Павел Мацукевіч: Цяпер Беларусь для Крамля — як Крым

Маскву цалкам задавальняе цяперашняя роля Беларусі як вайсковага палігона, тылавога забеспячэння, зборачнага цэха і палохала для суседзяў.

marsz_adzinstva_6__85__logo_2_logo.jpg

Пра расійскую пагрозу для Беларусі казалі і пяць гадоў таму, і дзесяць. Вось толькі падзеі 2020 года ў Беларусі кінулі Лукашэнку ў мядзведжыя абдымкі Крамля, а расійскае ўварванне ва Украіну не пакінула сумневаў у ваяўнічых планах усходняга суседа.

Прыезд кіраўніка непрызнанай Абхазіі Аслана Бжаніі ў Мінск, які супаў са злівам дакумента «Стратэгічныя мэты Расійскай Федэрацыі ў Беларусі», згодна з якім Расія збіраецца да 2030 года паглынуць нашу краіну, толькі актуалізаваў расійскую пагрозу. Візіт абхазскага кіраўніка разглядаецца як элемент крамлёўскай палітыкі па прымусе афіцыйнага Мінск для ўдзелу ў вайне.

Што тут праўда, а што выдумка? «СНплюс» пагаварыла пра гэта са старшым даследчыкам Цэнтра новых ідэй, былым дыпламатам Паўлам Мацукевічам.

Калі б Крэмль захацеў, Мінск прызнаў бы Абхазію дэ-юрэ

— У Мінск прыбыў кіраўнік непрызнанай Абхазіі Аслан Бжанія. 17 лютага Лукашэнка адправіўся на перамовы да Пуціна, затым на суткі знік з публічных радараў, і вось – Бжанія. Па аналагічным сцэнары ў верасні 2022 года, таксама прама з сустрэчы з Пуціным, Лукашэнка наведаў «гістарычныя месцы» Чарнаморскага ўзбярэжжа — Абхазію. Адна сустрэча – выпадковасць, дзве — тэндэнцыя. Крэмль патрабуе прызнання Абхазіі?

— Калі б Крэмль сапраўды настойвай на чымсьці, то гэта б выканалі. Патрабуй Масква прызнання Абхазіі, то прызнанне было б зроблена цалкам — не дэ-факта, як цяпер, а дэ-юрэ — з усталяваннем дыпламатычных адносін.

Фактычнае прызнанне адбылося ў выніку сустрэч тады ў Сухімі і цяпер у Мінску. Прычым у афіцыйным паведамленні з нагоды нядаўняй сустрэчы абхазскага госця назвалі тым, кім ён сябе лічыць — «Прэзідэнтам Рэспублікі Абхазія». Аднак гэта яшчэ не прызнанне ў якасці незалежнай дзяржавы.

Акрамя таго, трэба ўспомніць, што леташняй паездцы Лукашэнкі ў Сухумі папярэднічала паездка туды ў канцы чэрвеня 2022 года Віктара Шэймана – спецпрадстаўніка па асаблівых даручэннях. А Шэйман спецыялізуецца на адносінах з праблемнымі краінамі з пункту гледжання сусветнай супольнасці: дастаткова ўспомніць і Венесуэлу, за якую ён адказваў, Зімбабвэ, і цалкам відавочна, што ён жа адказвае і за Абхазію.

Зразумела, што наладжванне сувязяў з такімі дзяржавамі адбываецца не ад добрага жыцця, цалкам відавочна таксама, што гэта вынік залежнасці ад Расіі, якая ўвесь час нарастае. Гэта значыць, больш-менш суверэнны Лукашэнка ўзору 2017 года нічога падобнага не рабіў і як быццам не збіраўся.

— Значыць, на сітуацыю трэба глядзець не толькі і не столькі праз прызму ціску Крамля, колькі праз інтарэсы беларускай улады?

— Пакуль мы не даведаемся праўды, лепш аналізаваць сітуацыю з розных ракурсаў. Для Крамля прызнанне яго набыткаў Беларуссю, якая сама ўжо практычна без дзесяці хвілін расійская, відавочна не тэма дня. Лукашэнка сам адчувае дэфіцыт міжнароднага прызнання. Частка тэрыторый, названых расійскімі, сам Крэмль доўгія гады не спяшаўся прызнаваць такімі — калі казаць пра Данецк і Луганск.

Па вялікім рахунку, Мінск для Крамля ператварыўся ў падабенства Крыма па ўзроўні залежнасці: як Крым, так і Беларусь абкладзеныя міжнароднымі санкцыямі, эканамічна, фінансава, у ваенным плане залежаць ад РФ і кантраляваныя Расіяй. Наколькі з пункту гледжання Масквы можа быць важным, каб адзін Крым прызнаў іншы?

