Пётр Кузняцоў пра словы Макея: Выказванні, якія трэба чытаць роўна наадварот

Заснавальнік «Моцных навін» паразважаў наконт тэзаў Уладзіміра Макея аб рызыках страты дзяржаўнасці ў выпадку ўзрастання санкцыйнага ціску.

06_kuznetsov.jpeg

— Тэма дня — відавочна, выказванне Макея аб тым, што калі ЕС не спыніць санкцыі, то гэта прывядзе да страты дзяржаўнасці Беларусі, — пішаПётр Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале. — Мне, вядома, цяжка ўтрымацца і не адзначыць, наколькі гэты пасаж наўпрост пацвярджае ўсё, сказанае мною ў папярэднім пасце ў фармаце «шматлітар» — галоўным чынам тое, што ўсе «пасы» ў бок Расіі з нагоды ядзернай зброі, Крыма, Украіны і інтэграцыі — гэта не «капітулявалі» і «Крэмль даціснуў», гэта якраз шантаж Еўропы: размаўляеце з намі, ці мы зробім вось так. І робіцца гэта не для таго, каб «легчы пад Расію», а як раз наадварот: каб, схіліўшы ЕС да дыялогу, атрымаць прастору для манеўру, каб ад Крамля і яго сцэнарыяў ухіліцца.

Гэта такое «рабі са мной што хочаш, толькі не кідай у цярновы куст», — выказванні, якія трэба чытаць роўна наадварот.

І Макей сёння прамовіў гэта адкрытым тэкстам.

Дзяржаўнасць, калі ёй размахваць як рэальным (і, магчыма, апошнім) аргументам, — гэта сур'ёзна. Асабліва калі ўспомніць, што «дзяржавай» яны называюць выключна сябе і маюць на ўвазе пад ёй выключна сваю ўладу.

Таму, нягледзячы на ўсю сур'ёзнасць аргументу, шанцаў на тое, што ён будзе пачуты, думаю, вельмі і вельмі мала, гэта значыць, прыкладна нуль.

Праблема ж у тым, што ў Еўропе (ды і не толькі) пад дзяржавай разумеюць якую-ніякую, а сістэму інстытутаў, асновай дзейнасці якой з'яўляецца, як гэта ні дзіўна можа прагучаць, такая непатрэбная ў Беларусі штука, як Закон.

Тэрыторыя, над якой садзяць самалёты і з якой адпраўляюць суседзям полчышчы мігрантаў, паралельна слепячы памежнікаў, якія абараняюць мяжу (гэта значыць, выконваюць закон) лазерам — гэта ў еўрапейскім разуменні не зусім, каб ужо дзяржава, хутчэй — нейкі анклаў (беззаконня). І калі нават звышпрагматычны еўрапейскі бюракрат глядзіць на свет выключна праз прызму сваіх інтарэсаў, а на ўсякія там правы чалавека і свабоду слова яму і напляваць з высокай званіцы, то нават для такога палітыка сэнс і каштоўнасць Беларусі і ўлады ў ёй былі толькі да моманту, пакуль на яе можна было глядзець, як на буфер бяспекі паміж ЕС і Расіяй.

Але ў сённяшняй сітуацыі гэта ўжо нават у сэнсе real politics ніякі не буфер, а наадварот — крыніца дадатковых рызык і выдаткаў. Вось у ЕС ёсць свой участак судотыку з Расіяй — Калінінградская вобласць. Там такой вакханаліі не адбываецца, — падумае еўрапейскі бюракрат і будзе мець рацыю.

Не хачу здацца занудным, але нешта падказвае, што ў бягучым статус-кво нават гандаль такім сур'ёзным лотам, як «дзяржаўнасць», шанцаў на поспех не мае. Таму што без законнасці гэта паняцце — пусты гук.

І калі нават у рэжыма захоўваецца нейкая, хай тэарэтычная, магчымасць пераканаць Захад, што з Мінскам трэба мець справу проста па факце, таму што іншай улады ўсё роўна няма, а рашэнні прымае гэтая, то пачынаць трэба з вяртання ў краіну законнасці — як галоўнага індыкатара наяўнасці свядомасці «партнёра».

Бо на што здольныя ў рэжыме «не да законаў», ужо добра паказалі, усіх уразілі, усе ацанілі і мець далей з такой уладай справу... Ну, не вельмі ахвота.