Меркаванне: «У пагоні за міжнародным прызнаннем Макей сам падкрэсліў уласную таксічнасць»

Дык ці былі таямнічыя сустрэчы кіраўніка беларускага МЗС з заходнімі калегамі і чаму палітыкі пасаромеліся пра гэта гаварыць? На гэты конт разважае нямецкі гісторык і палітолаг Аляксандр Фрыдман.

Уладзімір Макей і міністарка замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ

Уладзімір Макей і міністарка замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ


Нагадаем, міністр замежных спраў Уладзімір Макей па выніках пасяджэння Савета міністраў замежных спраў АБСЕ ў Стакгольме распавёў пра нейкія міжнародныя сустрэчы, якія ў яго адбыліся. Аднак пра іх, паводле яго слоў, замежныя калегі прасілі не расказваць.
— Большая палова сустрэч прайшла за зачыненымі дзвярыма, і пра іх мы не паведамлялі, таму што калегі папрасілі, каб яны заставаліся, скажам, канфідэнцыйнымі. Такая дэмакратыя ў іх разуменні, такая свабода выказвання меркавання ў іх разуменні, калі асцерагаюцца сустрэч праз тое, што будуць падвергнутыя астракізму ў сваіх сродках масавай інфармацыі і ў сваім грамадскім меркаванні, — распавёў міністр у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1».
Словы Уладзіміра Макея ў многіх выклікалі здзіўленне. Аналітыкі задаюцца пытаннем: а ці былі гэтыя сустрэчы, і калі і былі, то ці варта было кіраўніку МЗС пра гэта расказваць?
У пагоні за міжнародным прызнаннем Макей сам падкрэсліў уласную таксічнасць: калі яго версія адпавядае рэчаіснасці, то заходнія міністры лічаць публічныя сустрэчы і поціскі рукі з Макеем ганебнымі, — адзначае нямецкі гісторык і палітолаг Аляксандр Фрыдман.
— І ўсё ж такі застаюцца пытанні: Барэль не пасаромеўся патэлефанаваць Макею, міністры замежных спраў Чавушаглу (Турцыя), Байрамаў (Азербайджан) і Сіятра (Венгрыя) рызыкнулі сустрэцца з ім, а вось іх таямнічыя заходнія калегі спалохаліся агалоскі, але пры гэтым паверылі абяцанням Макея аб захаванні прыватнасці?
І гэта пры тым, што ведамства Макея, а асабліва яго шэф Лукашэнка, даўно забыліся пра любыя дыпламатычныя прыстойнасці? А свабодная прэса, якая на Захадзе ўважліва адсочвае дзейнасць высокапастаўленых чыноўнікаў і напэўна б разведала пра такія сустрэчы? Пра яе існаванне Уладзімір Макей, які звыкся працаваць ва ўмовах дыктатуры і лёкайскіх СМІ, відавочна не здагадваецца, — заключае аналітык.
Паводле «Салідарнасці».