У Нароўлі чыноўніца на аўто збіла журналіста-фрылансера
Журналіст-фрылансер Аляксей Атрошчанка паведаміў, што 15 верасня яго ў Нароўлі збіў аўтамабіль, якім кіравала супрацоўніца мясцовага райвыканкама. Ад удару пацярпелы ўпаў на капот аўтамабіля і атрымаў нязначныя траўмы.
«Мы сёння ў Нароўлі з калегам Канстанцінам Жукоўскім здымалі відэа па просьбе мясцовых жыхароў аб цяжкім сацыяльна-эканамічным становішчы райцэнтра. Чыноўнікі мясцовага райвыканкама ездзілі ўвесь час за намі, сачылі, што мы робім, і здымалі нас на відэа. Каля будынку Нараўлянскага РАУС мы задалі ім пытанне: навошта вы нас здымаеце? Жанчына-кіроўца рэзка дала па газах і збіла мяне, я апынуўся на капоце яе аўтамабіля», — заявіў Атрошчанка.
Паводле яго слоў, спачатку аўтамабіль з'ехаў, але цяпер з удзелам выкліканых супрацоўнікаў ДАІ і міліцыі ўсё ж адбываецца разбіральніцтва.
«Нас запрасілі прайсці ў мясцовы РАУС. На месцы яны разбірацца адмовіліся», — паведаміў журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі.
Паводле naviny.by