Як можа быць развязаны беларускі палітычны крызіс

Перад Новым годам Лукашэнка казаў, што «дэструктыўныя сілы» абяцаюць наладзіць яму сюрпрызы ў навагоднюю ноч. І, маўляў, «мы» — як звычайна — да гэтага гатовыя. Сюрпрыз беларусы сапраўды зрабілі, але не такі, пра які думаў Лукашэнка. На афіцыйныя навагоднія мерапрыемствы да елак, абкружаных АМАПам, амаль ніхто не прыйшоў.

yyd_5932_logo_1.jpg


Паводле назіранняў TUT.BY, ля «галоўнай ялінкі краіны» на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску Новы год сустракалі каля 700 чалавек. Раней міліцыя аператыўна давала справаздачу, колькі мінчукоў наведалі елкі на Новы год. У 2018 годзе было, напрыклад, 110 тысяч чалавек. Цяпер у паведамленні гаворыцца толькі, што «аператыўная абстаноўка ў краіне заставалася кантраляванай». Пра колькасць наведвальнікаў святаў — ні паўслова.
Па-мойму, гэта яркі паказчык — калі ты робіш свята, а да цябе ніхто не прыходзіць. І менавіта такое стаўленне народа да сённяшняй улады перадвызначае далейшае развіццё сітуацыі ў Беларусі.
Пакуль палітолагі вызначаюць некалькі сцэнарыяў развіцця сітуацыі ў Беларусі ў найбліжэйшай будучыні. Да чаго яны могуць прывесці?

Сцэнар ваеннай дыктатуры

Першы і самы відавочны сцэнар — гэта сцэнар утрымання ўлады Лукашэнкам праз вайсковую дыктатуру. Варта зазначыць, што да яго мы цяпер ушчыльную падышлі. Бо што ёсць забарона на выезд з краіны, як не адзін з элементаў жорсткай дыктатуры?
Лукашэнка можа паспрабаваць застацца ва ўладзе «на штыках», або, як ён кажа, «да апошняга амапаўца». Дарэчы, супрацоўнікам АМАПа варта было б задумацца — Лукашэнка кажа пра сваю «апошнюю кроплю крыві», а пра іх жыцці. Сам ён сабою ахвяраваць не мае намеру, а вось іх, амапаўцаў, пусціць у расход — калі ласка.
Але пры вайсковай дыктатуры ён пражыве так, як казаў калісьці сам: дрэнна, але нядоўга. Як справядліва адзначалі розныя эксперты, сілавыя структуры вельмі эфектыўна марнуюць рэсурсы, але ствараць іх не здольныя. Такая мадэль доўга не праіснуе выключна па эканамічных прычынах.
Далёка хадзіць не трэба: ад пачатку пратэстаў — а дакладней, з моманту, калі галоўную ролю ў жыцці беларусаў пачалі адыгрываць АМАП і іншых сілавікі, — не прайшло і пяць месяцаў. А ўрад ужо вымушана падымае падаткі з 9% да 13% «свяшчэннай карове» беларускай эканомікі — Парку высокіх тэхналогій (варта адзначыць, што, у адпаведнасці з дэкрэтам Лукашэнкі №8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі», спецыяльны прававы рэжым для ПВТ, уключаючы падатковы, замацаваны да 1 студзеня 2049 года, — але тут ужо не да законаў); з 18 да 30% павялічыў падатак на прыбытак для аператараў мабільнай сувязі; павысілі падатак тым, хто здае лецішчы, кватэры, гаражы і парковачныя месцы; мясцовым уладам дазволілі ўвесці збор за перасячэнне мяжы на машыне, і гэтак далей. А ў бюджэце прадугледжваецца дэфіцыт памерам у 4 мільярды рублёў.
«Венесуалізацыя» Беларусі можа расцягнуцца надоўга толькі ў тым выпадку, калі Лукашэнку будзе моцна падтрымліваць Расія. Грошы можна ўзяць толькі ў яе, аднак наўрад ці Пуціну спадабаецца пастаянна карміць Беларусь, як яшчэ шэсць датацыйных рэгіёнаў Расіі. Маскве самой грошай не хапае, а таму бясконца ўтрымліваць такі рэжым не здолее нават яна.

