Ярмошына расказала, калі Лукашэнка вызначыцца з датай парламенцкіх выбараў

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Цэнтрвыбаркам прапанаваў правесці 17 лістапада 2019 года. Але афіцыйна дата выбараў да гэтага часу не прызначаная, піша «Еўрарадыё».

009_vybory_20160911_dsc2435.jpg

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў каментары Еўрарадыё прызнае, што часу на падрыхтоўку да выбараў застаецца не шмат, але раіць не хвалявацца.

Ярмошына: “Выбары аб’яўляюцца за тры месяцы да даты іх правядзення. Таму ёсць яшчэ час. Так, яго не шмат, але яго пакуль хапае. Калі казаць пра выбары 17 лістапада, то яны павінны быць аб’яўленыя да 17 жніўня. Маем яшчэ больш за месяц. Я думаю, што да канца ліпеня кіраўнік дзяржавы вызначыцца з датай выбараў і гэта стане вядома і грамадскасці, і нам усім”.

Тым, хто плануе браць удзел у выбарчай кампаніі ў якасці кандыдата ў дэпутаты, старшыня ЦВК раіць не чакаць афіцыйнага аб’яўлення даты парламенцкіх выбараў, а ўжо зараз заяўляць пра сябе і свае намеры ўсімі даступнымі метадамі.

Што да дзеючых дэпутатаў, то, па словах Ярмошынай, яны ў любым выпадку збяруцца на чарговую сесію 2 кастрычніка. І будуць працаваць да таго часу, пакуль не будуць прызнаныя паўнамоцтвы дэпутатаў наступнага склікання.

“У іх яшчэ паўнамоцтвы, думаю, будуць да снежня недзе”, — кажа Ярмошына.

euroradio.fm