Небяспечная гісторыя

Яшчэ нядаўна Аляксандр Лукашэнка казаў пра недапушчальнасць прыватызацыі перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў прыватнасці і скажэння гісторыі ў цэлым. І вось не вельмі прыемны падарунак да свята зрабіў беларускаму калегу Уладзімір Пуцін.

p6218886_logo_1.jpg

Згодна яго ўказу, 6-ы танкавы полк расійскай арміі атрымаў ганаровае найменне «гвардзейскі Львоўскі», 68-ы танкавы полк — «гвардзейскі Жытомірска-Берлінскі», а 163-ы танкавы полк — «гвардзейскі Нежынскі». Яшчэ тры часткі атрымалі назвы гарадоў Беларусі: 90-я гвардзейская танкавая Віцебска-Наўгародская дывізія — Віцебска, 856-ы гвардзейскі самаходны артылерыйскі Кобрынскі полк — Кобрына і 102-і мотастралковы слонімскага-памеранскі полк — Слоніма.

Афіцыйна назвы ўкраінскіх і беларускіх гарадоў былі ўключаныя ў ганаровыя найменні частак у памяць пра іх удзел у вызваленні гэтых гарадоў падчас Вялікай Айчыннай вайны. А неафіцыйна расцаніць гэта можна, як «поўху» Аляксандру Рыгоравічу. Маўляў, колькі ты ні кажы пра «савецкі народ», але «прыватызацыя гісторыі» ідзе і ісці будзе.

Прычым, украінскі Генштаб з гэтай нагоды выказаўся адназначна: гэта «агучванне прэтэнзій на землі іншых народаў» і «крадзеж чужой гісторыі і славы». Беларускія афіцыйныя асобы маўчаць.

Можна падумаць, што гэта нязначны інцыдэнт у двухбаковых адносінах. Ну, будуць насіць расійскія вайсковыя часткі назовы беларускіх гарадоў — і што? А насамрэч, «прыватызацыя гісторыі» — рэч вельмі небяспечная. Сёння Віцебск — у назве вайсковай часткі іншай краіны, а заўтра горад назавуць расійскім…

Насамрэч, гэта больш глабальнае пытанне, якое тычыцца, найперш, нас. Праводзіць падобныя «пературбацыі» дазваляюць беларускія ўлады сваім не тое што абыякавым — зняважлівым стаўленнем да гісторыі. А гісторыя — рэч складаная. Калі мы ад яе адмаўляемся, яна непазбежна стане часткай гісторыі іншай краіны. І будзе працаваць ужо супраць нас.

Падавалася б, нельга казаць пра нашу «адмову». Вось, напрыклад, адкрылі шматпакутны мемарыял у Трасцянцы, аж з удзелам прэзідэнта Германіі Штайнмаера і прэзідэнта Аўстрыі Ван дэр Белена. Але гісторыя — гэта як чалавечае жыццё, якое не можа складацца толькі з перамогаў і шчаслівых момантаў. Гэта і боль, і няшчасці, і пакуты, і расчараванні...

Дзеля ўрачыстага адкрыцця ў тым жа Трасцянцы знеслі крыж у памяць ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, забітага там нацыстамі ў 1942 годзе. А разам з ім — яшчэ два: у памяць ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў, расстраляных тут жа ў чэрвені 1941 года. З аднаго боку — гісторыю «шануем», адкрываем мемарыял, з іншага — прыбіраем і забываемся на «непрыемныя моманты».

Супрацьстаянне ў Курапатах вакол рэстарацыі «Паедзем, паядзім» таксама яскрава характарызуе дзяржаўнае стаўленне да гісторыі. Не ў тым, што дзяржаўныя органы дазволілі там будаўніцтва, вылучылі зямлю, зменшылі ахоўныя зоны і гэтак далей, а грамадства ўсяму гэтаму супрацьстаіць. А ў тым, што пакуль неабыякавыя грамадзяне заклапочаныя Курапатамі, тая ж дзяржава пачала «рэарганізацыю» Вайсковых могілак у Мінску. У выніку чаго можа знікнуць тая гісторыя, якую на афіцыйным узроўні нібыта шануюць, і нават ставяць у пачатак беларускай незалежнасці.

Знос пахаванняў на Вайсковых могілках атрымаў менш рэзанансу. Па-першае, з-за таго, што ўвага грамадскасці прыкутая да Курапатаў. А па-другое, з-за таго ж абыякавага стаўлення да гісторыі.

Зразумела, чаму так званыя «нацыяналісты» заклапаціліся Курапатамі — гэта для іх святое месца. А вось наконт Вайсковых могілак нешта я не чуў абурэння камуністаў. Між тым, як высветлілася, у Мінску 1–3 ліпеня праходзіў пленум Цэнтральнага савета Саюза камуністычных партый — Камуністычнай партыі Савецкага Саюза (СКП-КПСС). На мерапрыемства з’ехаліся такія зоркі, як расійскі Зюганаў, украінскі Сіманенка, быў лідар беларускіх камуністаў Карпенка, які адначасова ёсць міністрам адукацыі, іх прывітаў і Лукашэнка… Але хто-небудзь з гэтых выбітных асобаў заклапаціўся тым, што адбываецца на Вайсковых могілках?

Не. Яны заклапочаныя «фашызмам, які нарадзіўся ў Еўропе і пагражае свету ва Украіне» (з прамовы журналістам Зюганава). Як гэта нагадвае стары анекдот: «ЗША ўмешваюцца ва ўнутраныя справы Савецкага Саюза па ўсім свеце»…

Гісторыю можна параўнаць з непадзельным арганізмам: адразаеш адно — пашкодзіш іншае. Калі беспакарана зносіцца крыж Гадлеўскаму, гэта дае маральны дазвол так жа беспакарана зносіць Вайсковыя могілкі. Калі ўлады выкрэсліваюць з гісторыі Курапаты, яны даюць падставу іншай дзяржаве прысабечваць назвы беларускіх гарадоў. То бок, «прыватызаваць» гісторыю.

А за «прыватызацыяй» гісторыі цалкам можа нас­таць чарга краіны. Прынамсі, менавіта адмаўленне гісторыі ёсць складовай часткай падзей кшталту данбаскай «рускай вясны».