Навошта ўлады распачалі антыпольскую кампанію
Міжнацыянальны мір — гэта яшчэ адна ахвяра дзеля ўтрымання ўлады, даводзіць палітычны аналітык Валер Карбалевіч у сваім тэлеграме.
Канфлікт беларускіх улад з незарэгістраваным Саюзам палякаў Беларусі (СПБ) цягнецца з 2005 года, то заціхаючы, то ўспыхваючы з новай сілай. У пэўным сэнсе СПБ стаў закладнікам беларуска-польскіх адносін. Не раз афіцыйны Мінск, каб націснуць на Варшаву, пачынаў рэпрэсіі супраць гэтага саюза.
Аднак цяпер «наезд» на СПБ носіць значна больш сур’ёзны характар. Крымінальная справа распачата паводле «цяжкага» артыкула. Адначасова ўдар наносіцца не толькі па СПБ, але і ўскосным чынам па польскай адукацыі, якая ладзіцца пад «дахам» гэтага саюза.
Прычым уся кампанія супраць Польшчы і СПБ разгортваецца відавочна штучна. Прадстаўнікоў Саюза палякаў Беларусі вінавацяць у тым, што незаконныя дзеянні яны ажыццяўляюць з 2018 года. Атрымліваецца, што тры гады гэтага не заўважалі? Ці вось абвінавачанне ў «рэабілітацыі нацызму» структур (Армія Краёва), якія ўсю вайну ваявалі з нацыстамі.
У заяве Генпракуратуры СПБ абвінавачваецца, сярод іншага, і ва ўганараванні «антысавецкіх бандфармаванняў», якія здзяйснялі забойствы беларускага насельніцтва. Сама тэрміналогія наводзіць на думку, што дасюль у Беларусі антысаветызм — гэта крамола, за якую варта пераследаваць.
Узнікае натуральнае пытанне: навошта гэта робіцца?
Думаю, тут улады імкнуцца рэалізаваць некалькі мэт. Найперш, патрэбны пастаянны вонкавы вораг. Польшча пасуе для гэтага найбольш. Тут можна абудзіць гістарычныя комплексы. З тэрыторыі Польшчы вяшчае «Белсат», адмініструюцца тэлеграм-каналы, адзін з якіх стварыў фільм «Залатое дно».
Таксама можна меркаваць, што ў працэсе зачысткі ўсёй інфраструктуры грамадзянскай супольнасці, якая адбываецца апошнімі месяцамі, дайшла чарга і да СПБ. Тым больш, што гэтаму саюзу дапамагае Польшча. А ў Беларусі пражывае каля 400 тысяч палякаў. Існуюць асцярогі ўлад, што СПБ можа ўзначаліць такую сілу і павесці яе на штурм рэжыму. Рэальнасць і ўяўленне пра рэальнасць — розныя рэчы.
Акрамя таго, дзейнічае логіка эвалюцыі гэтага рэжыму. Дзеля ўзмацнення жорсткасці, пашырэння рэпрэсій павінна быць ідэалагічнае абгрунтаванне. Патрэбны зразумелы ўнутраны вораг, якога можна лёгка пазначыць. Тых, каго Лукашэнка называе «пратэстунамі», неяк цяжка ідэнтыфікаваць, гэта нейкая абстракцыя. А вось выставіць у такой ролі палякаў падаецца ўдалым варыянтам. Тым больш, што за імі стаіць Варшава, якая праводзіць выразна антылукашэнкаўскую палітыку.
А глеба для гэтага падрыхтаваная. Антыпольская кампанія пачалася ў Беларусі адразу пасля выбараў 9 жніўня мінулага года. Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў намерах пачаць вайну і далучыць Гродзенскую вобласць. Планаванае на 17 верасня новае свята — Дзень народнага адзінства — таксама мае выразна антыпольскі характар. Мяркую, што гісторыя вакол былога кіраўніка касцёла на Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча — з таго ж шэрагу.
Тут цікава вось што яшчэ. Лукашэнка цягам 26 гадоў не раз хваліўся, што ў Беларусі, адрозна ад іншых краін, няма міжнацыянальных і міжрэлігійных канфліктаў. І выдаваў гэта за сваю заслугу. Цяпер жа, выглядае, ён гатовы ахвяраваць гэтым дасягненнем. Міжнацыянальны мір — гэта яшчэ адна ахвяра дзеля ўтрымання ўлады.
Усё гэта можа мець негатыўныя міжнародныя наступствы. Рэпрэсіі супраць СПБ, якія ў Польшчы разглядаюць як рэпрэсіі супраць беларускіх палякаў, ужо выклікалі жорсткую рэакцыю Варшавы. Калі беларуска-польскі дыпламатычны канфлікт пойдзе па шляху эскалацыі (закрыццё амбасад), то ў падтрымку Польшчы выступіць ЕС. Так бывала ўжо ў мінулым. Пераслед нацыянальных меншасцей (як і журналістаў, праваабаронцаў) — гэта, з гледзішча еўрапейскіх каштоўнасцей, пераход пэўнай мяжы. Згаданыя дзеянні беларускіх улад выглядаюць як штучнае спальванне мастоў. У такім выпадку новы пакет эканамічных санкцый ЕС (прычым мацнейшых, чым раней) будзе гарантаваны.
Афіцыйны Мінск распачаў небяспечную гульню, выйграць у якой у яго шанцаў няшмат.