Паротнікаў: Заявы Украіны пра беларускія вучэнні ўсё больш нагадваюць армянскае радыё

Кіраўнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў разважае пра беларускія «вызваленчыя» камандна-штабныя вучэнні і асцярогі ўкраінскай арміі.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

Кіраўнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў разважае пра беларускія «вызваленчыя» камандна-штабныя вучэнні і асцярогі ўкраінскай арміі.

Сёння ў Беларусі стартавалі камандна-штабныя вучэнні, на якія, паводле звестак Мінабароны, запрасілі прадстаўнікоў ваенна-дыпламатычнага корпуса замежных краін.

Генштаб УСУ пракаментаваў мерапрыемства — заявіў, што асаблівасцю вучэння з'яўляецца тое, што ўпершыню адпрацоўваецца пытанне вызвалення часова акупаваных тэрыторый, правядзенне контрнаступлення і выхад на дзяржаўную мяжу: “Не выключаецца, што пад так званай “згубленай тэрыторыяй” маюцца на ўвазе прыгранічныя раёны Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцей. Азначанае адпавядае канцэпцыі агульных дзеянняў узброеных сіл так званай саюзнай дзяржавы на ўкраінскім кірунку. Але УС Украіны гатовыя да любога ходу падзей, у тым ліку на паўночным напрамку нашай дзяржавы”.

«Филин» спытаў у кіраўніка аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog Андрэя Паротнікава, што вядома пра гэтыя вучэнні і наколькі апраўданыя асцярогі ўкраінскага боку.

— Гэта традыцыйныя вучэнні, якія праводзяцца кожны цотны год, бо ў гэтыя гады не арганізоўваюць беларуска-расійскія «Шчыт Саюза» і «Захад». Адпаведна, цяперашняе мерапрыемства выступае такім намеснікам гэтых вучэнняў у плане маніторынгу здольнасцяў войскаў выконваць задачы па прызначэнні.

А заявы УС Украіны па Беларусі усё больш нагадваюць армянскае радыё. Магчыма — гэта смешна, можа быць — дасціпна, але не асабліва мае дачыненне да рэчаіснасці.

Пытанні аднаўлення кантролю на мяжы і выцяснення, у тым ліку, сіл праціўніка са сваёй тэрыторыі адпрацоўваюцца ў Беларусі пачынаючы з 2014 года на рэгулярнай аснове некалькі разоў на год. Тая ж гісторыя — і з дзеяннямі па вызваленні тэрыторый, часова захопленых праціўнікам.

Нічога новага ў гэтым плане няма. Іншая справа, што фармулёўка гэтым разам гучыць правакацыйна, з улікам бягучай сітуацыі. Але калі мы паглядзім на тое, што адпрацоўвалася раней, то гэта ўсё — тая ж гісторыя.

Беларускае войска традыцыйна заўсёды рыхтавалася да лакальнага канфлікту ў памежнай зоне, а не да рэгіянальнай буйной вайны. У рамках гэтай падрыхтоўкі якраз і адпрацоўвалася гэтая гісторыя з выцясненнем суперніка за лінію мяжы, узмацненне аховы мяжы і гэтак далей.

Акрамя таго, я не бачу ніякай занепакоенасці УСУ. Калі б яны былі занепакоеныя, яны б перакідвалі войскі да мяжы з Беларуссю. Яны гэтага не робяць.

Тут вось што цікава: папярэднія ўсе вучэнні былі значна буйнейшыя, чым гэтыя. Гэта значыць, была задзейнічана большая колькасць палігонаў, праводзілася большая колькасць падрыхтоўчых мерапрыемстваў перад вучэннямі.

Беларускі бок заяўляў, што ў вучэннях будуць удзельнічаць расіяне і АДКБ. Пакуль мы гэтага не назіраем. У цэлым, з боку Беларусі асаблівых рухаў цела таксама не назіраецца.

Магчыма, не ўсё паведамляецца, вядома, але з боку гэта выглядае неяк сіратліва. Аднак, сёння толькі першы дзень вучэнняў, паглядзім, як яно пойдзе далей і чым скончыцца.

Ну і захоўваецца інтрыга: ці будуць ракетныя ўдары з беларускай тэрыторыі па Украіне ў гэты тыдзень. Вядома, калі яны здарацца, то гэта будзе вельмі правакацыйна не толькі на словах.

Суразмоўца адзначае, што апошні месяц улады Беларусі зноў вельмі актыўна спрабуюць аднавіць хоць бы дыялог з Захадам.

І калі ў гэты момант пачнуцца прылёты (хай праз беларускую галаву) нават калі, скажам так, афіцыйны Мінск да гэтага ніякім чынам не будзе датычны, то паўстане законнае пытанне: «Калі вы не кантралюеце тое, што зыходзіць з вашай тэрыторыі, то пра што ў прынцыпе з вамі можна дамаўляцца?»

— Прынамсі, можна чакаць, што на неафіцыйным узроўні будзе нешта адбывацца, але, зноў жа, у бягучых умовах гэта ўсё выглядае вельмі складаным.

gazetaby.com