Словы Назарбаева пра выхад з Мытнага саюза «няправільна зразумелі»

Старшыня Камітэта па міжнародных справах, абароне і бяспецы ніжняй палаты парламента Казахстана Маўлен Ашымбаеў пракаментаваў рэзананснае выказванне Уладзіміра Пуціна аб казахстанскай дзяржаўнасці.



nazarbajeu1.jpg

«Я мяркую, што казаць пра тое, што на тэрыторыі Казахстана не было дзяржаўнасці, — гэта няправільна. Можа быць, гэта было выдзерта з кантэксту заявы кіраўніка расійскай дзяржавы, можа быць, гэтая была сітуацыя, у якой быў нейкі экспромт, а не падрыхтаваная заява. Але казаць пра тое, што на тэрыторыі Казахстана не было дзяржаўнасці, я мяркую, гэта няправільна», — сказаў Ашымбаеў.
Ён таксама растлумачыў выступ Назарбаева пра магчымасць выхаду з інтэграцыйных аб'яднанняў, у выпадку, калі гэтыя аб'яднанні будуць пагражаць незалежнасці Казахстана.
«Размова не ішла канкрэтна аб выхадзе з Мытнага саюза (у сувязі) з канкрэтнымі падзеямі ва Украіне. Гаворка ішла пра тое, што ў Казахстана заўсёды ёсць магчымасць выйсці з дамоваў, якія мы падпісваем, з міжнародных арганізацый. Гаворка ішла пра тое, калі дамоўленасці ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза не будуць выконвацца, як гэта прапісана ў дамовах, калі нейкія фактары будуць уплываць на нашу бяспеку, на нашы нацыянальныя інтарэсы, у Казахстана маецца магчымасць выйсці з Еўразійскага эканамічнага саюза. Прэзідэнт краіны казаў пра гэта», — сказаў Ашымбаеў.
Ён дадаў, што «гаворка канкрэтна не ішла, што мы зараз хочам выйсці ці мы збіраемся выходзіць».
Ён звярнуў увагу на тое, што ў такіх дагаворах ёсць механізм па выхадзе яго ўдзельнікаў.
tengrinews.kz