Расія і культура нянавісці

Днямі зноў пра сябе заявілі прадстаўнікі вышэйшага кіраўніцтва Расіі. Заявілі, як звычайна, у адмоўным ключы. Спачатку Рамзан Кадыраў заклікаў забіраць тэрыторыі тых дзяржаў, прадстаўнікі якіх дрэнна адклікаюцца аб Расіі, яе народзе і Пуціне асабіста. Потым ужо былы прэзідэнт Мядзведзеў піша поўны нянавісці допіс у сваім Тэлеграме, дзе заклікае знішчаць «ублюдкаў».

Пуцін і карыкатурная карта Расіі. Крыніца: obdamaskin.livejournal.com

Пуцін і карыкатурная карта Расіі. Крыніца: obdamaskin.livejournal.com

Што гэта? Чарговая спроба накачкі расійскага грамадства? Назіраючы за расійскім інтэрнэтам, у мяне ўзніклі сумненні ў яе неабходнасці.

Фантомныя болі

Даслоўна паведамленне Дзмітрыя Мядзведзева выглядае так: «Мяне часта пытаюцца, чаму мае пасты ў Тэлеграме такія рэзкія. Адказваю — я іх ненавіджу. Яны ўблюдкі і вылюдкі. Яны хочуць смерці нам, Расіі. І пакуль я жывы, я буду рабіць усё, каб яны зніклі». Можна падумаць, што Дзмітрый Анатольевіч проста пакрыўдзіўся на краіны Захаду з-за санкцый, якія замінаюць расійскім элітам весці звыклы для іх лад жыцця з віламі і яхтамі. Але, здаецца, не ўсё так проста.

Тут самай цікавай з’яўляецца сакральная ўзгадка аб Расіі. Кіраўнікі суседняй дзяржавы даўно ўжо прызвычаіліся атаясамляць сябе наўпрост з краінай, якой кіруюць, поўнасцю злучыўшы паняцці ўлады, дзяржавы і народа. Тыя самыя знакамітыя «праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць». І вельмі падобна на тое, што большасць расійскага народа такая сітуацыя поўнасцю задавальняе. Многія расіяне і цяпер жывуць у імперскай парадыгме. Яны вераць, што яны — вышэйшая нацыя, лепшая за астатніх. Бяскрайнія рускія прасторы і ядзерная зброя надаюць шараговаму жыхару якой-небудзь Волагды магчымасць адчуць сваю прыналежнасць да нечага вялікага.

Акрамя адчування асабістай выключнасці, па меркаванні патрыятычна настроенай часткі насельніцтва Расіі, трэба не забывацца на шматлікіх ворагаў. Ворагі рускага патрыёта — гэта ўсе, акрамя яго самога. Галоўны праціўнік тут, канечне, ЗША. Менавіта Штаты з'яўляюцца ўвасабленнем варожага свету. Еўропа, можа, і хацела б быць мякчэйшай, але не можа супрацьстаяць Амерыцы, таму ў цяперашнія цяжкія часы еўрапейцы таксама сталі адкрытымі ворагамі. Згодна з думкамі рускага патрыёта, пры СССР быў справядлівы біпалярны свет, у эпоху слабасці постсавецкай Расіі ён ператварыўся ў аднапалярны, а таму выгадны Захаду, які, кіруючыся сваімі інтарэсамі, усяляк падтрымліваў аслабляючыя Расію змены. Але як толькі пры Пуціне кірунак змяніўся, як толькі краіна паказала, што больш не згодная на такую прыніжаную ролю на сусветнай арэне, увесь свет не мог не выступіць супраць яе, а пагарда да слабой Расіі змянілася нянавісцю да Расіі моцнай.

