Прэм'ер Эстоніі: з Расіяй не трэба заключаць заўчаснае мірнае пагадненне

Прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас напісала калонку для брытанскай газеты The Sunday Telegraph. У артыкуле яна перасцерагае ад заўчаснага міру з Пуціным.

kaja_kalas.jpg

«Мы павінны быць асцярожныя з заўчаснымі заклікамі да спынення агню і міру, — лічыць Калас. — Наша палітыка павінна грунтавацца на разуменні таго, што расійская пагроза не сыдзе заўтра. Нельга вяртацца да дзелавых адносін [з РФ] як раней. Такія адносіны не павінны існаваць у прынцыпе.
Еўропа не павінна баяцца разрываць адносіны з Расіяй, у тым ліку ў сферы энергетыкі. Газ, можа, і дарагі, але свабода неацэнная», — напісала прэм'ер-міністр.
10 чэрвеня МЗС Эстоніі выклікала да сябе расійскага пасла пасля слоў Пуціна аб эстонскім горадзе Нарве. Там паведамілі, што нядаўні выступ Уладзіміра Пуціна «варты жалю», гаворыцца на сайце эстонскага МЗС.
Пуцін, разважаючы аб вайне Пятра I са Швецыяй, заявіў, што той не «захопліваў», а «вяртаў» тэрыторыі.
«Ён калі заклаў новую сталіцу, ні адна з краін Еўропы не прызнавала гэтую тэрыторыю за Расіяй, усе прызнавалі яе за Швецыяй. А там спрадвеку нараўне з фіна-вугорскім насельніцтвам жылі славяне. Прычым гэтая тэрыторыя знаходзілася пад кантролем Расійскай дзяржавы. Тое ж самае і ў заходнім напрамку, гэта датычыцца Нарвы», — сказаў прэзідэнт Расіі.
Пуцін правёў паралель з цяперашнім часам, дадаўшы, што «на нашу долю таксама выпала вяртаць і ўмацоўваць».