Эксперт: Для Беларусі ёсць два варыянты развіцця падзей — дрэнны і вельмі дрэнны
Што засталося ад беларускага суверэнітэту і чаму Лукашэнка загнаў сябе ў пастку?
Пра гэта ў інтэрв'ю «Салідарнасці» распавёў кіраўнік праекта
Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.
— Ужо з'явілася інфармацыя, што з тэрыторыі Беларусі
выпушчаныя па ўкраінскай тэрыторыі некалькі балістычных ракет. Чым гэта можа адгукнуцца Беларусі?
— У выпадку, калі гэтая інфармацыя будзе прызнана
міжнароднай супольнасцю дакладнай, а хутчэй за ўсё так і будзе, Беларусь будзе
прызнана саўдзельнікам агрэсіі з усімі вынікаючымі наступствамі. І гэтыя
наступствы для нашай краіны будуць значна больш цяжкімі, чым для Расіі. Хаця б
проста ў сілу розніцы маштабаў краін, іх эканамічнай, фінансавай, тэхналагічнай
ўстойлівасці.
— А як будзе рэагаваць Захад на гэта? Здаецца, санкцыямі тут
ужо палохаць няма каго.
— У мяне складваецца ўражанне, што заходнія краіны,
дакладней эліты, чакаюць, пакуль Пуцін канчаткова ўгразне ва Украіне. Каб
паўтарылася гісторыя з Афганістанам для СССР.
Пагадзіцеся, даволі дзіўная заява, што саміт НАТА збярэцца ў анлайн-фармаце заўтра, з улікам таго, што адбываецца? І я да гэтага часу не
пачуў ніякай выразнай пазіцыі ЕС і ЗША на тое, што адбылося.
Тут нават пытанне не ў санкцыях, таму што эфект санкцый заўсёды
адкладзены. Мяне больш турбуе і здзіўляе адсутнасць нейкіх канкрэтных заяў аб
падтрымцы Украіны. Яшчэ да пачатку ўварвання Захад завіў аб аказанні фінансавай
дапамогі Кіеву, але гэта ў большасці сваёй крэдыты, а патрэбныя цяпер
беззваротныя грошы. Гэта відавочная патрэба, якую трэба закрываць, і я не бачу
рашэнняў на гэты конт.
Зыходзячы з гэтага, можна канстатаваць, што заходнія
палітыкі, або прынамсі лідзіруючая частка, цалкам задаволеная тым, што яны
бачаць.
— Гэта значыць, яны разлічваюць на працяглую вайну, у якой
Расія будзе абяскроўленая?
— У якой Расея спачатку зламае зубы, а потым падавіцца.
Менавіта так.
— Сёння Лукашэнка ўсяляк адхрышчваецца ад удзелу беларускіх
вайскоўцаў у аперацыі. Ці зможа ён наогул заставацца ў баку ад усяго гэтага,
як, відавочна, яму б хацелася?
— Не, не зможа. Так, ён адхрышчваецца ад факту ўдзелу
беларускіх вайскоўцаў, але нічога не сказаў з нагоды абвінавачванняў у
выкарыстанні беларускай тэрыторыі і паветранай прасторы для агрэсіўных дзеянняў
супраць Украіне. А гэта вельмі важнае пытанне.
Таму што, калі вы даеце базу для агрэсара, вы саўдзельнік
агрэсіі. Той, хто дае забойцы зброю забойства, — саўдзельнік забойства.
Тут сітуацыя абсалютна аналагічная. Увогуле зразумела, на
што разлічвае Аляксандр Рыгоравіч. Ён хоча паўтарыць свой поспех 2014 года і
дзейнічае шаблонна. Ён зыходзіць з таго, што вайна не працягнецца доўга: 3-4
дні — і баявыя дзеянні пачнуць згортвацца. А любая вайна заканчваецца
перамовамі. І тут, як казаў Астап Бэндэр, выходжу я, увесь у белым.
Лукашэнка ўжо сёння пазначыў: а давайце папярогаварваемся ў
Мінску. Гэта значыць, ён як бы гатовы выступіць пасярэднікам і арганізатарам
гэтых перамоваў.
Але праблема ў тым, што, па-першае, пасярэднік і арганізатар
павінны быць нейтральнымі ў адносінах да двух бок канфлікту, а Лукашэнка нават
на ўзроўні палітычнай рыторыкі заняў адназначную пазіцыю Масквы. Ужо таму ён не
можа лічыцца незацікаўленым.
Другое пытанне, што цяпер сітуацыя зусім іншая. Тады, у 2014
годзе, для Захаду гэта была такая вельмі незразумелая сітуацыя: што там у гэтай
Украіне адбываецца, дзе там гэты Крым, што там з Данбасам, і чым наогул расіяне адрозніваюцца ад украінцаў — можа, гэта ўнутрысямейныя разборкі?.. Зараз сітуацыя
абсалютна чорна-белая.
І ў гэтай чорна-белай сітуацыі, Лукашэнка хоча таго ці не,
яго ўжо Захад падпісаў у карысць аднаго з бакоў вайны, у карысць Расіі. Так што
паўтарыць старыя схемы наўрад ці атрымаецца.
