Ілля Шкурын супраць федэрацыі футбола
Невядома, дзе сустракаў Новы год беларускі футбаліст Ілля Шкурын, але дакладна не ў Беларусі. Прыязджаць на радзіму яму цяпер небяспечна — і прычыны інфармаваныя чытачы добра ведаюць.
Індывідуальная пратэсная актыўнасць маладога форварда — ці не самая прыкметная з’ява ў нашым футболе. Цвёрдая грамадзянская пазіцыя 21-гадовага бамбардзіра — адзін з тых безлічных прыкладаў, што зрабілі беларусаў «невераемнымі» і цяпер даюць ім надзею на доўгачаканыя перамены.
Супрацьстаянне Шкурына з Беларускай федэрацыяй футбола (БФФ) — а ў шырокім сэнсе наогул з сістэмай — працягваецца, ціхмяна пераваліўшы цераз навагодні рубікон. І мы будзем надалей за ёю сачыць — са спагадай і простым жаданнем, каб аднаму асобнаму чалавеку хапіла моцы перадужаць усёмагутнага Левіяфана.
Напачатку было слова, і яго сказаў сам Шкурын. Спачатку кароткім запісам у Instagram, а потым і ў афіцыйным лісце на адрас федэрацыі (складзеным, дарэчы, на беларускай мове) ён адмовіўся ад выступу за зборную Беларусі і ўвогуле ад таго, каб прыязджаць на радзіму. Не назаўсёды — да таго часу, пакуль ва ўладзе Аляксандр Лукашэнка.
Гэта было смела, і матывы такога ўчынку ляжалі на паверхні. Па краіне толькі-толькі прагрукаталі прэзідэнцкія выбары, вынікі якіх абурылі грамадства, а потым яшчэ і ўзнялася надзвычайная хваля міліцэйскага гвалту — пра гэта загаварыў увесь белы свет.
Тым не менш у зборную Шкурына запрашалі. А ён, верны дадзенаму слову, не ехаў — заставаўся ў Маскве, дзе гуляе за ЦСКА. Так працягвалася да заканчэння футбольнага сезону, пасля чаго імперыя нанесла ўдар у адказ.
У сярэдзіне снежня стала вядома, што чыноўнікі БФФ пачалі актыўна вырашаць «пытанне Шкурына». Не, яны не паспрабавалі наладзіць з Іллём канструктыўны дыялог ды патлумачыць, што, маўляў, зборная — гэта не каманда Лукашэнкі, гуляць за яе — гэта гуляць дзеля заўзятараў. Яны не скарысталі іншыя метады дыпламатыі і камунікацыі, прынятыя ў цывілізаваным свеце. Яны, што ўласціва дзяржаўным інстытуцыям, нібыта вырашылі адпомсціць нападаючаму — і звярнуліся да тыповага разбуральнага ціску.
Тады і выявілася, што знаходзіцца ў родным Віцебску Шкурыну стала небяспечна. У прэсе з’явілася інфармацыя, што ў вачах дзяржавы 21-гадовы хлопец перастаў быць перспектыўным нападаючым, а ператварыўся ў шараговага прызыўніка. Яго выключылі са спісу гульцоў-зборнікаў і мэтанакіравана пазбавілі льгот адносна вайсковага абавязку.
Што гэта азначае, мы занадта добра ведаем — прынамсі, на прыкладзе адлічаных восенню студэнтаў. Ім, нязгодным і тым, хто пасмеў пайсці супраць палітыкі партыі, радзіма хуценька знайшла іншае прымяненне — неадкладна выпісала позву ў войска, знайшла кірзавыя боты па памеры і шынель, што не цісне ў плячах.
Тое ж самае цяпер свеціць і галоўнаму пратэстоўцу сярод футбалістаў. Знойдуцца і галіфэ, і боты з анучамі, як толькі ён акажацца ў дасяжнасці клапатлівага дзядзькі-ваенкама. Армія ж у выпадку Шкурына — і гэта дакладна — зруйнуе спартыўную кар’еру, якая толькі-толькі пачалася.
Аднак і гэта яшчэ не ўсё. Паралельным кірункам федэрацыя адкрыла супраць нападаючага і міжнародны фронт. БФФ афіцыйна звярнулася ў Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) з тым, каб на гульца наклалі санкцыі за адмову прыязджаць у зборную.
