Палякам раяць не ехаць у Беларусь — нягледзячы на «бязвіз»

Улады Польшчы нагадалі сваім грамадзянам пра рэпрэсіі ў Беларусі і засцераглі іх ад паездак у нашу краіну.

00ef0000_0a00_0242_8fd0_08d9add59ed0_w1023_r1_s.jpg


Улады Беларусі «ў мэтах падтрымання добрасуседскіх адносін» дазволілі бязвізавы ўезд грамадзянам Польшчы да канца 2022 года. Польскія чыноўнікі раяць палякам «быць вельмі асцярожнымі», а лепей — пазбягаць паездак у краіну, улады якой падтрымліваюць расійскі напад на Украіну і рэпрэсуюць уласных грамадзян.

Грамадзяне Польшчы могуць трапіць у Беларусь без візы праз пункты пропуску на беларуска-польскай мяжы. Ім будзе дазволена знаходзіцца ў памежнай зоне без пропуску. Пры ўездзе ў Беларусь ім трэба будзе вусна сказаць памежнікам, якія населеннные пункты і з якой мэтай яны збіраюцца наведаць у памежнай зоне.

Для ўезду ў Беларусь трэба будзе прад'явіць дакумент для выезду за мяжу і медыцынскую страхоўку, а для аўтамабіляў — зялёную карту. ПЦР-тэст і сертыфікат аб вакцынацыі не патрабуецца.
«Калі хтосьці хоча рызыкнуць, каб трапіць на тэрыторыю дзяржавы, якая трактуе Польшчу як ворага, той павінен асэнсоўваць, што рызыка ёсць вельмі значная, бо там ёсць варожыя намеры», — сказаў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Павел Яблонскі пра Беларусь.
Ён нагадаў, што беларуская дзяржава актыўна падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны, у тым ліку прадастаўляе сваю тэрыторыю для расійскіх абстрэлаў і для атак расійскіх войскаў на Украіну. Таксама ён згадаў пра больш як тысячу палітычных зняволеных у Беларусі:
«Мы не забываем пра гэта і пастаянна робім высілкі для іх вызвалення, — дадаў Яблонскі пра беларускіх палітвязняў. — Неабходна аказваць міжнародны ціск і на Расію, і на Беларусь».
Пакуль Аляксандр Лукашэнка расказваў Уладзіміру Пуціну пра тое, што «Польшча і натаўцы збіраюцца захапіць Заходнюю Украіну», а яго прыхільнік знайшоў «планы нападу знайшлі ў ноўтбуках NATO», Польшча скончыла будаўніцтва сцяны на мяжы з Беларуссю. Яе працягласць склала больш за 180 кіламетраў, вышыня — 5 метраў. На ўзвядзенне сцяны сышло 49 тысяч тон сталі. Таксама ўздоўж мяжы з’явілася 2,5 тысячы камер відэаназірання. Будаўніцтва пастаяннай агароджы на польска-беларускай мяжы пачалі ў канцы студзеня 2022 года — пасля хвалі нелегальнай міграцыі з Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, арганізаванай беларускімі ўладамі.