МЗС Беларусі пагражае адказаць на санкцыі
МЗС Беларусі 3 снежня выступіў з заявай з нагоды санкцый, прыняты ў дачыненні да некаторых беларускіх прадпрыемстваў і грамадзян Канадай, Вялікабрытаніяй і ЗША.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі называюць прынятыя абмежаванні «марнымі намаганнямі паставіць на калені непажаданыя краіны і народы», а кіраўніцтва краін, якія прынялі санкцыі, «ваяўнічымі дэмакратызатарамі».
«Спехам згатаваныя апалагетамі санкцыйнай палітыкі псеўдааргументы пра "падрыў міру і бяспекі ў Еўропе" — і тым больш пра "эксплуатацыі ўразлівых мігрантаў" — абсалютна негрунтоўныя. Відавочна, што ў падрыве бяспекі і міграцыйным крызісе вінаватая не Беларусь, а якраз заходнія дзяржавы, якія разбурылі мір і ўклад жыцця ў краінах – крыніцах міграцыі. Прычым асноўны паток бежанцаў і мігрантаў ідзе ў Еўропу зусім не праз Беларусь. І нашы заходнія партнёры гэта выдатна ведаюць, але лічаць за лепшае не слухаць і не чуць ніякіх аргументаў», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні ведамства.
У Міністэрстве замежных спраў паведамляюць, што ў Беларусі прымуць меры ў адказ, і адзіным выйсцем з сітуацыі бачаць «раўнапраўны дыялог з Захадам і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва».
Нагадаем, 2 снежня Канада пашырыла санкцыі на 7 прадпрыемстваў і 24 чалавекі, у ЗША дадалі ў спіс 12 прадпрыемстваў і 20 чалавек, санкцыйны спіс Вялікабрытаніі папоўніла адно прадпрыемства і 8 чалавек.
Паводле reform.by