Права на свабоду немагчыма адабраць

Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская і міністарка замежных спраў Германіі Аналена Бербак апублікавалі сумеснае эсэ ў нямецкіх СМІ. Публікуем яго пераклад.

img_2433_logo.jpg.webp

Ірына любіць катацца на каньках. На крытым катку або калі возера замярзае зімой. Бабуля, якая яе выгадавала, згадвае, як яны разам збіралі пазлы. Часам гадзінамі.

Улетку 2020 года Ірына, якой яшчэ не споўнілася 20 гадоў, выйшла на акцыю пратэсту. Неўзабаве пасля гэтага прыехалі сілавікі і схапілі яе. З таго часу Ірына знаходзіцца ў турме. Мы не хочам называць тут яе сапраўднае імя, каб не пагоршыць яе становішча. Ірына знаходзіцца ў такой жа сітуацыі, як і 1500 іншых зняволеных у Беларусі, якіх рэжым Аляксандра Лукашэнкі арыштаваў па палітычных матывах.

Грамадзяне, якія прымалі ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Журналісты, якія асвятлялі гэтыя акцыі пратэсту. Студэнты, якія малявалі плакаты пратэсту ў сваіх універсітэтах. Бабулі, якія раздавалі кветкі сілавікам на жаночых маршах. Бацькі, якія выйшлі на вуліцы дзеля будучыні сваіх дзяцей.

Гэтыя людзі натхнілі ўсю Еўропу. І мы іх не забудзем.


Глядзіце таксама

Як у палітыкаў, у кожнай з нас свой погляд на Беларусь. Нашы месцы нараджэння, Мікашэвічы і Гановер, знаходзяцца на адлегласці 1200 км адно ад аднаго. Гэта месцы, якія сфарміравалі нас, выпусцілі нас у жыццё. Жыццё ў свабоднай і дэмакратычнай Заходняй Германіі. Жыццё ў Савецкім Саюзе і пры дыктатуры ў Беларусі.

Якімі б рознымі ні былі нашы гісторыі, нас аб'ядноўвае агульнае перакананне, што кожны чалавек мае права быць свабодным. Што выходзіць на вуліцы, каб выказаць сваё меркаванне, — гэта не злачынства. І што кожнае грамадства павінна мець магчымасць выбіраць, хто ім будзе кіраваць.

Гэтая свабода з'яўляецца асновай нашай мірнай Еўропы. Менавіта дзеля гэтай свабоды людзі ў Беларусі выйшлі на вуліцы ў 2020 годзе. І менавіта гэтую свабоду так ненавідзіць рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

У выніку яго крытыкі сутыкаюцца з усё больш жорсткім абыходжаннем. Не ў апошнюю чаргу жанчыны. Такія жанчыны, як Ірына. Таму што менавіта такіх жанчын, як Ірына, баяцца дыктатары ва ўсім свеце. Таму што менавіта жанчыны зрабілі мірныя пратэсты ў Беларусі такімі магутнымі.

Усяго некалькі тыдняў таму сілавікі Лукашэнкі зноў нацэліліся на сем'і палітвязняў. З арыштамі і рэйдамі па іх дамах. Між тым, з мінулага года беларусы за мяжой больш не могуць звяртацца па пашпарты ў консульствы і амбасады краіны. Яны павінны вярнуцца туды, дзе дзяржаўны апарат зможа іх замкнуць.

Дыктатура, якая так жорстка пераследуе сваіх грамадзян, у рэшце рэшт накіруе сваю агрэсію і вонкі.

І таму не выпадкова, што Лукашэнка прымусіў еўрапейскі самалёт прызямліцца, каб перахапіць і затрымаць блогера, які накіроўваўся ў Вільню. Што яго рэжым дастаўляў людзей самалётамі з «гарачых кропак», каб дэстабілізаваць памежную зону ЕС. Што Лукашэнка дазволіў Расіі выкарыстоўваць краіну ў якасці адной са стартавых пляцовак для агрэсіўнай вайны супраць Украіны, базы для трэніровак салдат і вылетаў знішчальнікаў. Што ён працягвае падтрымліваць расійскага прэзідэнта — нягледзячы на тое, што гэтая вайна зусім непапулярная ў Беларусі.


Глядзіце таксама

Што часта выслізгвае з-пад увагі грамадскасці ў цень жорсткага імперыялізму Пуціна, дык гэта тое, што апарат улады ў Беларусі таксама з'яўляецца рэпрэсіўным і агрэсіўным рэжымам. Дыктатура, а не ахвяра Пуціна. Пакуты людзей у Беларусі пачаліся не ў 2020 годзе; беларусы дзесяцігоддзямі жылі без свабоды.

Таму мы працягнем аказваць ціск на кіраўнікоў у Мінску. Мы — гэта Еўрапейскі Саюз, які ўводзіць санкцыі супраць прыхільнікаў рэжыму: вайскоўцаў, супрацоўнікаў органаў бяспекі і юстыцыі, прапагандыстаў, алігархаў і фінансістаў — шляхам унясення ў спісы і забароны на імпарт. Мы — палітыкі, якія падтрымліваюць дэмакратычныя сілы ў Беларусі і ў выгнанні. З праграмамі абароны дэмакратычных сіл і сваякоў палітвязняў, з экстраннай дапамогай СМІ ў выгнанні. І таксама са спробамі знайсці альтэрнатывы беларускім пашпартам.

Таму што мы не будзем сядзець склаўшы рукі і назіраць, як людзі ў Беларусі знікаюць за новай «жалезнай заслонай». Гэтыя людзі належаць Еўропе. Яны еўрапейцы.

І таму мы не пакінем надзею на свабодную, незалежную Беларусь.

Для Ірыны, якая ўжо шмат гадоў не можа катацца на каньках. Гэтак жа, як і для студэнтаў, бабуль, журналістаў і бацькоў.


Глядзіце таксама

А таксама для нашай сяброўкі Марыі Калеснікавай, якая знаходзіцца ў турме за тое, што стала тварам пратэстаў 2020 года. Калі яе ўпершыню затрымалі, Марыя ўсё яшчэ магла адпраўляць лісты сваёй сям'і. Яна напісала свайму бацьку: «Я ні на хвіліну не шкадую аб сваім рашэнні. Свабода вартая таго, каб за яе змагацца».

Вось ужо год ні яе сям'я, ні адвакаты не маюць з ёй аніякіх кантактаў. Мы не ведаем, у якім стане Марыя. Але мы ведаем, што яе барацьба за свабоду працягваецца, што яна была не марнай — таму што мужныя людзі працягваюць яе.

Мы стаім на яе баку. Таму што права на свабоду немагчыма адабраць.