Еўропа: выпрабаванне Беларуссю

Будучыня агульнай Еўропы сёння фармуецца ў Беларусі. Гэта не проста прыгожае і смелае сцверджанне, гэта пасланне, якое пасля чарговай і гэтым разам правальнай фальсіфікацыі выбараў Лукашэнкі разумеюць многія еўрапейскія палітыкі, многія еўрапейцы і еўрапейкі.

Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў


Нашыя еўразвязаўскія суседзі — летувісы, латышы, палякі перад усім разумеюць гэта, бо не зважаючы на пэўныя разыходжанні ў разуменні нашай агульнай гісторыі. Яны ведаюць, як ніхто, што цяперашні гвалт супраць беларусаў — гэта таксама гвалт супраць іх, ад якога яны адкараскаліся, бо крыху далей месцяцца геапалітычна ад Расіі. А Беларусь працягвае атрымліваць удары ад «брацкай» ці «сястрынскай» Расіі.
Нашыя блізкія еўразвязаўскія суседзі як ніколі разумеюць моцнае асучасненае пасланне «За вашу і нашу свабоду!». Адкладзены прагрэс Беларусі — гэта не проста «віна» мірных, спакойных, нябачных ці малаамбітных беларусаў, як часта прымітыўна тлумачаць спецыялісты на Захадзе ці Поўдні. Гэта таксама віна сучасных дэмакратый, еўразвязаўскіх перадусім, якія праз свае эканамічныя інтарэсы і культурнае русафільства ды слабую геаграфічна-лінгвістычную слепату сумысля саступаюць, аддаюць ці нават прадаюць беларускае пытанне расійскаму боку.
Не прэтэндуючы на патэтычныя ахвярнасць і геройства, варта тым не менш паўтарыць, што дэмакратычны прагрэс нашых суседзяў, гэта не толькі іх заслуга і старой Еўропы, якая зрэшты падтрымала іх, але і заслуга беларусаў, якія сталіся жывым плотам, буферам і прынялі на сябе першыя хвалі гвалтоўнасці папярэдніх аўтарытарных ды таталітарных расійска-савецкага рэжымаў. Безумоўна, нашыя балцкія суседкі перадусім самі здабылі свабоду і права вярнуцца ў Еўропу, але і мільённы беларускі, а яшчэ раней і ўкраінскі буфер паспрыяў гэтаму.
Еўразвязаўцы часцяком дрэнныя географы, гісторыкі, еўразвязаўцы часцяком манапалізуюць панятак Еўропы і распаўсюджваюць вузкае бачанне Еўропы-ЕЗ, маргіналізуючы пры гэтым панятак Еўропы ў традыцыйным гістарычным ды геаграфічным разуменні, апраўдваючы геапалітычныя падзелы ды зоны ўплыву ў Еўропе перадусім. Затое беларусы добра ведаюць не толькі геаграфію і гісторыю Еўропы, а яшчэ на сваёй скуры ды генным узроўні яны памятаюць іншыя геаграфію, гісторыю ды мову гвалту ад Беларусі аж да Сібіры, Казахстану і Далёкага Усходу. Гэта толькі падаецца, што памяць сцёртая ў беларусаў. Паглядзіце, што сталася з гістарычнай памяццю пасля 9 жніўня — краіна выбухнула, застракатала бел-чырвона-белымі сцягамі, колеры якіх стараліся і стараюцца ачарніць і забараніць. Памяць беларусаў аднаўляецца, хоць яна моцна схаваная ў калектыўнай траўме ад савецкага часу, з якой так ніколі публічна не працавалі ў краіне — траўму проста спрабавалі замарозіць. Да старой траўмы дадалася новая жнівеньская траўма, ад якой у многіх беларусаў ды беларусак з“явілася адчуванне, што яны жывуць з нечым не пракаўтнутым — яны не могуць пракаўтнуць крыўду ды гвалт не ад чужынскай, а ад сваёй жа ўлады.
Насамрэч, чарговая замарозка гэтай траўмы небяспечная не толькі для беларусаў, але для еўразвязаўскіх еўрапейцаў. Бо замарожваецца ў чарговы раз не толькі траўма беларусаў, але і невырашаныя праблемы будучыні Еўропы, звязаныя як з пашырэннем ЕЗ і разуменнем сваёй глабальнай місіі, так і з спрычыненасцю ці неспрычыненасцю ЕЗ да прынцыповай падтрымкі еўрапейскай дэмакратыі.
