Карбалевіч: Ствараючы «народнае апалчэнне», Лукашэнка імкнецца абаперціся на «глыбінны народ»
17 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб народным апалчэнні. Яно, паводле ягонай задумы, павінна стаць дадатковым інструмeнтам абароны рэжыму ад незадаволенага грамадcтва. Але ці стане? — задаецца пытаннем палітолаг Валерый Карбалевіч у аўтарскай калонцы на «Свабодзе».
Ідэя народнага апалчэньня, якую Лукашэнка агучыў год таму, замацавана цяпер на заканадаўчым узроўні.
Хоць гэтая ініцыятыва зьявілася пад узьдзеяньнем вайны ва Ўкраіне ў выніку расейскай агрэсіі, першатворнай крыніцай самой ідэі сталі падзеі 2020 году. Яна выцякае зь цяжкай траўмы, якую Лукашэнка атрымаў у тыя драматычныя дні. Увогуле, варта зазначыць, што ўся палітыка апошніх трох гадоў — гэта суцэльны посттраўматычны сындром. З гэтага гледзішча і варта разглядаць ідэю народнага апалчэньня.
Паводле афіцыйнай канцэпцыі, апалчэньне ствараецца дзеля абароны ў выпадку вонкавай агрэсіі. Як дадатак да войска. Аднак насамрэч гэта інструмэнт, ськіраваны хутчэй супраць унутраных ворагаў, на выпадак нейкіх забурэньняў, падобных да пратэстаў 2020 году. Паводле закону, асноўная задача народнага апалчэньня палягае ў забесьпячэньні правілаў ваеннага становішча. Падчас ваеннага становішча ўлада на месцах павінна канцэнтравацца ў руках вайсковых кіраўнікоў, вайсковых камэндантаў. І паводле лёгікі, апалчэнцы павінны дапамагаць вайскоўцам бараніць краіну ад іншаземных захопнікаў.
Але ў законе гаворыцца, што народнае апалчэньне павіннае садзейнічаць тэрытарыяльным органам унутраных справаў. А функцыя міліцыі палягае ў забесьпячэньні парадку і законнасьці ўнутры краіны, а не ў абароне ад вонкавых ворагаў.
Інакш кажучы, народнае апалчэньне, паводле новага закону, паклікана стаць дадатковым інструмэнтам абароны рэжыму ад незадаволенага грамадзтва.
Справа ў тым, што Лукашэнка ніяк ня можа зьмірыцца з фактам, што ў 2020 годзе супраць ягонай улады выступіла большасьць грамадзтва, і ён ужо не «народны прэзыдэнт». Чвэрць стагодзьдзя ідэалягічны канструкт рэжыму грунтаваўся на тым, што ўвесь беларускі народ аднадушна падтрымлівае правадыра. Таму ў Беларусі няма і ня можа быць апазыцыі. (З гэтай прычыны і няма апазыцыянэраў у парлямэнце). Ёсьць купка «адмарозкаў», купленых за даляры, якіх называюць апазыцыяй, але ж гэта не народ.
Лукашэнка сам актыўна падтрымліваў гэтую міталёгію, часта апавядаў розныя гісторыі, як яго любіць народ. Таму лічыў сябе ня проста прэзыдэнтам, а «бацькам» нацыі. На гэтай падставе быў упэўнены, што мае права кіраваць не паводле пісаных законаў, а «па справядлівасьці», апэляваў да насельніцтва цераз галовы ўсіх дзяржаўных інстытутаў.
Цяпер адмовіцца ад гэтага міту, вобразу, прызнаць свой чалавечы і палітычны крах, усьвядоміць, што тры гады таму грамадзтва зрабіла гістарычны крок ад любові да нянавісьці, псыхалягічна невыносна. Бо як з гэтым жыць далей? Тады трэба сыходзіць. А да такога могуць дадумацца толькі ворагі.
Ён імкнецца ўпэўніць сам сябе, што ў 2020 годзе на вуліцу выйшла нейкая купка бузацёраў, у асноўным айцішнікі і прыватнікі, у якіх ад вялікіх грошай памутнела ў галаве, і яны захацелі нейкай незразумелай свабоды.
А вось ёсьць сапраўдны, «глыбінны народ», які яго па-ранейшаму любіць. Таму і трэба зьвярнуцца па дапамогу да гэтага «глыбіннага народу». 3 чэрвеня 2022 году ён паспрабаваў растлумачыць, што мае на ўвазе: «І я падумаў, што нам на ўсялякі выпадак трэба пры кожным сельскім савеце мець вось гэтае народнае апалчэньне, групу людзей. Іх будзе няшмат. Можа, 50 чалавек...» Зьвярніце ўвагу, Лукашэнка кажа не пра сталічны мікрараён, а пра сельсавет. Там, у сельскай мясцовасьці, жыве, як ён лічыць, ягоны надзейны электарат. Яго і трэба паклікаць на сваю абарону. Бо войска, міліцыі, КДБ, АМАПу і іншых сілавых структураў недастаткова. (Страх вялізных натоўпаў, якія два месяцы атачалі прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, сядзіць глыбока). Трэба яшчэ ўзброіць пажарнікаў, рыбаловаў і паляўнічых. Каго яшчэ? Дзе ўзяць надзейную апору? Вось вяскоўцы ёю і стануць.
Паводле закону, народнае апалчэньне будзе стварацца зь ліку добраахвотнікаў, якіх узброяць. Але тут дзьве праблемы.
Па-першае, узброеныя добраахвотнікі ў дыктатарскай дзяржаве, дзе ўсё пад жорсткім кантролем дзяржаўных органаў, гэта нонсэнс. Дарэчы, у траўні гэтага году ў Ваўкавыскім раёне прайшлі вучэньні народнага апалчэньня (пры адсутнасьці адпаведнага закону!), арганізаваныя Міністэрствам абароны. Трэба разумець, што ў гэтым раёне раптам зьявілася вялікая колькасьць добраахвотнікаў, якія прасілі Мінабароны выдаць ім аўтаматы і правесьці вучэньні. У іншых раёнах добраахвотнікаў чамусьці не знайшлося.
Другая праблема. Справа ў тым, што найбольш актыўная, дынамічная частка грамадзтва, здольная да самаарганізацыі і салідарнасьці, — гэта праціўнікі Лукашэнкі. А якраз лукашэнкаўскія прыхільнікі («ябацькі») — людзі пасыўныя, якія прызвычаіліся спадзявацца на дзяржаву. Усе акцыі ў падтрымку Лукашэнкі ў 2020 годзе былі не стыхійным народным рухам, іх ладзілі дзяржаўныя органы, якія мабілізавалі бюджэтнікаў, прывозілі на аўтобусах, давалі ў рукі афіцыйныя сьцягі. З добраахвотнікамі ў гэтым асяродзьдзі — вялікая напруга.