NATO: вынік вайны Расіі з Украінай будзе вырашацца на полі бою

Намеснік генеральнага сакратара NATO Мірча Джаанэ пра барацьбу за доступ да Чорнага мора паміж Расіяй і Украінай і магчымыя варыянты развязкі сітуацыі.

94e363cf98cd0ea5cceffc620ffcc680_1.webp


Жорсткія баі працягваюцца на Данбасе, дзе вядзе інтэнсіўны абстрэл расійская артылерыя, і ў раёне Херсона, дзе ўкраінская армія спрабуе перайсці ў контрнаступленне. На дадзеным этапе вайна ідзе за доступ да Чорнага мора. Па ўказанні прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага фармуецца і абсталёўваецца заходняй зброяй мільённая армія з задачай узяць пад кантроль паўднёвыя рэгіёны краіны. Намеснік генеральнага сакратара NATO Мірча Джаанэрасказаў тэлеканалу «Euronews» пра чарнаморскія стратэгіі Кіева і Масквы.
«Верагодна, мэта і вынік вайны будуць вырашацца на полі бою. Палітычныя ўмовы паміж двума бакамі сёння занадта далёкія адно ад аднаго, каб мы маглі бачыць магчымасць дыпламатычнага рашэння. Так што, на жаль, пакуль — больш вайны і больш разбурэнняў. Мы спадзяёмся, што ў пэўны момант будуць створаныя ўмовы для вызначэння палітычнага рашэння».
Адказваючы на пытанне пра тое, ці з'яўляецца прыкметай блізкага канца вайны адваяванне Украінай вострава Змяіны, намеснік генсека NATO адзначыў, што гэта «добрая прыкмета»:
«Мы ведалі, што ўкраінцы вельмі імкнуліся вярнуць сабе востраў Змяіны і атрымаць важную стратэгічную перавагу. Гэта таксама вельмі важна для ўсяго Чорнага мора. Змяіны знаходзіцца ўсяго ў 40 кіламетрах ад румынскага порта Канстанца і вусця Дуная. Той факт, што Расія была вымушаная пакінуць востраў з-за масіраваных і зацятых нападаў Украіны, — гэта вельмі добрая прыкмета. Гэтая тактычная перамога умацоўвае маральны дух украінцаў. Гэта значыць многае. І, вядома, гэта важна для навігацыі, для свабоды суднаходства ў Чорным моры».
Нагадаем, востраў Змяіны стаў вядомым дзякуючы сваім абаронцам, якія ў першыя дні расійскай агрэсіі самааддана адбівалі атакі ворага. Калі камандаванне расійскага крэйсера, які бамбіў востраў, патрабавала капітуляцыі, абаронцы далі адказ, які стаў легендарным ва ўсім свеце — цяпер гэта сімвал украінскага супраціву расіянам. Украінская пошта прысвяціла памятную марку абаронцам вострава.