Пра што гаварылі ў Вене прадстаўнікі ЕС і офіса Ціханоўскай

Сёння ў Вене праходзіць Міжнародная канферэнцыя па Беларусі. Яе ініцыяваў канцлер Аўстрыі Аляксандр Шаленберг. Еўрарадыё коратка пераказвае самае важнае.

Вена. Фота: Unsplash

Вена. Фота: Unsplash

Лукашэнку паклічуць на дыялог?

"Дыялог" — самае шматзначнае слова 2021 года. Калі апазіцыя пачынае заклікі да дыялогу, ёй тут жа даводзіцца тлумачыць, які менавіта дыялог яна мае на ўвазе. І ці паклічуць на дыялог "рэжым".
Калі Франак Вячорка абвясціў, што ў лістападзе ў Вене пройдзе Міжнародная канферэнцыя па Беларусі, спрачаліся ўсё пра тое ж. Што гэта будзе: дыялог ці перамовы? А Лукашэнка паклічуць?
Выступаючы на прэс-канферэнцыі ў Вене, Святлана Ціханоўская дала такое вызначэнне паняццю дыялогу:
"Калі я кажу "дыялог", я не маю на ўвазе дыялог паміж Захадам і беларускім рэжымам. Няма сэнсу што-небудзь абмяркоўваць з Лукашэнкам. Яму проста нельга давяраць. Яго нельга перавучыць. Вопыт паказвае: працуе толькі ціск".
Дыпламатычнай мовы рэжым таксама не разумее, сказала Ціханоўская.
Вячорка ж, анансуючы перамовы, казаў так. Хацелася б бачыць у Вене прадстаўнікоў і беларускай дэмакратычнай грамадскасці, і еўрапейскіх структур, і так — прадстаўнікоў Лукашэнкі таксама. Ён дадаваў, што, хутчэй за ўсё, выклік прымуць толькі эксперты.
Прадстаўнікі дзейнай улады не прыехалі.

Канцлер Аўстрыі Аляксандр Шаленберг асабіста абмяркоўваў магчымасць візіту прадстаўнікоў афіцыйнага Мінска ў Вену з кіраўніком беларускага МЗС Уладзімірам Макеем. І ён лічыць, што трэба працягваць ствараць магчымасці для дыялогу ці перамоваў — як іх ні назаві.

Ніякіх папярэдніх умоў [для ўдзелу ў канферэнцыі — Еўрарадыё] не было, гэтая канферэнцыя была магчымасцю. І мы хацелі, каб яны ўбачылі гэтую магчымасць. Калі яны гэтага не зрабілі — гэта іх справа. Але я веру, мы павінны працягваць ствараць ініцыятывы, магчымасці, каб уцягнуць іх у дыялог. Таму што гэта тое, чаго хоча міжнародная супольнасць ад іх.


Санкцыі: не нашкодзьце тым, каго вы абараняеце

Канцлера Шаленберга спыталі, ці плануе Аўстрыя спыніць або знізіць інвестыцыі ў Беларусь. Канцлер падзякаваў за пытанне, таму што яно нарэшце дазволіла яму паразумецца і выразна артыкуляваць пазіцыю краіны.
Па-першае, Аўстрыя не інвесціруе ў дзяржаўныя беларускія кампаніі. Па-другое, Аўстрыя размяжоўвае ціск на рэжым і ціск на беларусаў.
Трэба правесці вельмі тонкую лінію: мы не хочам закрануць людзей Беларусі, якія ўжо пад ціскам беларускага рэжыму. Мы не хочам ім нашкодзіць. <…> Не нашкодзіць тым, каго абараняеш.
Беларусам патрэбная падтрымка, а не санкцыі, сказаў канцлер.
Яшчэ адзін аргумент канцлера: калі заходнія кампаніі, якія жывуць, кіруючыся законам і выконваючы правы чалавека, сыдуць з Беларусі, іх месца зоймуць іншыя. І для іх сацыяльная адказнасць і захаванне правоў чалавека, магчыма, будуць зусім не так важныя.
За тэму санкцый на прэс-канферэнцыі адказваў камісар ЕС Олівер Вархелі. Пяты пакет санкцый яшчэ рыхтуецца, і пакуль незразумела, якія менавіта кампаніі ў яго ўвойдуць. Ці патрапіць туды "Белавія", таксама пакуль незразумела. Перамовы яшчэ працягваюцца.

Сітуацыя з мігрантамі не ўнікальная

Канцлер Аўстрыі не лічыць сітуацыю на беларуска-польскай мяжы ўнікальнай. Ён нагадвае аб нядаўнім крызісе на турэцка-грэцкай мяжы.
І наша рэакцыя цяпер можа паказаць, можа паслаць сігнал трэцім краінам: так, вы можаце шантажаваць Еўрапейскі Саюз. Я ўпэўнены, вельмі важна адрэагаваць цвёрда, адрэагаваць разам.
Ён не лічыць, што Польшча, Літва і Латвія павінны ў адзіночку абараняць межы ЕС. Па словах Шаленберга, Еўропа цяпер мае справу з рэжымам, які не пасаромеўся выкарыстоўваць "найслабейшых са слабых", каб паслаць палітычнае паведамленне.
Дзейнічаць трэба на апярэджанне — трэба прымаць такія рашэнні, якія дазволяць спыніць патокі міграцыі да таго, як людзі апынуцца на мяжы.
Журналісты спыталі і пра званок Меркель. Што думае пра гэта Ціханоўская, мы ведаем:
"Я разумею, чаму гэта было зроблена. Дзеля гуманітарнай мэты. Для дээскалацыі сітуацыі на мяжы. Але, як беларус, з боку беларускіх людзей скажу: гэта выглядала дзіўна", — сказала яна.
Але дадала, што яе запэўнілі — гэта не было знакам легітымізацыі.
Аўстрыйскі канцлер прызнае: гледзячы на публічныя заявы Мінска, ён сумняваецца, што прамы дыялог па гэтай тэме будзе эфектыўным.
"Лукашэнка нават не спрабуе схаваць сваіх матываў, якія стаяць за сітуацыяй на мяжы. [...] Але так, ён той, хто павінен быць уцягнуты [у дыялог — Еўрарадыё]".