Канстытуцыйная рэформа праз рэферэндум

Яшчэ адзін праект развіцця сітуацыі — рэформа Канстытуцыі, агучаная Лукашэнкам яшчэ да выбараў. Па задуме, у выніку павінна быць паслабленая прэзідэнцкая ўлада, больш паўнамоцтваў нададзена парламенту і мясцовым выканаўчым органам, а потым Лукашэнка сыходзіць на пенсію.
З гэтым варыянтам, быццам бы, згодная Расія. Прынамсі, кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў пастаянна згадвае канстытуцыйную рэформу ў кантэксце развязання беларускай праблемы.
Аднак тут ёсць адно вялікае пытанне: што мы хочам атрымаць у выніку канстытуцыйнай рэформы? На думку Лаўрова, гэта павінна вырашыць палітычны крызіс. Але шмат залежыць ад таго, якім чынам будзе прынятая новая Канстытуцыя. Плануецца, што на рэферэндуме. Але Лукашэнка хоча правесці гэты рэферэндум па старых лякалах: з кантраляванымі выбарчымі камісіямі, ранейшым складам Цэнтрвыбаркама, адсутнасцю паўнамоцтваў у назіральнікаў і гэтак далей.
Залішне казаць, што такі рэферэндум не вырашыць палітычны крызіс, а толькі паглыбіць яго. Паводле апошніх даных сацыёлагаў, Лукашэнку ў Беларусі падтрымліваюць не больш за 20% насельніцтва. Калі праводзіць рэферэндум адкрыта і свабодна, усе ініцыятывы Лукашэнкі будуць з грукатам праваленыя. Калі праводзіць яго «па-лукашэнкаўску», то ў выніку гэтага дзейства пратэсты толькі ўзмоцняцца. Бо іх прычына — якраз несумленныя, несвабодныя, скрадзеныя выбары.
А таму, нават калі пасля канстытуцыйнай рэформы Лукашэнка сыдзе, і на яго месца прыйдзе хто-небудзь іншы… Гэты «іншы» ўсё роўна сутыкнецца з неабходнасцю праводзіць сумленныя і адкрытыя выбары — бо менавіта іх патрабуе грамадства. Не выключана таксама, што давядзецца нават адмяняць вынікі несправядлівага рэферэндуму.

Уся ўлада Усебеларускаму сходу?

Таксама палітолагі спрачаюцца, ці збярэцца Лукашэнка надаць канстытуцыйныя паўнамоцтвы Усебеларускаму народнаму сходу. Маўляў, гэта быў бы для яго адзін з варыянтаў выйсця: замяніць парламент сходам, ператварыць яго ў «з’езды КПСС», пакінуць прэзідэнцкую пасаду, стаўшы своеасаблівым «генсекам».
Ідэя, безумоўна, прывабная, і дзесьці нават вельмі прыгожая. Але, зноў жа, пытанне, што ёсць галоўнай мэтай: «выйсце для Лукашэнкі» або вырашэнне палітычнага крызісу? Калі «выйсце для Лукашэнкі», тады ідэя мае права на існаванне. Калі развязанне крызісу — ідэя правальная. Грамадства ўспрыме УНС так, як і рэферэндум з загадзя вядомымі лічбамі: пратэсты за «права голасу» будуць працягвацца. Затое дадасца працы сілавікам: замест аднаго Лукашэнкі яны вымушаныя будуць ахоўваць яшчэ і 2500 чальцоў «з’езда КПСС», на якіх будзе вылівацца народнае абурэнне, і не толькі ў перыяд пасяджэнняў.

Самы неймаверны сцэнар

Гэты неймаверны сцэнар палягае ў тым, што «пратэсты здзьмуваюцца», а беларусы пагаджаюцца «перагарнуць старонку» (як іх і прасіў пакуль яшчэ кіраўнік дзяржавы ў навагоднім віншаванні) і жыць так, нібыта не было гэтых месяцаў пасля 9 жніўня.
Але як «разбачыць» тое, што мы бачылі? Як цяпер адмовіцца ад той салідарнасці, якую мы адчулі ў гэтыя дні? Куды падзець перажытыя намі жах, надзею, узнёсласць? На якую палічку пакласці сцягі раёнаў і дваровыя тэлеграм-каналы? Куды падзець тыя «суткі», што дзясяткі тысяч чалавек правялі на Акрэсціна і ў іншых ізалятарах? І як, нарэшце, забыцца пра нашых неверагодных жанчын — Святлану Ціханоўскую, Марыю Калеснікаву і Вераніку Цапкала?
Такога не будзе, пратэсты не спыняцца. Бо пратэсты — гэта не разавая акцыя, гэта працэс, які выяўляецца ў розных формах. Напрыклад, падвышэнне падаткаў, якое здзейсніў урад, прывядзе да іх «аптымізацыі» і шэрых схемаў сыходу ад іх — гэта таксама пратэст. І тое, што на ўладныя елкі амаль ніхто не з’явіўся, — пратэст таксама. Сцяг у акне, «Жыве Беларусь!» пры развітанні — пратэст таксама. Краіна ўжо не будзе ранейшай, пасту назад у цюбік не загоніш.
Наўрад ці гэты сцэнар мажліва ўвогуле разглядаць як верагодны.

