Кіраўнік МЗС Польшчы адмовіўся ад сустрэчы з Уладзімірам Макеем у ААН

Міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау адмовіўся ад сустрэчы кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем, хоць, па словах Макея, сам быў ініцыятарам зносін, перадае Еўрарадыё. Пра гэта кіраўнік знешнепалітычнага ведамства распавёў у эфіры тэлеканала СТВ.

Уладзімір Макей​ / twitter.com/BelarusMID

Уладзімір Макей​ / twitter.com/BelarusMID

Макей заявіў, што некаторыя калегі, запытаўшы сустрэчу, праз некаторы час ад яе адмовіліся.
"Так зрабіў мой польскі калега, хоць нам ёсць, аб чым пагаварыць і што абмеркаваць", — сказаў ён.
Нагадаем, што сярод еўрапейскіх міністраў, якія пагадзіліся на сустрэчу з Макеем быў, у прыватнасці, кіраўнік МЗС Фінляндыі Пека Хаавіста. У інтэрв'ю фінскай газеце Helsingin Sanomat ён пазней распавёў, што абмяркоўваў з беларускім міністрам пытанні правоў чалавека і палітвязняў. Ён таксама нагадаў пра тое, што апазіцыя Беларусі гатовая да дыялогу з уладамі, і падняў пытанне аб міграцыйным крызісе.
Пры гэтым у эфіры Беларускага тэлебачання Макей заявіў, што заходнія калегі ў канфідэнцыйных гутарках, па яго адчуваннях "досыць скептычна ацэньваюць дзейнасць" апазіцыі і Святланы Ціханоўскай. Макей успомніў і пра яе, але так і не рызыкнуў назваць яе імя.
"Ведаеце, ацэнкі — даслоўна я хачу сказаць, — што мадам адчувае сябе вельмі нервова. З улікам таго, што нічога, напэўна, не атрымліваецца з іх абяцанняў", — заявіў ён.
Нагадаем, што раней з'явіліся падрабязнасці сустрэчы кіраўніка беларускага МЗС з генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам. Падчас сустрэчы Макей, паводле яго слоў, заявіў аб датычнасці прадстаўнікоў ААН у Беларусі да фінансавання беларускіх пратэстаў, а таксама аб недапушчальнасці "выкарыстання асобных структур ААН для дэманізацыі Беларусі".