Экс-кандыдат на прэзідэнта Таццяна Караткевіч выправілася на Гомельшчыну

Сёння Таццяна Караткевіч сустрэлася з новымі актывістамі «Гавары праўду» і жыхарамі ў Гомелі, Ветцы і Рагачове. Трэцяя паездка  Таццяна Караткевіч мае выразную сацыяльную афарбоўку.



0013.jpg

gomel.today

У горадзе над Сожам палітык сустрэліся з 55-гадовай Людмілай Драбышэўскай. У жанчыны складаная сітуацыя: усё сваё жыццё яна выхоўвала сына-інваліда (цяпер ён ужо дарослы) і таму не магла працаваць. З-за таго, што ў Людмілы Францаўны, якая пераехала ў Беларусь з Украіны ў канцы 1980-х, недастаткова працоўнага стажу, па законе ў пенсіі ёй адмаўляюць. Жанчына яшчэ можа і хоча працаваць, але з-за няпростай эканамічнай сітуацыі не можа працаўладкавацца.

Сёння ў адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля спецыяльная  камісія мусіць разгледзець пытанне аб прызначэнні Драбышэўскай пенсіі.

Вось як Таццяна Караткевіч пракаментавала сітуацыю:

—  З аднаго боку, сапраўды не хапае стажу... З іншага - яна ўсё жыццё аддала дзіцяці-інваліду, выгадавала яго паўнавартасным членам грамадства. Сацыяльная палітыка дзяржавы і законы павінны быць такімі, каб падыход да кожнага быў не фармальны, а ўлічваў усе жыццёвыя абставіны.

Затым кандыдат у прэзідэнты на мінулых выбарах адправілася ў вёску Кунтораўка Веткаўскага раёна, дзе знаходзіцца адна з кропак гомельскага моладзевага аб'яднання «Дабрыня». Таццяну Караткевіч запрасіла кіраўнік арганізацыі Марына Ступінская. Яна арганізавала прытулак для жывёл-інвалідаў і старых жывёл, дзе зараз 18 сабак і 6 катоў.

Неўзабаве на сустрэчу з адным з лідэраў «Гавары праўду» прыехалі і актывісты аб'яднання. Яны хочуць далучыцца да выбарчага спісу-2016 «ТаК! За мірныя перамены». Актывісты занепакоеныя новым законам аб абароне жывёл, абмеркаванне якога ідзе без удзелу грамадскасці. Таццяна Караткевіч адзначыла:

— Менавіта з такіх лакальных грамадзянскіх ініцыятыў і фармуецца рух за мірныя перамены.

З ёй пагадзілася і адна з актывістак «Дабрыні»:

— Важна тое, што адбываецца ў нас у доме. У самым шырокім — жыццёвым сэнсе гэтага слова.

Удзельнікі размовы запэўнілі, што з задавальненнем прымуць удзел у Форуме за мірныя перамены, правядзенне якога плануецца ў наступным годзе, адзначае прэс-служба кампаніі "Гавары праўду".

Увечары адбудзецца сустрэча Таццяны Караткевіч з гомельскімі актывістамі, якія жадаюць далучыцца да спісу «ТаК! За мірныя перамены».