Польшча бестэрмінова забароніць уезд аднаму з беларускіх суддзяў

Польшча бестэрмінова забароніць уезд аднаму з беларускіх суддзяў, які 24 сакавіка адправіў на 15 сутак за краты старшыню непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Борыс, паведамляе «Еўрарадыё».

 Фота TUT.by

 Фота TUT.by


Пра гэта заявіў кіраўнік канцылярыі прэм'ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык. Рашэнне мусіць быць прынята 26 сакавіка.

Вядома, што 24 сакавіка Борыс судзіў у Гродне суддзя Руслан Гурын. Пазней у дачыненні яе распачалі крымінальную справу. Артыкул — «Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб» (ч. 3 арт. 130 КК).

Дворчык таксама заявіў, што кожны беларускі чыноўнік і кожны, хто ўдзельнічае ў рэпрэсіях супраць польскай меншасці ў Беларусі, «адчуе наступствы» сваіх дзеянняў.

«На гэты момант мы рыхтуем план дзеянняў, накіраваных на дапамогу пацярпелым, — кажа кіраўнік канцылярыі прэм'ер-міністра Польшчы. — Мы таксама разлічваем на салідарнасць нашых еўрапейскіх партнёраў».