Еўрапейскі суд адмовіўся зняць санкцыі з «гаманца рэжыму» Вараб’я
Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі ў Люксембургу адмовіўся здымаць санкцыі з беларускага бізнесоўца Мікалая Вараб'я. Рашэнне было агучанае 8 лістапада, на гэта звярнуў увагу рэсурс Reform.by. Варабей цяпер яшчэ павінен аплаціць судовыя выдаткі.
ЕС увёў супраць яго санкцыі ў снежні 2020 года. У абгрунтаванні пастановы тады гаварылася, што Варабей з'яўляецца адным з вядучых бізнесоўцаў Беларусі з дзелавымі інтарэсамі ў нафтавым сектары, сектары транзіту вугалю, банкаўскім і іншых сектарах, а таксама з'яўляецца саўладальнікам кампаніі «Брэміна Груп», якая «карысталася падатковымі льготамі і іншымі формамі падтрымкі з боку беларускай адміністрацыі». Выходзіла, што Варабей «атрымлівае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае яго».
Варабей паспрабаваў аспрэчыць гэтае рашэнне. У сваім пазове ён заявіў, што аповед пра яго дзейнасць у розных сферах эканомікі і працы «Брэміна Груп» не даказвае, што ён атрымлівае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі ці падтрымлівае яго. Акрамя таго, яго дзейнасць у названых сферах апошнім часам скарацілася.
Суд не прыняў гэтыя аргументы. Ён вывучыў інфармацыю пра дзейнасць Вараб'я і прыйшоў да высновы, што «дзейнасць заяўніка ў нафтавай сферы, сферы транзіту вугалю і банкаўскай не скарацілася на дату прыняцця актаў, якія аспрэчваюцца». Кампанія Вараб'я супрацоўнічае з дзяржаўнымі прадпрыемствамі, як і «Брэміна-Орша».
«Гэтыя партнёрствы дазволілі прадпрыемствам заяўніка не толькі пашырыць маштабы сваёй дзейнасці ў нафтавай сферы, сферы транзіту вугалю, транспартнай і лагістычнай сферы, але і скарыстацца правам ажыццяўляць кантроль над транзітам вугалю ў Беларусі, у выпадку «БелКазТранс», а таксама правам на экспарт, у прыватнасці ва Украіну, нафтапрадуктаў нацыянальных нафтаперапрацоўчых заводаў «Нафтан» і мазырскага НПЗ у партнёрстве з «Беларускай нафтавай кампаніяй», у выпадку з «Новай нафтавай кампаніяй», — гаворыцца ў рашэнні суда.
Вараб'ю яшчэ нагадалі, што «Брэміна Груп» мае пэўныя
падатковыя перавагі ад дзяржавы. Варабей спрабаваў запярэчыць, што іншыя
кампаніі ў эканамічных зонах таксама маюць падатковыя льготы, але пазбеглі
санкцый. Суд не палічыў гэты аргумент пераканаўчым. Ён палічыў, што Варабей
па-ранейшаму мае магчымасць працаваць і здабываць выгаду дзякуючы блізкасці да
рэжыму Лукашэнкі.