Сабраліся летам у Еўропу? Сачыце за навінамі!
Як звязаныя звычайны адпачынак беларусаў у Еўропе з вайной Расіі супраць Украіны, тлумачыць Генадзь Коршунаў. І варта прызнаць, што яго высновы — сумная навіна для ўсіх нас.
Не самая «хайповая» рубрыка сярод тых матэрыялаў, якія рыхтуе «Цэнтр новых ідэй», – гэта міграцыйны крызіс на межах Беларусі з краінамі Еўрасаюза. Маўляў, праблема такая ёсць, але як гэта наўпрост тычыцца беларусаў?
На самой справе тычыцца вельмі моцна. Як мінімум таму, што памежнікі гэтых краін (у прыватнасці, Польшчы) вымушаныя пераразмяркоўваць свае кадравыя рэсурсы, пераводзячы людзей з памежных пераходаў на «стрымліванне мігрантаў у лясах». У выніку маем чэргі з тысяч аўтамабіляў і суткі чакання перад перасячэннем межаў. Зразумела, што тут не толькі «фактар мігрантаў» адыгрывае сваю ролю, але, думаецца, і яго вага ў гэтым пытанні таксама значная, піша Генадзь Коршунаў на сайце ЦНІ.
Другі момант — гэта ацэнка таго, як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае мігрантаў у якасці гібрыднай зброі супраць суседзяў. Такое меркаванне пра кіраваныя мігранцкія патокі, якія з Беларусі імкнуцца ў Еўропу, ужо даўно стала кансэнсусам сярод кіраўніцтва Польшчы, краін Балтыі, Скандынавіі і іншых краін ЕС.
Тут важна памятаць, што напрыканцы мінулага лета на сумеснай сустрэчы кіраўнікоў Польшчы і краін Балтыі быў сфармуляваны ўльтыматум двух «чырвоных сцяжкоў» — пры падзенні хаця б аднаго з іх будуць закрытыя ўсе межы гэтых краін з Беларуссю. У якасці гэтых «сцяжкоў» былі вызначаны: а) інцыдэнт на межах з удзелам ПВК «Вагнер»; і б) масавы прарыў мігрантаў праз мяжу адной з дзяржаў.
Цяпер пытанне з «вагнераўцамі» практычна знятае з парадку дня (паводле ацэнкі «Беларускага Гаюна», на тэрыторыі Беларусі іх колькасць цяпер вылічаецца сотняй чалавек). А вось перспектывы «масавага прарыву» больш чым актуальныя.
Зрэшты, тут ужо можна гаварыць не пра перспектывы, а пра прэцэдэнты. Напрыклад, пра такі выпадак, які адбыўся 10 траўня на беларуска-польскай мяжы ў раёне Белавежы, калі мяжу штурмавала група з больш чым 140 чалавек. Каб іх спыніць, палякам давялося прыцягваць вайсковыя сілы.
Паўтары сотні штурмуючых — гэта не столь і не мяжа. На мінулым тыдні са спасылкай на свае крыніцы «BYPOL» паведамляў, што плануецца масавы прарыў мігрантаў з удзелам да 700-800 чалавек. Гэты маштаб цалкам супастаўны з тымі рэкорднымі значэннямі, якія былі на піку мігранцкага крызісу восенню 2021 года. Нагадаем, што тады на прарывы мяжы мігранты ішлі тысячамі.
Сёння ў такія лічбы паверыць складана. Таму што дзе той 2021 год, а дзе мы. Калі глядзець на дынаміку нападаў на межы, то сумневы пачынаюць рассейвацца.
Так, калі паглядзець на месячныя даныя (інфаграфіка па колькасці спроб перасячэння мяжы — тут), то відаць, што красавік гэтага года стаў рэкордным па колькасці спроб нелегальнага перасячэння мяжы, пачынаючы з таго самага 2021-га. Гэта па-першае, а па-другое, звяртае на сябе ўвагу дынаміка працэсу, а менавіта амаль 15-разовы рост інтэнсіўнасці нападаў на працягу двух месяцаў — з лютага, калі сумарна было 458 спроб перайсці межы, па красавік з яго 6327 выпадкамі.
А калі мы паглядзім на дынаміку працэсу ў тыднёвым разрэзе, што часцяком больш інфарматыўна, то ўбачым, што цяпер трэнд выходзіць на новы ўзровень. Пра гэта гавораць і групавыя атакі, якія ўжо адбыліся, і той факт, што з сярэдзіны красавіка па сярэдзіну траўня агульная колькасць спроб пераходу межаў ЕС падвоілася — з менш чым 950 да амаль 2000.
Узнікае пытанне: а чаму цяпер? Чым выкліканы бягучы ўздым актыўнасці мігрантаў?
Тут мы хацелі б звярнуць увагу на статыстыку 2022 года, калі прасочваліся пэўныя паралелі паміж актыўнасцю мігранцкіх нападаў і дынамікай баявых дзеянняў у расійска-ўкраінскай вайне (сакавіцкае суправаджэнне ўварвання і летне-восеньскае абвастрэнне як спроба апасродкавана паўплываць на перспектыву ўкраінскага контрнаступлення). Тэарэтычна, цяпер можа працаваць такая механіка: рэжым Лукашэнкі ўсё больш актыўна тэрарызуе сваіх еўрапейскіх суседзяў, забяспечваючы суправаджэнне чарговага вялікага расійскага наступу ва Украіне. Гэта значыць, павелічэнне ціску мігрантамі на ўсходнія межы ЕС мы б разглядалі і як элемент вялікага расійска-беларускага супрацьстаяння з краінамі Захаду, і як апасродкаваны саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расійска-ўкраінскай вайне.
Калі гэтая гіпотэза дакладная, то мяжу Беларусі з краінамі ЕС, асабліва з Польшчай, чакае гарачы час на працягу бліжэйшых месяцаў.
Для нас, для беларусаў, гэта азначае, што «жалезная заслона», пра якую суседзі заявілі летась, вісіць літаральна на валаску.
Пра гэта варта памятаць усім, хто плануе летам перасячэнне беларускай мяжы ў той ці іншы бок.