У Расіі ФСБ затрымала анархіста з Беларусі

Арцёма Маркіна амаль двое сутак утрымліваюць у няволі і без прад'яўлення абвінавачання, у незразумелым статусе і без права кантакта з роднымі альбо законным прадстаўніком.

36957916_691060997911595_977656164273618944_n.jpg


У Расіі 8 ліпеня на навуковай канферэнцыі «Прямухинские чтения» ў Цвярской вобласці быў затрыманы актывіст з Беларусі, Маркін Арцём Аляксандравіч, 1991 года нараджэння, — паведамляе Анархічны чорны крыж — Беларусь.
«Пасля праверкі дакументаў супрацоўнікі ФСБ, якія прыехалі на канферэнцыю разам з міліцыяй, паведамілі яму, што ён «неў'яздны» і забралі яго з сабой. Дзе ён, доўгі час не было вядома. Праз пэўны час супрацоўнікі АУС г.Таржок паведамілі, што ён знаходзіцца ў іх у камеры адміністрацыйнага oтрымання і пагадзілся прыняць для яго перадачу (аднак ці была яна перададзеная — невядома)» — піша АЧК.
Удзень 9 ліпеня да Арцёма адмовіліся пусціць адваката. Таксама вядома, што з ім «працуюць» супрацоўнікі ФСБ. Увечары таго ж дня стала вядома, што Арцёма Маркіна затрымалі на трое сутак за «адміністрацыйнае правапарушэнне». Іх ён правядзе ў ізалятары Таржка.
Такім чынам, ужо амаль двое сутак беларуса ўтрымліваюць у няволі і без прад'яўлення абвінавачання, у незразумелым статусе і без права кантакта з роднымі альбо законным прадстаўніком.
У апошні год у Расіі ўзмацніліся рэпрэсіі супраць анархістаў.
Мы лічым, што Арцём знаходзіцца ў рэальнай небяспецы, да яго можа быць прыменены псіхалагічны і фізічны ціск. Мы заклікаем журналістаў, праваабаронцаў і актывістаў, мясцовыя групы АЧК, зрабіць усё магчымае для вызвалення Арцёма і спынення сваволля рэпрэсіўных служб, — паведамляюць паплечнікі затрыманага.
Паводле прэс-рэлізу