Такім парадкам, крыза еўрапейскай ідэі ў чарговы раз яскрава раскрылася на фоне беларускага пытання. І палягае яна не толькі ў эканамічных паразах некаторых урадаў, не толькі ў санітарнай крызе, выкліканай каронавірусам, не толькі ў бюракратычнай маруднасці Бруселя, не ў расісцкіх і ксенафобскіх страхах, якія беспадстаўна нагнятаюцца еўрапейскай скрайняй правіцай, а перадусім у пыхлівасці ЕЗ, асабліва старых дэмакратыяў ЕЗ і іх элітаў, у няведаньні простых грамадзянаў і зноў жа элітаў геаграфіі і гісторыі Еўропы, у недальнабачнасці еўразвязаўскай адукацыйнай і інфармацыйнай палітыкі, якія павадуюць няведанне сапраўдных межаў Еўропы, напрыклад, блытаніны Літвы з Латвіяй, Беларусі з Расіяй і г.д. ЕЗ папросту працягвае жыць паводле старых схемаў, правілаў і фантазмаў і хварэць на бюракратызм і настальгійную русафілію. Пагартайце еўрапейскую прэсу: па-нямецку, па-французску, па-славенску, па-дацку, як і на іншых мовах ЕЗ Беларусь усё яшчэ называюць на савецка-расійскі капыл — Weißrussland, Biélorussie, Hviderusland, Bielorusko і пад. Сімвалічна нічога не мяняецца, заходнія дэмакратыі не толькі не прымаюць новай назвы Belarus / Bélarus, называючы нас назвай, атрыманай у спадчыну ў савецкі каланіяльны перыяд, але беларускія імёны, прозвішчы збольшага дасюль транслітаруюць з расійскай мовы, цалкам ігнаруючы здаўна зацверджаныя славістамі нормы транслітарацыі на аснове беларускай мовы. У выніку амаль паўсюль у цяперашняй заходняй прэсе беларусы апісваюцца як расіяне: Lukaschenko, Lukashenko, Loukachenko замест слушнай формы Lukašenka; Tichanowskaja, Tikhanovskaya, Tikhanovskaïa замест слушнай формы Sviatlana Cichanoŭskaja; Olga Kovalkova, Olga Kowalkowa замест Volha Kavalkova і г.д. Падобная ж тэндэнцыя назіраецца ў падачы назваў геаграфічных — заходнікі працягваюць падаваць русацэнтрычныя назвы нашых месцаў ды азёраў. Гэтае сімвалічнае вымярэнне сведчыць таксама на карысць таго, што беларуская тэма малаважная ў вачох ЕЗ, на нас працягваюць глядзець праз расійскую і расійскамоўную прызму.
У беларускіх пратэстах не бачна еўрапейскіх сцягоў, кажуць многія еўразвязаўскія журналісты, але гэта зусім не азначае, што новая Беларусь не за Еўропу. Бо бел-чырвона-белы сцяг якраз і азначае еўрапейскі выбар, вяртанне Беларусі ў Еўропу. Беларусам не трэба даводзіць пра сваю еўрапейскасць — беларуская культура, мова, гісторыя — гэта і ёсць еўрапейская культура. Еўрапейскія сцягі з“явяцца пазней, калі размова пойдзе пра далучэнне да ЕЗ, а пакуль важна захаваць незалежнасць пад сцягам рэвалюцыі тоеснасці і годнасці. Як ні парадаксальна гучыць, але беларуска-еўрапейскі дыялог з нябачных, лакальных, нязначных раптам пераўтварыўся ў магістральны, значны, выпрабавальны для будучыні ўсёй Еўропы. Невядомая ўчора Беларусь сталася лакмусавай паперкай эфектыўнасці Еўропы, новым мерылам еўрапейскай інтэграцыі, будучыні.
Праўда, стрыманасць і раз’яднанасць урадаў ЕЗ рызыкуюць у чарговы раз адкінуць Беларусь у арбіту расійскага ўплыву, што ў хуткай будучыні можа стацца вялікім сімвалічным і структурным збоем усяго ЕЗ і еўрапейскай інтэграцыі.
Уладзіслаў Гарбацкі, Вільня