Побач з рэзідэнцыяй Лукашэнкі ў Астрашыцкім Гарадку размяшчаюць вайсковую тэхніку
Тэхніку на тэрыторыі псіханеўралагічнага інтэрната для састарэлых і інвалідаў №1 у Астрашыцкім Гарадку заўважылі нядаўна. «Наша Ніва» расказвае, што вядома.
Тэхніку на тэрыторыі псіханеўралагічнага інтэрната заўважылі ў канцы чэрвеня, і з таго часу яе бачна праз плот інтэрната рэгулярна.
Тэхніка падобная да машыны Р-934УМ2 («Навальніца-6»). Гэта станцыя перашкод. Згодна з афіцыйным апісаннем, яны прызначаныя для пошуку, выяўлення, пеленгавання крыніц радыёвыпраменьвання і ліній сувязі ды іх радыёпрыгнечання. Сярод іншага машына дазваляе лакалізаваць крыніцу сігналу беспілотных лятальных апаратаў і знаходзіць іх аператараў.
Машына створана беларускім «КБ Радар». Яна можа лавіць наземны сігнал у радыусе да 50 кіламетраў, а паветраны — да 320 кіламетраў, нават пры далёкасці палёту большай за 10 кіламетраў. Такія машыны ўжо выкарыстоўваліся з вайсковай мэтай: у Азербайджане падчас вайны ў Карабаху і ў Лівіі на баку ўрадавых сіл.
Імаверна, паставілі іх, каб абараняць рэзідэнцыю Лукашэнкі. Да яе адтуль недзе паўтара кіламетра. Невядома, ці знаходзіцца гэтая станцыя там цяпер і з якой нагоды яе там размяшчаюць.
Ці адпавядае закону знаходжанне на тэрыторыі інтэрната вайсковай тэхнікі
Выданне папрасіла юрыстаў сэрвісу бясплатнай і ананімнай юрыдычнай дапамогі Legalhub.help пракаментаваць сітуацыю з юрыдычнага пункту гледжання.
«Псіханеўралагічны інтэрнат і тэрыторыя, на якой ён месціцца, згодна з заканадаўствам, мае статус установы сацыяльнага абслугоўвання. Дзейнасць інтэрнатаў рэгулюецца законам ад 22.05.2000 №395-З (рэд. ад 30.06.2022) «Аб сацыяльным абслугоўванні», пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 10.01.2013 г. №5 (рэдакцыя ад 06.12.2022) «Аб зацвярджэнні палажэнняў устаноў сацыяльнага абслугоўвання», статутам, правіламі ўнутранага распарадку.
Магчымасць знаходжання на тэрыторыі інтэрната вайсковай тэхнікі або вайскоўцаў не прадугледжана ніводным з гэтых дакументаў.
Размяшчэнне сродкаў радыёэлектроннай барацьбы як крыніцы выпраменьвання можна таксама разглядаць з пункту гледжання санітарна-эпідэмічных нормаў, адміністрацыйнай адказнасці, але для гэтага недастаткова інфармацыі.
Акрамя таго, у 2016 годзе Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю. У Канвенцыі адсутнічае прамая забарона на размяшчэнне вайсковай тэхнікі на тэрыторыі, дзе знаходзяцца людзі ва ўстановах несвабоды, з псіханеўралагічнымі асаблівасцямі. Але і да мэт сацыяльнай абароны, выкладзеных у дакуменце, дачынення яна не мае. Напрыклад, сацыяльна-рэабілітацыйнымі паслугамі называецца «комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні якасці жыцця грамадзян, захаванні і ўмацаванні іх здароўя, у тым ліку праз стварэнне ім умоў для незалежнага пражывання і інтэграцыі ў грамадства».
Калі разглядаць размяшчэнне вайсковай тэхнікі на тэрыторыі інтэрната як элемент аховы жыцця грамадзян, то артыкул 11 Канвенцыі абавязвае дзяржаву прымаць дадатковыя неабходныя меры дзеля забеспячэння абароны і бяспекі людзей з інваліднасцю выключна ў сітуацыях рызыкі: узброеныя канфлікты, надзвычайныя сітуацыі, стыхійныя бедствы, якіх у Беларусі на гэты момант не існуе.
Такім чынам, на сёння законна трапіць на тэрыторыю псіханеўралагічнага інтэрната вайскоўцы маюць магчымасць выключна ў якасці кліентаў ці грамадзян, якія наведваюць сваякоў, ці суб’ектаў, што аказваюць сацыяльныя паслугі».
Такім чынам, вайскоўцы ахоўваюць рэзідэнцыю, як у часе надзвычайнай сітуацыі.