Паротнікаў пра ваенную дактрыну «Саюзнай дзяржавы»: Расія пачала мяняць падыходы
Уладзімір Пуцін падпісаў 19 снежня распараджэнне аб зацвярджэнні ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, якую беларускі ўрад ухваліў яшчэ ў лістападзе, паведамляе Радыё Свабода.
Папярэдні такі дакумент зацвярджалі ў 2001 годзе.
Цяпер слова за кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Свабода спытала эксперта, ці варта ставіць Лукашэнку свой подпіс пад дакументам, які ўзаконьвае шчыльнае вайсковае супрацоўніцтва з дзяржавай, якая вядзе ўзброеную агрэсію супраць Украіны і пагражае суверэнітэту Беларусі.
Заснавальнік аналітычнага парталу Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў мяркуе, што двухбаковае зацвярджэнне ваеннай дактрыны так званай Саюзнай дзяржавы не зробіць істотнага ўплыву на палітычныя стасункі Беларусі з Расіяй, якія застаюцца праблемнымі.
«Палітычныя з эканамічнымі і пытанні бяспекі ў беларуска-расійскіх стасунках заўсёды былі разведзеныя. Калі паглядзець у мінулыя гады, то якімі б кепскімі не былі палітычныя адносіны, гэта мала ці амаль ніяк не ўплывала на дачыненні ў галіне бяспекі. Таму ў гэтым выпадку беларускі бок, які прытрымліваецца старой практыкі, свае абавязанні хутчэй за ўсё выканае.
Але праблема ў тым, што расійскі бок пачаў мяняць падыход. Яны пачалі ўвязваць пытанні бяспекі і пытанні ўзаемадзеяння ў вайсковай сферы з агульным, скажам так, надвор’ем у палітычных двухбаковых стасунках. Да чаго гэта можа прывесці, вялікае пытанне», – мяркуе Андрэй Паротнікаў.
Пытанне, ці варта Лукашэнку падпісваць ваенную дактрыну Саюзнай дзяржавы, Андрэй Паротнікаў лічыць заўчасным, пакуль не апублікаваны яе тэкст.
«Што тычыцца самой ваеннай дактрыны, дык гэта дэкларатыўны палітычны дакумент, які ў прынцыпе ні на што ўплываць не будзе. Больш глыбокага вайсковага ўзаемадзеяння, чым ужо ёсць, праз яго не будзе. Хаця ён цікавы як зрэз поглядаў падпісантаў на бягучыя выклікі ў сферы бяспекі.
Калі б мы пабачылі тэкст гэтага дакументу, то, умоўна кажучы, маглі б сказаць, што менавіта сёння бянтэжыць і палохае афіцыйныя Мінск і Маскву. Але праз месяц сітуацыя можа змяніцца.
На постсавецкай прасторы і на Захадзе ваенная дактрына – гэта дакументы зусім рознай вагі. Там дактрына – гэта дакумент наўпроставага дзеяння, а ў нас гэта палітычная дэкларацыя. Але ў любым выпадку трэба дачакацца яе тэксту, каб больш дакладна казаць пра тое, ці варта яе было падпісваць».
Радыё Свабода