Паўла Грыба б'юць і вязні, і супрацоўнікі СІЗА

Палітвязня Паўла Грыба, які ўтрымліваецца ў СІЗА ў Растове-на-Доне, б'юць з-за яго ўкраінскага грамадзянства.

c930bd57_76aa_43d1_bb17_c0a2db36026f_w1023_r1_s_1.jpg


Пра гэта ў каментары выданню "Гардон" распавяла адвакат Паўла Грыба Марына Дубровіна.
"На сёння запланавана судовае пасяджэнне — будуць папярэднія слуханні. Магчыма, суд вызначыць графік пасяджэнняў для разгляду справы па сутнасці. Я бачыла Паўла. Ён вельмі стомлены. У Растове спякота, паветра ў камеры, дзе ён сядзіць яшчэ з адным чалавекам, не хапае. У Паўла пастаянна баліць галава. Не магу пацвердзіць інфармацыю, што яго моцна збілі. Калі я прыйшла да Грыба ў СІЗА, на ім не было ні адной ранкі, сіняка або драпіны. То бок я нічога такога не ўбачыла. Калі б яго, да прыкладу, білі нагамі, то візуальна гэтага немагчыма было б не заўважыць. Думаю, яго некалькі разоў ударылі. Там жа ёсць падтэкст: маўляў, ты — грамадзянін Украіны, хацеў падарваць расійскую школу з нашымі дзецьмі. І, адпаведна, Грыбу дастаецца і ад супрацоўнікаў СІЗА, і ад сукамернікаў. Па сутнасці, гэта тыповыя турэмныя разборкі — у яго адабралі частку рэчаў і ежу", — сказала адвакат.
Яна падкрэсліла, што ў 2018 годзе Грыб не атрымліваў ніякіх медыкаментаў. "Медыцынская дапамога такая: прыходзіць лекар, глядзіць, кажа: "Ай, усё нармальна". Нават калі Павел скардзіцца на самаадчуванне, яны запісваюць, што скаргаў няма. У лепшым выпадку давалі адну таблеточку. А са студзеня ён ніякіх медыкаментаў наогул не прымаў. Вядома, дынаміка ў яго зараз адмоўная. Дыету вытрымліваць ва ўмовах СІЗА ён, зразумела, таксама не можа. Зараз Грыб асцерагаецца этапавання, мяркуе, што ўсюды яго будуць біць, і таму наўрад ці ён наогул кудысьці даедзе. Падрабязнасці — хто біў, куды, калі — ён мне распавядаць не хоча", — адзначыла Дубровіна.
Нагадаем, што 24 жніўня 2017 года на той момант 19-гадовага Паўла Грыба, які паехаў у Гомель на сустрэчу са знаёмай, выкралі супрацоўнікі ФСБ Расіі. Два тыдні аб дакладным месцазнаходжанні ўкраінца не было вядома. 7 верасня Генеральнае консульства Украіны ў Растове-на-Доне атрымала паведамленне ад ФСБ пра тое, што Павел Грыб змешчаны ў СІЗА Краснадара. У РФ украінца абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракту ў адной са школ горада Сочы. 25 чэрвеня 2018 года адвакат Паўла паведаміла, што расследаванне справы Грыба завяршылі.
Украінскія медыкі заяўлялі, што Грыб пакутуе партальнай гіпертэнзіяй. Гэты дыягназ выключае яго знаходжанне ў установе, дзе яму не можа быць аказана спецыялізаваная медыцынская дапамога. 3 ліпеня 2018 года бацька Грыба Ігар распавёў, што падчас этапавання з Краснадара ў Растоў-на-Доне ягоны сын быў збіты іншымі вязьнямі, якія даведаліся, па якім артыкуле ён абвінавачваецца. У яго таксама забралі перададзеныя консуламі прадукты і рэчы. 5 ліпеня ўпаўнаважаны Вярхоўнай Рады па правах чалавека Людміла Дзянісава адправіла ў апарат расійскага амбудсмена Таццяны Маскальковай зварот з нагоды стану здароўя Грыба і інфармацыі аб яго збіцці. Медыкі ў расійскім СІЗА не знайшлі сведчанняў збіцця Грыба, паведамілі 5 ліпеня ў Федэральнай службе выканання пакаранняў РФ.