Міліцыя не змагла знайсці чалавека, які напаў на пікет Губарэвіча

Ва ўзбуджэнні справы па факце нападу на ўдзельніка пікету па збору подпісаў за першага намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча адмоўлена.

preview_7.jpg

Напад на пікет, ля якога сядзеў сябра Рады Руху "За Свабоду" Зміцер Трацяк, быў здзейснены ў ліпені. Па словах Трацяка, нападнік абрэзаў сцяг, калі ён запісваў дадзеныя жанчыны, і збег.

«Следчыя пайшлі ў бліжэйшую краму і знайшлі па адзенню на фота, што я зрабіў, яго на відэа з камераў назірання, — патлумачыў зборшчык подпісаў. — Паказаў мне: „Гэты?“ „Гэты“, — кажу. Бабке паказаў, якая была сведкай, яна таксама пацвердзіла».

«Пад час правядзення праверкі былі выяўленыя сведкі дадзенага здарэння, якія пры апытанні пацвердзілі, што бачылі, як ўказаны мужчына, падыйшоўшы да сцяга, адарваў частку палатна. Адна з апытаных сведкаў патлумачыла, што бачыла, як мужчына пры пашкоджанні сцяга карыстаўся нейкім прадметам, але што гэта быў за прадмет, яна не бачыла. Прынятымі мерамі вышуку знайсці асобу, якая мае адносіны да пашкоджання сцяга, не выпадала магчымым», — сказана ў пастанове за подпісамі лейтэнанта Багаяўленскага і кіраўніка Першамайскага РУВД падпалкоўніка Гадуна.

13882079_1217098064989390_6274969544177297014_n.jpg

Акрамя таго, міліцыя спецыяльна шукала кошт бел-чырвона-белага сцяга ў інтэрнэце, і там дасягнула найвялікшага поспеху ў гэтай справе: дазналася, што ён каштуе не болей за 40 рублёў, а значыцца за яго пашкоджанне таксама немагчыма ўзбудзіць крымінальную справу.

«У дзеяннях невядомай асобы адсутнічае склад злачынства, які прадугледжаны арт. 218 КК РБ, бо сума ўрону складае меней за 40 базавых велічыняў. Таксама адсутнічае склад злачынства, які прадугледжаны арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь, бо апошні сваімі дзеяннямі грамадскі парадак груба не парушаў», — лічаць аўтары пастановы.

Дакумент датуецца 5 жніўня, але быў дастаўлены па адрасе толькі 14 верасня: для перадольвання некалькіх вуліцаў Мінска яму спатрэбілася амаль 40 дзён (хаця ў дакуменце было напісана «даставіць за 24 гадзіны пракурору Першамайскага раёну і заяўніку»). У паштовую скрыню яго кінуў невядомы, дакумент не быў ў каперце.

«Міліцыя адмыслова дацягнула да завяршэння выбараў і дала адмову па ўзбуджэнню справы, каб яна мела найменшы рэзананс. Такія падыходы пакрываюць дзеянні злачынцаў», — пракаментаваў адмову ва ўзбуджэнні справы Юрась Губарэвіч.

Ён таксама лічыць тлумачэнне са сцягам абуральным. «Без выкарыстання вострага прадмета такім чынам парваць сцяг немагчыма. Міліцыя пакрывае грамадска-небяспечныя дзеянні», — дадаў былы кандыдат у дэпутаты.

Губарэвіч нагадаў, што міліцыя заявіла пра тое, што апазнала чалавека, які здзейсніў напад ужо ў першы дзень, а потым нешта пайшло не так.

Матэрыял па другім нападзе, які адбыўся 10 ліпеня, перададзены ў пракуратуру і будзе перададзены ў суд.

Паводле pyx.by