Якаўлеўскі: па армянскім пытанні згоды няма
Пуцін даў загад падпісаць дамову аб далучэнні Арменіі да ЕАЭС. Ці ўзрадуюцца гэтаму распараджэнню лідары Беларусі і Казахстана? Пра гэта разважае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.
«Прыняць прапановы ўрада Расійскай Федэрацыі аб падпісанні Дамовы аб далучэнні Рэспублікі Арменія да Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 мая 2014
года», — гаворыцца ў дакуменце, падпісаным Пуціным. Міністэрству эканамічнага
развіцця Расіі прадастаўлена права падчас перамоваў аб падпісанні згаданае дамовы ўносіць у яе праект, ухвалены кабінетам міністраў, змены, якія не маюць прынцыповага характара.
«Лічыць мэтазгодным падпісаць дамову, прадугледжаную цяперашнім распараджэннем, на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў
дзяржаваў», — адзначаецца ў распараджэнні Пуціна.
Сэнс і наступствы такога рашэння Пуціна «Новаму Часу» каментуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.
— Рашэнне Пуціна яшчэ не з’яўляецца рашэннем іншых яго партнёраў па ЕАЭС, бо яно
яшчэ будзе прадстаўлена на разгляд кіраўнікоў дзяржаваў (Беларусі і Казахстана). Наколькі вядома, па армянскім пытанні згоды няма. І гэта звязана з пазіцыяй Казахстана, бо існуе і захоўваецца
небяспека, што ў выпадку ўваходжання ў ЕАЭС Арменіі, якая наўпрост не мяжуе з краінамі Мытнага саюза, у яго разам з Арменіяй можа ўвайсці і не прызнаная міжнароднай супольнасцю Нагорна-Карабахская
Рэспубліка, — кажа эксперт.
— Але і гэта яшчэ не ўсё. Справа ў тым, што разам з Азербайджанам чалец мытнага саюза
Казахстан уваходзіць у так званую Групу цюркамоўных дзяржаваў — гэта такая міжнародная
структура, якая калісці была заснаваная ў Бішкеку і дзе дамінуе Турцыя. Туды ўваходзяць Турцыя, Азербайджан, Казахстан, Кыргызстан, а таксама чакаецца больш актыўны ўдзел у гэтай структуры
Туркменістана і Узбекістана. Але Казахстан з’яўляецца там вельмі актыўным удзельнікам, — кажа Раман Якаўлеўскі.
Паводле яго словаў, звяртае на сябе ўвагу той факт, што гэтае рашэнне Пуціна было агучана пасля нядаўняй інаўгурацыі ў Анкары прэзідэента Эрдагана, на якой прысутнічаў Назарбаеў.
— На маю думку, пытанне каконт Арменіі канчаткова не вырашана менавіта з
прычыны пазіцыі цюркамоўнага Казахстана. Што тычыцца Беларусі, то Лукашэнка апынуўся ў вельмі складанай сітуацыі, бо ў яго вельмі добрыя стасункі як з прэзідэнтам
Арменіі, так і, асабліва прадкрэслю, з прэзідэнтам Азербайджана. Гэтае пытанне ўздымаецца не першы раз. Казахстан ужо адклаў да восені разгляд пытання аб уключэнні Арменіі ў Мытны саюз менавіта з-за
сваёй пазіцыі, якая салідарная з пазіцыяй Азербайджана, не члена Мытнага саюза, але гэтыя дзве краіны ўваходзяць у Групу цюркамоўных дзяржаваў, — нагадвае эксперт.
Такім чынам, мяркуе ён, рашэнне Пуціна яшчэ не ёсць канчатковым. Але, разам з тым, такое рашэнне можа яшчэ больш абвастрыць не толькі стасункі паміж Баку і Ерэванам, што назіраецца апошнім
часам, але таксама паміж Баку і Масквой.
— Пазіцыя Астаны таксама заслугоўвае асаблівае ўвагі, і наступныя
мерапрыемствы, дзе будуць разглядацца гэтыя пытанні, дададуць большай яснасці ў пазіцыі Казахстана, але гэтая пазіцыя вельмі неадназначная. Што да самога Пуціна, то такое ўражанне, што ўсё ж такі мае
рацыю канцлер Германіі Ангела Меркель, калі кажа, што Пуцін не сябруе з рэальнасцю. Ягоныя паводзіны лагічныя ў плане паступальнасці ў рэалізацыі планаў пашырэння не столькі «рускага
свету», колькі пашырэння ўплыву Расіі. Магчыма, гэта яшчэ адзін крок да разбурэння гэтага еўразійскага праекта ЕАЭС, — рэзюмуе суразмоўца «Новага Часу».