы рэформамі, але грошы патрэбныя тут і цяпер. Дзе іх браць?
— Расія грошы нам дасць у выглядзе кампенсацыі, а далей па сітуацыі. Не заўсёды, але часта нам спрыялі знешнія фактары, гэта значыць, могуць падвысіцца сусветныя цэны на нафту, на мінеральныя ўгнаенні, глядзіш, і зноў нейкія грошы будуць. Ды і ўлады нешта робяць, ствараюць нейкія вытворчасці, напрыклад, пабудаваны «Джылі», праводзяць мадэрнізацыю. Аддача таксама павінна быць, але звычайна яна з’яўляецца праз пяць і больш гадоў. У цэлым сітуацыя вельмі складаная — запазычанасці, зніжэнне росту ВУП. Без рэформаў у доўгатэрміновай і нават сярэднетэрміновай перспектыве нашы справы будуць дрэнныя.
Паводле Заўтра тваёй краіны