У Вене пачалася міжнародная канферэнцыя аб будучыні Беларусі

Праз эпідэмічнае становішча міжнародная канферэнцыя «На шляху да шчаслівай і бяспечнай будучыні Беларусі» праходзіць у віртуальным фармаце, перадае Радыё Свабода.

Прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Бэлен і Святлана Ціханоўская ў Вене, красавік 2021

Прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Бэлен і Святлана Ціханоўская ў Вене, красавік 2021

Канферэнцыю арганізавалі федэральны канцлер Аўстрыі Аляксандр Шаленберг і міністр замежных спраў Міхаэль Лінхарт пры ўдзеле Офісу Святланы Ціханоўскай, паведамліла яе прэс-служба.
Святлану Ціханоўскую прывіталі канцлер Аўстрыі Аляксандр Шаленберг і міністр замежных спраў Міхаэль Лінхарт.
Відэа самой канферэнцыі не будзе даступнае ў інтэрнэце, відэатрансляцыя прэсавай канферэнцыі будзе арганізаваная Офісам канцлера Аўстрыі з 12 гадзін па мясцовым часе.
Апрача арганізатараў, у канферэнцыі бяруць удзел камісар Еўразвязу ў пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі суседства Олівер Вархелі, а таксама міністры замежных спраў Славеніі, Германіі, Славакіі, Фінляндыі, Латвіі і Эстоніі.
Сярод іншага, на канферэнцыі збіраюцца ацаніць ролю АБСЕ ў барацьбе з рэжымам Лукашэнкі ў шэрагу пытанняў, сярод якіх фальсіфікацыі выбараў, гуманітарны крызіс, грубыя парушэнні правоў чалавека, наступствы для рэгіянальнай бяспекі пасля згону самалёта Ryanair, міграцыйны крызіс і адмова ад вяршэнства закону. Чакаецца, што Святлана Ціханоўская выступіць з праграмнай прамовай.
«Правядзенне міжнароднай канферэнцыі такога ўзроўню яшчэ раз падкрэслівае, што вырашэнне палітычнага крызісу ў Беларусі з'яўляецца цэнтральным пытаннем для Еўропы сёння, — адзначыла Ціханоўская. — Я ўдзячная федэральнаму канцлеру Шаленбергу і міністру Лінхарту за арганізацыю гэтай канферэнцыі і садзейнічанне ў пошуку канструктыўных падыходаў да ўрэгулявання крызісу з удзелам дэмакратычных сілаў Беларусі».
Падчас канферэнцыі таксама пройдуць тэматычныя дыскусіі з удзелам міжнародных экспертаў і дыпламатаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл Беларусі.

Улады адмовіліся ўзяць удзел

Раней афіцыйны Мінск адмовіўся ад удзелу ў венскай канферэнцыі аб Беларусі. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей назваў яе «бясплённай і бессэнсоўнай задумай».
«Больш за тое, мы разглядаем яе як абсалютна недружалюбны крок у дачыненні да Беларусі. Ніхто з афіцыйных асобаў беларускага боку ў ёй удзелу браць не будзе. Хай для галачкі яны правядуць гэтую імпрэзу, абмяркоўваючы каторы раз з вядомымі беглымі апанентамі ўлады перспектывы змянення ўлады ў Беларусі, не маючы на тое аніякіх сілаў і здольнасцяў», — заявіў Макей падчас сумеснай прэсавай канферэнцыі з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым у Маскве.
Расійскі міністр Лаўроў падтрымаў Макея. Ён сказаў, што «так дыялог не запускаюць».