Нягледзячы на заклік Макея. Святлана Ціханоўская выступіла ў ААН
Святлана Ціханоўская выступіла з відэазваротам перад удзельнікамі пасяджэньня 48-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН. Яна звярнула ўвагу на колькасць палітвязняў і тысячы беларусаў, арыштаваных з палітычных прычынаў, эскалацыю рэпрэсій, у тым ліку супраць журналістаў, распавядае «Свабода».
Як паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай, яна заявіла, што
рэжым Лукашэнкі стаў «пагрозай рэгіянальнай і міжнароднай бяспецы, і гэты
тэрор мусіць быць спынены».
Ціханоўская заклікала падтрымаць спецыяльны мандат
Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека для вывучэння парушэнняў правоў
чалавека ў Беларусі і прыцягнення да адказнасці вінаватых. У межах гэтага
мандату Вярхоўны камісар прызначыла трох экспертаў высокага ўзроўню — Карыну
Маскаленку (Расія), Сюзан Базыллі (Канада) і Марка Міланавіча (Сербія).
Таксама яна адзначыла працу спецдакладчыка ААН аб правах
чалавека ў Беларусі. Ціханоўская прапанавала ўключыць беларускае пытанне ў
парадак Рады Бяспекі ААН і разгледзець у Трэцім камітэце Генеральнай асамблеі.
Макей выступаў супраць альтэрнатыўных галасоў у ААН
27 верасня на сэсіі Генеральнай асамблеі ААН міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей выступіў супраць «прасоўвання галасоў грамадзянскай супольнасці» ў ААН.
«Разглядаем гэтыя дзеянні як спробу надаць няўрадавым
арганізацыям (якія, дарэчы, створаны і выкармлены пры падтрымцы асобных
зацікаўленых краін) статус, ідэнтычны суверэнным дзяржавам — сябрам ААН. Гэта
катэгарычна непрымальна. Хацелася б нагадаць усім пра існаванне ключавога
прынцыпу дзейнасці ААН: «Адна дзяржава — адзін голас». Выступаем супраць
размыцця суверэнітэту дзяржаў — сяброў ААН і стварэння марыянетачных
удзельнікаў у выглядзе няўрадавых арганізацый, якія будуць здольныя заглушыць
думку самастойных дзяржаў. Бескантрольнае навадненне сістэмы ААН меркаваннем НДА
не толькі не дазволіць належным чынам улічыць і нават пачуць іх галасы, але і
ўскладніць дасягненне кансенсусу».
Раней кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей сустрэўся з
генеральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам. Падчас размовы ён заявіў аб
датычнасці прадстаўнікоў ААН у Беларусі да фінансавання пратэстаў і дадаў,
што лічыць недапушчальным выкарыстанне «асобных структур ААН для дэманізацыі
Беларусі, дыскрэдытацыі Беларусі з абсалютна надуманых палітызаваных матываў».
Што гаварылі аб Беларусі ў Радзе правоў чалавека ААН
24 верасня на 48-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН адбыўся інтэрактыўны дыялог наконт прамежкавай абноўленай інфармацыі Упраўлення Вярхоўнага камісара аб сітуацыі ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 году і пасля іх.
Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет пачала
сустрэчу заявай, у якой падкрэсліла, што сітуацыя з правамі чалавека ў краіне
працягвае пагаршацца.
«Я глыбока занепакоеная з нагоды ўсё больш жорсткіх
абмежаванняў прасторы для грамадзянскай супольнасці і асноўных свабодаў, у
тым ліку працягу аперацый спецслужбаў супраць арганізацый грамадзянскай
супольнасці і незалежных СМІ, а таксама арыштаў і крымінальнага пераследу
праваабаронцаў і журналістаў праз абвінавачанні, якія адно за адным аказваюцца
палітычна матываванымі», — спасылаецца на дакладчыцу цэнтр «Вясна».
«Я ўстрывожаная бясконцымі паведамленнямі пра масавыя і
сістэматычныя катаванні і жорсткае абыходжанне ў кантэксце адвольных арыштаў
і затрыманняў удзельнікаў акцый. На сённяшні дзень у нас няма доказаў
якіх-небудзь сапраўдных і бесстаронніх расследаванняў на падставе
паведамленняў аб інцыдэнтах, якія адбыліся падчас разгону дэманстрацый у
наступныя дні пасля 9 жніўня 2020 году», — сказала Вярхоўны камісар.
У дыялогу ўдзельнічалі прадстаўнікі 46 краін і міжнародных арганізацый, якія ўздымалі пытанні рэпрэсій, катаванняў і адвольных затрыманняў, а таксама прызначэння вялікіх тэрмінаў у палітычна матываваных крымінальных справах, у тым ліку датычна Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай і Максіма Знака, прымусовай пасадкі самалёта Ryanair, міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Еўрасаюзам.