— Вы наогул прагназуеце нейкія ваенныя дзеянні на тэрыторыі
Беларусі?
— Так. Калі гаворка ідзе аб удзеле ў вайне,
страляюць абодва бакі. Не бывае такога, што адны страляюць, а другія
спакойна на гэта глядзяць.
— Чым наогул гэта ўсё можа для нас скончыцца? Расіян ужо
ўспрымаюць, як агрэсараў, для іх закрываюць межы, анулююць візы, а што наконт
беларусаў? Камусьці там наогул важна, што наша ўлада нелегітымная і многія
беларусы не падтрымліваюць тое, што адбываецца?
— Цяпер усе занятыя больш глабальным пытаннем рэагавання і
выпрацоўкі агульнапалітычнай пазіцыі на дзеянні Расіі. Дзеянні Беларусі
знаходзяцца па-за фокусам увагі. Але трэба разумець, што па меры высвятлення
сітуацыі фокус пашырыцца, гэта значыць бліжэйшыя 48 гадзін стануць крытычнымі.
Калі Украіна выстаіць і калі будуць працягвацца баявыя дзеянні, палітычнае
кіраўніцтва будзе захоўваць кантроль за сітуацыяй, у фокус патрапіць і
Беларусь: «А, вось яшчэ і яны там пабывалі!»
І Беларусь будзе разглядацца ў якасці прыдатка Расіі, на
жаль. І, адпаведна, усе негатыўныя наступствы, якія прыляцяць для Расіі, удараць
па Беларусі. Прычым, як я ўжо казаў, значна мацней з-за большай уразлівасці
краіны.
— А ці не наступіў той самы момант, калі казаць аб
суверэнітэце нашай краіны ўжо позна? Многія адзначаюць, што Пуцін ужо нават не
пасвячае ў свае планы Лукашэнку: выкарыстоўвае нашы тэрыторыі без асаблівых
аглядак.
— Пуцін у прынцыпе нікога не пасвячае ў свае планы. А наконт нагоды выкарыстання тэрыторый... Расійскія войскі тут з'явіліся па
запрашэнні Лукашэнкі. Гэта ён быў ініцыятарам. Зразумела, што са сваімі мэтамі.
Напэўна, Лукашэнка разлічваў на іншы фармат, не той, які мы ўбачылі. Ён трапіў
у пэўную пастку, вядома.
Зараз чорна-белая сітуацыя. Ты не можаш быць і там, і там, альбо над сутычкай. Гэта не атрымаецца. Тым больш у сітуацыі Беларусі.
А з нагоды суверэнітэту... Вядома, гэта будзе абмежаваны
суверэнітэт з пункту гледжання несамастойнасці знешнепалітычнай лініі.
Гандляваць? Няма за што. Балет або дні культуры братняга «Зімбабвэ» — дзеля
бога! А вось сур'ёзныя пытанні, пытанні бяспекі, нейкай глабальнай палітыкі — гэта
па ўказцы з Масквы.
Мы цяпер у сітуацыі, у якой былі сацыялістычныя краіны часоў
Халоднай вайны. Толькі іх было шмат, а зараз Беларусь адна такая.
— Чым гэта для нас скончыцца па выніку?
— У любым выпадку тут ёсць два варыянты. Варыянт дрэнны і
варыянт яшчэ горш.
Варыянт дрэнны — гэта хуткае згортванне Расіяй агрэсіўных
дзеянняў супраць Украіны і пачатак нейкіх перамоваў. У любым выпадку будуць
уведзеныя санкцыі, у любым выпадку яны будуць закранаць Беларусь альбо
непасрэдна, таму што Беларусь будзе таксама прызнаная саўдзельніцай агрэсіі,
альбо апасродкавана праз негатыўныя з'явы ў расійскай эканоміцы. Беларусь будзе
толькі губляць.
Акрамя таго, мы страцім ўкраінскі рынак. Гэта для нас
экспартны рынак №2, на якім мы зарабляем грошы. Высокая верагоднасць, што мы
страцім значную частку еўрапейскага рынку. З Расіяй у нас устойліва адмоўнае
гандлёвае сальда, а вось з Еўропай і Украінай станоўчае. Гэта значыць, мы,
прадаючы тавары і паслугі на захад, закрываем свае патрэбы ў грошах для імпарту
расійскай сыравіны. Эканамічна гэты будзе вельмі сур'ёзны ўдар.
Калі сітуацыя зацягнецца, то высокая верагоднасць, што
Беларусь будзе непасрэдна ўцягнутая ў гэтыя баявыя дзеянні з усімі вынікаючымі
наступствамі ўжо для грамадзян Беларусі. Краіна будзе ваяваць.
Вайна — гэта заўсёды разбурэнні і смерць, і мы з гэтым
сутыкнемся. Гэта вельмі дрэнны варыянт. Але цяпер няма добрых варыянтаў.
У горшым варыянце мы апынемся прышпіленымі да пуцінскага рэжыму. А праблема ў тым, што гэта рэжым нават не ўчорашняга, а пазаўчарашняга дня, і ён вядзе Расію да заняпаду з пункту гледжання развіцця, тэхналагічнага, эканамічнага, якасці жыцця, якасці чалавечага патэнцыялу. І мы пакацімся туды разам з ім.