Выйсце ў адзін бок

Можна прыдумваць безліч варыянтаў, але, па-сутнасці, цяпер у Лукашэнкі не засталося ніякіх сцэнараў, якія дазволілі б яму «і рыбку з’есці», і ажыццявіць свае планы. Вырашыць палітычны крызіс можна толькі адным шляхам — правесці датэрміновыя, сумленныя і свабодныя выбары. І які б варыянт дзеянняў цяпер ні абраў Лукашэнка, усе далейшыя траекторыі сітуацыі зводзяцца менавіта да гэтай кропкі.
Нават калі Лукашэнка нейкім чынам прызначыць пераемніка, той пераемнік, роўна як і любы кіраўнік, які прыйдзе пасля Лукашэнкі, проста вымушаны будзе зрабіць гэты крок і абвясціць новыя выбары — з новым складам ЦВК, з новымі выбарчымі камісіямі, з допускам назіральнікаў і гэтак далей. Бо ўсе іншыя варыянты не дасягаюць галоўнай мэты — развязання палітычнага крызісу.

Найверагоднае?

Адзін з найбольш рэальных варыянтаў для Лукашэнкі — гэта тое, што Байдэн прыме справы ў Белым Доме і дамовіцца з Пуціным пра «сцэнар Плахатнюка» — калі алігарх, які фактычна кантраляваў Малдову, быў вымушаны збегчы з краіны. Тады праеўрапейскі Апазіцыйны блок ACUM і прарасійская партыя сацыялістаў Ігара Дадона стварылі кааліцыю, каб адхіліць прыхільнікаў Плахатнюка ад улады. Новы ўрад падтрымалі ЗША, ЕС і Расія. У выніку Плахатнюк спешна паляцеў з краіны.
Палітолагі кажуць, што Масква «не прыспешвае» Лукашэнку з адыходам ад улады, бо не бачыць фігуры, на якую яна магла б «паставіць» у якасці новага беларускага кіраўніка. Але хутчэй, напэўна, Масква занепакоеная не фігурамі, а наогул будучым раскладам у Беларусі. Бо, як ні дзіўна, у нас фактычна няма жывой прарасійскай палітычнай сілы! Усе рэальныя палітычныя партыі — праеўрапейскія. Умоўна прарасійскай і больш-менш дзейснай можна лічыць Ліберальна-дэмакратычную партыю Беларусі Алега і Сяргея Гайдукевічаў. Але, па-першае, наўрад ці Пуціну даспадобы абапірацца ў Беларусі на «жырыноўцаў», а па-другое, Алег Сяргеевіч падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 вельмі недарэчы перабег у лагер Лукашэнкі.
«Малдоўскі сцэнар» у Беларусі выглядае досыць верагодна, але Крэмль, хутчэй за ўсё, «будзе паглядзець» на саму Малдову. Там увосень замест прарасійскага кіраўніка Ігара Дадона прыйшла да ўлады праеўрапейская Мая Санду. Калі адносіны Расіі і Малдовы не сапсуюцца — то чаму б не паўтарыць і ў Беларусі?Ёсць, праўда, яшчэ меркаванне, што і сам Пуцін можа не дасядзець гэты год на сваёй пасадзе.

Ні налева, ні направа — свабодна!

Зрэшты, такія ж асцярогі адчуваюць і ў іншым лагеры. Перад новым годам міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба ў інтэрв’ю нямецкаму часопісу казаў, што Беларусь не зможа хутка разгарнуцца на Захад з-за ўплыву Расіі, «нават калі Лукашэнку заменіць на пасадзе іншы лідар».
Самае прыкрае, што ўсіх гэтых «прарасійцаў» і «празаходнікаў» мала хвалюе, чаго хочуць самі беларусы. Ці хочуць яны ўвогуле «разгортвацца» на Усход ці на Захад?
Апытанні Беларускай аналітычнай майстэрні ў пачатку 2020 года паказвалі, што прыхільнікаў аб’яднання Беларусі і Расіі ў адну дзяржаву было каля 15%. Колькасць прыхільнікаў еўрапейскай інтэграцыі была каля 30%. А большасць беларусаў усё ж хочуць жыць у сваёй краіне. Не ў ЕС. Не ў Расіі. А ў Беларусі.Таму які б варыянт ні здзейсніўся — менавіта самі беларусы будуць вырашаць свой лёс на свабодных і адкрытых выбарах. Бо без іх палітычны крызіс проста не развяжацца.