Увесь свет – вораг. Крыніца: vasya-lozhkin.ru

Увесь свет – вораг. Крыніца: vasya-lozhkin.ru

Акрамя ЗША і іх сатэлітаў ёсць і іншыя палітычныя сілы, якія ненавідзяць Расію, а таму не жадаюць аднаўлення яе магутнасці. Гэта розныя здраднікі, «пятая калона», «укропы». Ворагі, не менш небяспечныя, чым Амерыка, хоць і не самастойныя, якія цалкам знаходзяцца пад уплывам Захаду, «кормяцца з яго рук».

Гэта можа падацца перабольшаннем, але апытанні, праведзеныя незалежнымі сацыялагічнымі цэнтрамі, паказваюць, што калі нават гэта і так, не яно не надта вялікае. Пасля ўварвання Расіі ва Украіну 24 лютага рэйтынг падтрымкі Уладзіміра Пуціна вырас, па розных падліках, ад 61% да 75%. А пасля анексіі Крыма ў 2014 годзе ён узлятаў аж да 86%.

Каты-піянеры. Крыніца: vasya-lozhkin.ru

Каты-піянеры. Крыніца: vasya-lozhkin.ru

Гістарычны падмурак

Імперская дзяржаваўтваральная парадыгма адмаўляе любую адкрытую нязгоду. Напэўна, гэта ёсць спадчынай Залатой арды. Манголы верылі ў сваю звышмісію. У тое, што зверху ёсць неба, пад небам ёсць хан і ўсё жывое мусіць яму падпарадкоўвацца. Менавіта ардынская сістэма дзяржаўнага будаўніцтва была ўзята на ўзбраення спачатку ўладзімірскімі, а пасля і маскоўскімі князямі.

Гістарычнае саперніцтва паміж вечавай дэмакратычнай і княжацкай уладай завяршылася на карысць апошняй. Ардынскі ярлык, які ўручаўся князям як сімвал права на кіраванне рускімі землямі, які падмацоўваўся да таго ж ваеннай магутнасцю татарскай конніцы, стаў значным аргументам дамінавання самаўладных князёў у іх адносінах з вечавым сходам.

Такая сістэма кіравання абумовіла дэспатычны характар усіх сфер расійскай дзяржаўнай улады, у якой усе дваране і нават самыя вышэйшыя саноўнікі абцяжарваліся абавязкамі перад дзяржавай і ў адносінах да апошняй з'яўляліся такімі ж халопамі, як і просты селянін.

Таму не дзіўна, што расіяне сёння ставяць побач Іосіфа Сталіна і Аляксандра Неўскага ў апытаннях пра «найвялікшых лідараў усіх часоў ды народаў». Яны абсалютна для іх не адрозніваюцца. У межах імперскай парадыгмы зусім не важна, існуе Расія ў якасці Расійскай Федэрацыі, Расійскай імперыі ці Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

Ідэалагічная пустэча

Расіяне ўспрымаюць сябе і сваю краіну як ахвяр гістарычнай несправядлівасці. Маўляў, Расія заўсёды была міралюбівай, яна ніколі не пачынала войнаў, яна толькі спрабавала адстойваць свае інтарэсы. Рускія заўжды былі гуманныя, ворагі жорсткія. Расія ўсяго толькі абараняе свае інтарэсы. Маральная правата заўсёды на баку Расіі, таму нянавісць да яе нічым не абгрунтаваная.

Але за межамі ўласна Расіі гэтая прапаганда зусім не працуе. Напэўна, яно і не магла спрацаваць. Справа ў тым, што галоўная ідэя афіцыйнай Масквы — праславутае аднаўленне гістарычнай справядлівасці — рэч выключна для ўнутранага карыстання. Гэта нават не перамога камунізму ва ўсім свеце, якую некалі прасоўваў Савецкі Саюз. У таго хаця б была ўласная ідэалогія, якая намагалася супрацьстаяць уплывам з Захаду. Атрымалася, што сучаснай Расіі проста няма чаго прапанаваць свету, акрамя бамбардзіровак гарадоў тых краін, народы якіх асмеліліся выступіць супраць імперскай дактрыны Крамля. Прыклады Сірыі і Украіны ва ўсіх перад вачамі. Таму ў крамлёўскай улады застаецца толькі адзіны шлях — татальная ізаляцыя і новая жалезная заслона. Маўляў, глядзіце, грамадзяне, як нас усе вакол ненавідзяць, а мы ж хацелі як лепш, так што згуртуемся яшчэ мацней у нашай абложанай крэпасці і забаронім што-небудзь яшчэ.

