Пётр Кузняцоў: нягледзячы на шпіца на стале, пажар на тарфяніку працягваецца
«Будзеце смяяцца, але самае значнае публічнае палітычнае пасланне ўладаў ва ўсе дні пасля Новага года — белы шпіцы на стале падчас "бліннай вечарынкі"», — піша заснавальнік «Моцных Навінаў» Пётр Кузняцоў.
Інтэрв'ю і ўсё, што ў іх гаворыцца — толькі словы, а са словамі ў нас абыходзяцца вядома як — па-гаспадарску: даў — узяў. Але белы шпіц — гэта зусім іншая гісторыя.
Лукашэнка неаднаразова казаў пра тое, што Беларусь такой, якой была да 9 жніўня, ужо не будзе. Зрэшты, гэта мы разумеем выдатна і самі. Аднак пры ўсёй немагчымасці вярнуцца да старога спакойнага існавання, натуральным імкненнем уладаў з'яўляецца «нармалізацыя» рытму функцыянавання і перавод палітычнага жыцця краіны з вуліц у кабінетныя фарматы.
Ім цяпер, кроў з носу, трэба вырашаць эканамічныя праблемы; прамацваць магчымасці для аднаўлення знешнепалітычнай дзейнасці, хай для пачатку і вельмі кулуарнай, але хоць нейкай; шукаць процівагу расійскаму ціску; дэманстраваць усяму свету ўстойлівасць і стабільнасць сістэмы.
Ва ўмовах, калі вялікія пратэсты ўзялі паўзу, шпіца выцягнулі на першы план на замену аўтамату. Бразганне зброяй было пасланнем аднаго ўзроўню і якасці пад адну абстаноўку. Шпіц — гэта сігнал аб тым, што ўвогуле і цэлым улады бачаць сітуацыю ў краіне прыкладна такой жа, якой яна была тады, калі гэтая жывёла ўпершыню была прадэманстравана: спакойнай і кіраванай, пад кантролем мудрага патрыярха, які ва ўсім разбярэцца.
Зусім не факт, што яны там сапраўды так настроены, аднак трансляваны візуал на знешняга спажыўца цяпер менавіта такі.
Рыторыка сёння другасная, але і яна кажа пра многае. Адна са значных заяў апошняга часу — пра тое, што ў 2021 годзе будзе падрыхтаваны праект новай Канстытуцыі і, такім чынам, прымаць яго пакуль не будуць. Гэта значыць, дэманструецца поўная адсутнасць спешкі і прычын для яе.
Так, трэба сказаць, сёння такая карцінка для ўладаў — лепшае, на што яны маглі разлічваць і яны з задавальненнем яе адыгрываюць і дэманструюць. Аднак гэта падобна толькі на часовае зацішша перад бурай.
Можна падмануць навакольных і нават саміх сябе, але вельмі цяжка падмануць рэальнасць. Крызіс даверу і ўнутранай легітымнасці нікуды не дзеўся. Ніякага дыялогу не адбылося, ні адна з прычын для незадаволенасці не была ўхіленая, а гэта значыць, што незадаволенасці гэтаай і дзявацца няма куды — як было, так і ёсць, падаўленая толькі знешняя форма яе праявы. Аднак яшчэ вялікае пытанне, цяперашняя паўза — яна на карысць уладам ці на шкоду, бо часовы спад пратэстаў цалкам можа паслужыць для назапашвання пратэснай энергіі, якая добра распляскалася летам-восенню.
У ідылічнай карцінцы «заспакоенасці», якую сімвалізуе белы шпіц, крыецца вялізная пастка для ўладаў.Калі ў краіне «ўсё добра» і гэта «ўсё добра» трэба спрабаваць прадаваць пад выглядам стабільнасці, спрабуючы вярнуць хоць грам міжнароднай рэспектабельнасці (а інакш дзе грошы ўзяць?), то і паводзіць сябе трэба будзе так, быццам усё ў рэальнасці добра.
А гэта значыць — праводзіць выбары і электаральныя кампаніі. Ужо ў 2021—22 гэта выбары мясцовых дэпутатаў. У 2023 годзе — парламенцкія, а паміж імі яшчэ можа зачасацца і які-небудзь рэферэндум. Пра прэзідэнцкія загадваць не будзем — да іх яшчэ б дажыць.
Ва ўмовах катастрафічна нізкага рэйтынгу цяперашняй улады, поўнай адсутнасці грамадскага дыялогу і ліквідацыі прычын палітычнага крызісу, цалкам неадэкватнай выбарчай сістэмы, нават мясцовыя выбары (у кантэксце каласальнага росту ўплыву мясцовых супольнасцяў) немінуча стануць чарговым трыгерам выбуху пратэснай актыўнасці. А Беларусі цяпер праз электаральныя кампаніі трэба будзе праходзіць кожны год. І гэта мы яшчэ не кажам пра тое, што пратэсты будуць працягвацца і ўспыхваць з новай сілай зусім не толькі ў сувязі з электаральнымі кампаніямі: вясновыя знакавыя даты (25 сакавіка, угодкі Чарнобыля), роўна як і эканамічныя падставы, ніхто не адмяняў.
Шпіц на абедзенным стале на калядным тыдні — ідылічны малюначак. Але гэта карцінка з разраду «жаданае за рэальнае». Пажар на тарфяніку працягваецца.
Пётр Кузняцоў, facebook.com