Уладзімір Зяленскі: За час вайны Расія парушыла каля 400 міжнародных дамоваў
Прэзідэнт Украіны зрабіў адпаведную заяву падчас звароту да ўдзельнікаў Капенгагенскага дэмакратычнага саміту.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас звароту да ўдзельнікаў Капенгагенскага дэмакратычнага саміту заявіў, што Расія з 2014 года парушыла каля 400 міжнародных пагадненняў.
«Слова — гэта заўсёды аснова закона. Гэта заўсёды аснова дамовы. Канвенцый, статутаў, дэкларацый і, вядома, мемарандумаў. Толькі за час вайны Расіі супраць Украіны — а яна працягваецца, я нагадаю вам, не з 24 лютага, а з 2014 года — Расія парушыла каля чатырохсот розных міжнародных дамоваў, бакамі якіх з'яўляюцца нашы дзяржавы», — сказаў Зяленскі.
Паводле яго слоў, Расія, у прыватнасці, парушыла Статут ААН, Канвенцыю ААН аб барацьбе з фінансаваннем тэрарызму, Канвенцыя ААН па прадухіленні злачынства генацыду і пакаранні за яго, корпус канвенцый, якія рэгулююць законы і звычаі вайны, Міжнародную канвенцыю для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў, Канвенцыю аб абароне культурных каштоўнасцяў у выпадку ўзброенага канфлікту, Канвенцыю ААН аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі, Канвенцыю ААН па марскім праве, Заключны акт НБСЕ 1975 года, Еўрапейскую канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, Статут Савета Еўропы.
«І трэба ўсім нам узгадаць Будапешцкі мемарандум, парушэнне якога Расіяй надае гэтай карціне максімальнага цынізму. Гэтым парушэннем Расія нівеліравала ўсю барацьбу за ядзернае раззбраенне ў свеце. Чаго цяпер каштуюць словы аб ядзерным раззбраенні, калі ва Украіну, у якой забралі трэці па магутнасці ядзерны арсенал, учыніла напад дзяржава, якая была сярод тых, хто падпісаўся пад абавязацельствам устрымацца ад агрэсіі і якая да гэтага часу застаецца ядзернай дзяржавай?» — падсумаваў прэзідэнт Украіны.