Класкоўскі: «Пуцін і Лукашэнка задумалі гульню з агнём»

Палітычны аналітык — пра тое, ці магчымая вайна Расіі і Украіны.

reuters2.jpg


— Ні адзін эксперт не дасць галаву на адсячэнне, што не будзе гэтай вайны, таму што хмары згушчаюцца, і, калі ўвесь час чыркаць запалкамі каля бочкі з бензінам, вядома, у нейкі момант можа адбыцца выбух. Але пакуль тое, што робяць Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка, — гэта менавіта гульня з агнём, — адзначыў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» Аляксандр Класкоўскі.
На думку экспэрта, гэта гульня Пуціна, які хоча такім чынам «нахіліць Захад». Суразмоўца нагадвае, што ў адказ на ультыматум Масквы Паўночнаатлантычны альянс адмовіўся даваць гарантыі недалучэння Украіны.
— У выніку Пуцін карае Захад за гэтае свавольства, за нежаданне прытрымлівацца «хацелак» Крамля — і спрабуе такім чынам адпомсціць, гуляючы мускуламі вакол Украіны. Сумесныя расійска-беларускія вучэнні —частка гэтай гульні.
А для таго, каб перавесці стрэлкі, з вуснаў Лукашэнкі гучаць страшылкі, што «натаўцы» і ўкраінцы точаць зубы, гатовыя напасці і гэтак далей. Гэта ўсё не вытрымлівае крытыкі, таму што меры па ўзмацненні прысутнасці NATO ў краінах Балтыі былі распрацаваны адразу пасля расійскай агрэсіі супраць Украіны ў 2014 годзе.
Калі казаць пра палякаў і ўкраінцаў, яны падцягнулі параўнальна невялікія сілы да мяжы ў рамках рэагавання на міграцыйны крызіс, які, як яны перакананыя, якраз беларускі рэжым і стварыў.
Лукашэнка ў канспіралагічным духу гаворыць пра спецаперацыю «Палессе», якую нібыта невядома чаму ўкраінцы разгарнулі. Па-першае, гэта спецаперацыя супраць нелегалаў, яна была звязана з міграцыйным крызісам.
Па-другое, сярод дзесяці тысяч людзей у пагонах, якія прыцягнутыя да аперацыі, у асноўным, памежнікі. Гэта не тыя сілы, якімі вядуць франтавыя дзеянні і нападаюць на суседнюю краіну.
Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што страшылкі патрэбныя для таго, каб апраўдаць гульню мускуламі.
— Для Лукашэнкі яшчэ выгада ў тым, каб даказаць сваю карыснасць Крамлю, каб яго ў плечы не штурхалі з транзітам улады, далі фінансавыя і эканамічныя прэферэнцыі. Плюс гэта праца на ўнутраную аўдыторыю, перавод фокусу.
Няхай людзі гавораць пра вайну, а не пра фальсіфікацыю выбараў, пра рэпрэсіі, пра тое, што амаль тысяча палітвязняў, што рэферэндум, мякка кажучы, вельмі сумнеўны.
Для беларусаў, як вядома, галоўнае — «абы не было вайны». Гэта глыбока сядзіць у нацыянальнай свядомасці. На гэтых рэчах цяпер ідзе гульня.
Гэта спекуляцыя, гэта шмат у чым інфармацыйна-псіхалагічная аперацыя, якая накіравана на тое, каб псіхалагічна здушыць і напалохаць Захад. І дакладна так уздзейнічаць на масавую свядомасць беларусаў, каб яны думалі не пра тое, што трэба мяняць рэжым, а пра тое, каб не было вайны.
Палітычны аналітык падкрэслівае: вайна не патрэбная ні палякам, ні ўкраінцам, ні прыбалтам, ні амерыканцам. Аляксандр Класкоўскі нагадаў, што ў пачатку 2020 года ў Мінск прылятаў дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа.
— Яны ледзь не браталіся з Лукашэнкам. Пампеа абяцаў забяспечыць нафтай ва ўмовах тагачаснай нафтавай вайны з Расіяй. Некалькі танкераў перагналі праз акіян. А яшчэ Пампеа абяцаў усяляк падтрымліваць беларускую незалежнасць.
Калі гэта такія праклятыя агрэсіўныя імперыялісты, чаму яны танкеры з нафтай пасылалі і гатовыя былі падставіць плячо ў адну хвіліну? Нелагічна, мякка кажучы.
Усё змянілася пасля выбараў 2020 года, якія беларуская ўлада правяла так, што мільёны людзей палічылі, што іх галасы скралі. Потым хваля жорсткіх рэпрэсій. Вось што выклікала змяненне пазіцыі Захаду і Штатаў, у прыватнасці.
Але цяпер усё гэта перакручваецца і падаецца ў найгоршых традыцыях савецкай прапаганды.
— Ці можа Лукашэнка справакаваць канфлікт, які прывядзе да таго, што пачнецца вайна?
— Гэта можа быць ненаўмысна. Дастаткова, каб падчас гэтых вучэнняў якая-небудзь гаўбіца стрэліла на ўкраінскую тэрыторыю. Невядома, што можа пачацца. Ваенныя гульні небяспечныя тым, што могуць перарасці ў сапраўдную вайну, нават супраць волі тых, хто гэтыя гульні ладзіць.
Мне здаецца, што, па вялікім рахунку, ні Пуцін, ні Лукашэнка ваяваць не збіраюцца. Яны разлічваюць узяць «на слабо». У іх уяўленні Захад — гэта слабыя гнілыя палітыкі, у якіх няма пэўных мужчынскіх вартасцей, таму яны здрыгануцца і адступяць.
Пуцін прывык браць нахрапам, Лукашэнка таксама — гэта яго стыль. Падчас канфлікту, канфрантацыі ён адчувае сябе як рыба ў вадзе.
Я думаю, што і Пуцін, і Лукашэнка разумеюць: калі пачнецца рэальная гарачая вайна, гэта можа абярнуцца сур'ёзнымі наступствамі і для іх улады.
Проста так ва Украіну не ўварвешся, гэта не 2014 год, калі ў іх было разваленае войска і не было волі ваяваць. Цяпер расійскія войскі проста захлынуцца ў крыві, калі сунуцца на ўкраінскую тэрыторыю.
Калі пойдуць цынкавыя труны, у тым ліку ў Беларусь, думаю, што ў грамадстве, нават сярод «ябацек», ніякіх захапленняў не будзе. І гэта можа прывесці да ўнутранага крызісу — такога, што рэжым атрымае прабоіну паболей, чым у 2020-м годзе.
Лукашэнка гэта разумее, але ў яго няшмат варыянтаў выбару. Цяпер у яго адзіны варыянт умацаваць сваю ўладу — ісці ў фарватары Пуціна, паказваць Крамлю, што ён патрэбны і незаменны, маўляў, ніякіх транзітаў улады не выдумляйце, таму што калі яе я, то «натаўцы» будуць стаяць пад Смаленскам і ракеты будуць на Крэмль нацэленыя.
Таму ён стараецца і бяжыць наперадзе паравоза падчас чарговай канфрантацыі з Захадам.