Думаю, гэта як мінімум не крытычна. Калі б Крэмль сапраўды паставіў мэту, каб Лукашэнка прызнаў Абхазію, то ў яго не было б магчымасцяў адкруціцца. Ён ужо назваў Крым расійскім, але яго словы каштуюць мала — і таму не зрабіліся міжнароднай сенсацыяй.

Тэхнічна прызнанне Крыма, Луганска і Данецка расійскімі тэрыторыямі і прызнанне незалежнасці Абхазіі ці Паўднёвай Асетыі – два цалкам розныя дзеянні. У першым выпадку дастаткова яго заявы або прызнання вынікаў рэферэндумаў, якія праводзіліся на гэтых тэрыторыях, як зрабілі іншыя адыёзныя рэжымы. Візіт Лукашэнкі ў Крым або крымскіх уладаў у Мінск па аналогіі з візітамі расійскіх губернатараў — таксама варыянт фармалізацыі прызнання.

Паўнавартаснае прызнанне незалежнасці дзяржавы, калі казаць пра Абхазію, фармалізуецца афіцыйнай прапановай аб устанаўленні дыпламатычных адносін. Да гэтага пакуль не дайшло. Лукашэнка назваў абхазскага госця прэзідэнтам, але прыняў яго як свайго падначаленага.

Ён не спяшаецца станавіцца возам наперадзе каня.



Рускія не спяшаюцца

— Спачатку — прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асетыі, затым — акупаваных украінскіх тэрыторый, далей – уступленне беларускай арміі ў вайну ў адпаведнасці з саюзніцкімі абавязацельствамі. Такі сцэнар у выкананні Крамля здаецца цалкам праўдападобным?

— Фармальна, лагічны ланцужок выбудаваны правільна, але ў рэчаіснасці пакуль незаўважна, каб Расія актыўна педалявала некаторыя з названых працэсаў.

Зноў-такі, калі б Крэмль лічыў неабходным уступленне беларускіх Узброеных Сіл у вайну, я сумняваюся, што ў бягучых міжнародных рэаліях у Лукашэнкі знайшліся б магчымасці ўцячы ад выканання такога ўказання. І тое, што беларускія войскі дагэтуль не ўступілі ў вайну, кажа пра тое, што Крэмль такую задачу перад Лукашэнкам не ставіў.

Акрамя гэтага, так павялося ў «Саюзнай дзяржаве», што не ўсе адлюстраванае ў двухбаковых дакументах выконваецца, прычым абодвума бакамі. Думаю, пры іншых роўных, Лукашэнка не стане рабіць тое, што не патрабуе Крэмль і што не адпавядае яго інтарэсам. Ён наўрад ці будзе тым возам, які спрабуе абагнаць каня, што яго цягне.

Урэшце, украінскія ракеты ўжо заляталі на тэрыторыю самой Расіі (той жа Белгарад) – Крэмль не запатрабаваў ад беларускага хаўрусніка заступіцца і пакараць крыўдзіцеля Расіі. Мінск таксама не стаў рваць пуп і кашулю, імкнучыся ў бой.


— Але ўступленне беларускага войска ў вайну паскорыла б рэалізацыю крамлёўскіх планаў: згодна са злітым у адкрыты доступ дакументам "Стратэгічныя мэты Расійскай Федэрацыі ў Беларусі", Расія збіраецца да 2030 года паглынуць Сінявокую…

— Рускія зусім не спяшаюцца. Не спяшаюцца яшчэ і таму, што ідзе актыўная фаза вайны ва Украіне. А акрамя таго, уступленне беларускіх войскаў у вайну спалучана з рызыкамі ўнутры самой Беларусі.

Больш за тое, можа Крамлю нашмат цікавей выкарыстоўваць беларускую пляцоўку менавіта так, як выкарыстоўвае цяпер: і ў якасці плацдарма для агрэсіі, і ў якасці бальніцы, і тылавога забеспячэння, і імпартазамяшчальнага ракетна-каўбасна-трактарнага цэха і нават як перагаворную пляцоўку пры неабходнасці.

Прыход вайны на тэрыторыю РБ можа пазбавіць Расію магчымасці выкарыстоўваць нашу краіну па такім шматмэтавым прызначэнні.

Акрамя таго, Беларусь выкарыстоўваецца як палігон для правядзення бесперапынных ваенных вучэнняў, якія з 24 лютага 2022 года ва ўсіх суседзяў выклікаюць асаблівы дрыжыкі. Гэта значыць, беларуская пляцоўка, у дадатак да ўсяго, адыгрывае ролю пугала, з дапамогай якога Расія можа напружваць суседзяў, ствараць ілжывыя рызыкі і хаваць свае рэальныя планы. Навошта на гэтай стадыі пазбаўляць сябе такой магчымасці? Тым больш, дэфіцыту ў жывой сіле няма: мабілізавалі 300 тысяч, могуць верагодна заклікаць у 10 разоў больш.

Пераклад НЧ