Пры гэтым часта забараняюцца рэчы, цалкам неабходныя ў любой краіне. Так, Дзярждума Расійскай Федэрацыі, нягледзячы на пратэсты навукоўцаў, прыняла законапраект, які забараняе займацца асветніцкай дзейнасцю без адпаведнага дазволу ўладаў.

Пад асветніцкай дзейнасцю разумеецца «ажыццяўляемая па-за рамкамі адукацыйных праграм дзейнасць, накіраваная на распаўсюджанне ведаў, уменняў, навыкаў, каштоўнасных установак, досведу і кампетэнцыі ў мэтах інтэлектуальнага, духоўна-маральнага, творчага, фізічнага і (або) прафесійнага развіцця чалавека, задавальнення яго адукацыйных і інтарэсаў, і закранае адносіны, якія рэгулююцца заканадаўчымі актамі РФ». Гэта значыць, расійскія дэпутаты ўласнымі рукамі адсякаюць сваю краіну ад дасягненняў сучаснай навукі. Здавалася б, любому нармальнаму чалавеку зразумела, якім чынам гэтая ініцыятыва адаб’ецца на далейшым лёсе расійскай адукацыі. Але такія захады знайшлі даволі шырокую падтрымку сярод насельніцтва.

Гэта ўсё не па-сапраўднаму. Крыніца: vasya-lozhkin.ru

Гэта ўсё не па-сапраўднаму. Крыніца: vasya-lozhkin.ru

Тут узнікае яшчэ адна характэрная для шмат каго з расіян рыса — незразумелая прага да гвалту. Вынікае, што гвалт — лепшы сябар рускага патрыятызму. Здаецца, што іншых сяброў у рускага патрыёта ўсё роўна няма. Таму ён заўжды ў захапленні ад Сталіна, Берыі ці Івана Жахлівага. Ён упарта апраўдвае сваю ўладу ў Крамлі. Можа, нават і не надта яе любіць. Але ўсё роўна іх апраўдвае. Бо лічыць іх тымі дровамі, без якіх рускае вогнішча не будзе гарэць. Можа, гэта і не самыя лепшыя людзі ў свеце, але свае. Гэтая сляпая апантанасць усё больш пачынае нагадваць сапраўдны культурны код народа. Тую самую нацыянальную ідэю.

Нават калі чалавек адчувае сябе рускім лібералам, на справе часта гэта ўсё роўна той жа імперац. Па іх меркаванні, Расію проста немагчыма не любіць. Бо Расія ж выйграла вайну. У Расіі быў Пушкін. У Расіі быў Таркоўскі. Нікому не цікава, што падчас Другой сусветнай у складзе Чырвонай Арміі ваявалі прадстаўнікі шматлікіх іншых народаў СССР, а найбольш пацярпелымі сталі тэрыторыі Беларусі і Украіны. Што Андрэй Таркоўскі, захлынаючыся ад немагчымасці па-сапраўднаму тварыць на радзіме, збег адтуль у Італію.

Ці ёсць у расійскага грамадства шанц пазбавіцца сваіх фантомных боляў і вылечыцца ад гэтай імперскай хваробы? Шанц існуе заўжды. Але ці гатовыя яны да гэтага? Мяркую, што працэс лекавання будзе доўгім і балючым. І ў выніку мы можам пабачыць зусім іншую краіну. Ці, магчыма, некалькі іншых.