УЕФА, хто не ведае, — гэта як МАК датычна алімпійскага руху. Міжнародны футбольны інстытут (з офісам у швейцарскім Ньёне), якому павінны падпарадкоўвацца ўсе нацыянальныя федэрацыі. Заяву з Мінску ў Швейцарыі прынялі. І нават вызначылі тэрмін разгляду справы «БФФ супраць Шкурына». Пасяджэнне адбудзецца 14 студзеня, то-бок ужо хутка.
Зразумела, мы будзем сачыць за падзеямі, аналагу якім летапіс беларускага футболу не ведае. Тым больш, падаецца, фінал у гэтай гісторыі можа аказацца далёка не той, якога прагне дабіцца кіраўніцтва беларускай федэрацыі. А супрацьлеглы. Па-першае, таму, што драконаўскіх санкцый нападаючаму ЦСКА Ньён хутчэй за ўсё не выпіша — няма такога мэйнстрыму ў міжнароднай практыцы, каб жорстка рэпрэсаваць гульцоў фактычна за палітычныя погляды. А выступ за зборную ва ўсім свеце збольшага справа добраахвотная — і беларус Ілля Шкурын не першы, хто ад такога гонару адмовіўся.
Па-другое, рушыўшы са сваёй чыноўніцкай крыўдай у сферу міжнароднай юрысдыкцыі, БФФ рызыкуе сама падарвацца на міне запаволенага дзеяння.
Бо ўсё, згаданае вышэй, вельмі падобна да дыскрымінацыі спартсмена па палітычных прыкметах. І стварае роўна той жа кейс, які нядаўна адбыўся з беларускім алімпізмам. МАК, як мы памятаем, пакараў айчынны НАК, па сутнасці, абвясціўшы персонамі нон грата яго кіраўніцтва — Аляксандра і Віктара Лукашэнкаў. Тое ж самае можа пагражаць і кіраўнікам БФФ, якія вырашылі з імпэтам «павыхоўваць» аднаго прынцыповага футбаліста.
А футбаліст той, дарэчы, ужо знайшоў падтрымку — і сімвалічна, што абаронай яго правоў пачаў займацца Фонд спартыўнай салідарнасці. Так, менавіта тая самая грамадзянская ініцыятыва, якую ўзначальвае легендарная плыўчыха Аляксандра Герасіменя і якая, уласна кажучы, і давяла Нацыянальны алімпійскі камітэт да знакамітага цугундэра з санкцыямі.
Напрыканцы снежня стала вядома, што Фонд спартыўнай салідарнасці таксама ўжо сустрэчна звярнуўся ва УЕФА. І намеры яго красамоўныя — дабіцца пакарання для галоўных менеджараў Беларускай федэрацыі футболу. Гаворка пра старшыню — Уладзіміра Базанава, і двух яго намеснікаў — Юрыя Вяргейчыка і Міхаіла Ботнікава. Справа ідзе пра тое, каб усіх траіх пажыццёва адхіліць ад прафесійнага футбола.
Такая рашучасць выкрывае сур’ёзную падрыхтаванасць Фонду спартыўнай салідарнасці і глыбокую прапрацоўку пытання з удзелам дасведчаных міжнародных юрыстаў. Што характэрна і надае вагі звароту ў Ньён, выпадак з ціскам на Шкурына там зусім не адзінкавы. Там яшчэ і гісторыя паўабаронцы Станіслава Драгуна — і яго дзіўнае ігнараванне трэнерамі зборнай, меркавана, з палітычных прычын. Бо занадта ж актыўна і непрыхавана той падтрымліваў як рэпрэсаваных спартсменаў, так і ўвогуле прагу беларусаў да перамен. Там і іншыя прыклады таго, як футбалісты цярпелі ад БФФ за свой светапогляд.
Новы футбольны сезон у Беларусі возьме старт недзе ў сакавіку. Самы час, здавалася б, федэрацыі прааналізаваць шматлікія памылкі і зрабіць над імі належную работу. Але пакуль выглядае, што звесці рахункі са Шкурыным — вось першачарговы клопат БФФ. На шчасце, Беларусь у мінулым годзе выйшла на такі ўзровень салідарнасці і ўзаемадапамогі, што яе лепшых грамадзян ёсць каму абараніць.
Ілля Шкурын гэта цудоўна разумее, і большасць заўзятараў адназначна на яго баку.