Самотны палітрук і геапалітычны выбар
Кожны раз, калі я гляджу на фотаздымак Аляксандра Лукашэнкі з якога-небудзь публічнага выступу, на памяць прыходзіць фотаздымак Макса Альперта «Камбат».
Савецкі афіцэр з адкінутай рукой з пісталетам вельмі нагадвае маладога палітрука, інструктара палітаддзела савецкіх памежных войскаў Лукашэнку, але ў сучасным жыцці. З 1994 года Аляксандр Лукашэнка — палітрук віртуальнай арміі тых, хто сумуе па мінулым. Гэта, мінулае, у беларускага прэзідэнта было рознае — спачатку ён змагаўся з паплечнікамі, называючы іх карупцыянерамі, потым стаў «апошнім дыктатарам Еўропы». Але ён заўсёды на кані. Ён заўсёды мае рацыю. Нават калі не мае рацыі зусім.
Постсавецкая эквілібрыстыка
У дзевяностыя гады я часта ездзіў у Беларусь, дапамагаў журналістам, збіраў матэрыял для кніг і назіраў за беларускім палітычным жыццём, якое нагадвалі мне выкшталцоную працу таксідэрмісты. З забітага Савецкага Саюза Лукашэнка рабіў пудзіла. Любоўна, з пяшчотай разгладжваў поўстку, устаўляў шкляныя вочкі і парцалянавыя зубкі. Верагодна, з вялікай надзеяй, што калі не ён, дых хтосьці іншы знойдзе эліксір і ажывіць звера.
Мінаў час, эліксіру не з'явілася, хаця Лукашэнка змарнаваў шмат сіл і энергіі, каб захоўваць пудзіла ў належным выглядзе. Як парэшткі Леніна раз на месяц акунаюць у жудасны хімічны раствор, пакрываюць макіяжам і прыгладжваюць рэшткі валасоў на патыліцы і бародку.
У Беларусі працэс кансервацыі спачатку быў вельмі агрэсіўны — на кавалкі рвалі дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг, разбівалі «Пагоню», дабівалі беларускую мову. У адрозненне ад іншых постсавецкіх краін, Лукашэнка ўвесь час нагадваў, навошта ён усё гэта робіць. Ён часта казаў пра Страчаную дзяржаву, але праз 20 гадоў у яго прамовах стала заўважна больш безвыходнасці. Аднавіць СССР не атрымалася, але прызнавацца ў гэтым было няёмка.
На постсавецкай прасторы ў першыя гады пасля распаду СССР хутка разабраліся з новымі кіраўнікамі рэспублік — каго забілі, каго скінулі. Цяпер пра Звіяда Гамсахурдзія і Абульфаза Эльчыбея амаль не ўзгадваюць, але менавіта яны павінны былі пачаць працэс разбурэння савецкага наменклатурнага кіравання. У большасці былых савецкіх рэспублік ва ўладзе заставаліся ці прадстаўнікі старой камуністычнай наменклатуры і «чырвоныя дырэктары», або інтэлігенцыя, якая нечакана патрапіла ва ўладу, — Станіслаў Шушкевіч і Аскар Акаеў.
У тыя першыя гады «без СССР» у Крамлі нястомна думалі, як захаваць імперыю. Ідэалогіі ўжо не было, эканомікі — таксама, але вельмі хацелася захаваць тэрыторыю. Новыя дзяржавы аб'ядноўвала многае з мінулага — камунікацыі, прамысловасць, сужыццё на працягу 300–200 гадоў. Але галоўнымі звёнамі, якія іх злучалі, былі сваяцкія адносіны і шлюбы, а таксама прадбачлівае рассяленне па імперскіх ускраінах рускамоўнага насельніцтва. Руская мова, навязаная замест моваў продкаў, была не столькі мовай міжнацыянальных зносін, колькі інструментам прапаганды.
Лукашэнка прайшоў звычайны шлях сельскага камсамольца — ад палітрука да сакратара парткама і дэпутата перабудовачнага Вярхоўнага Савета БССР, — які мала чым адрозніваўся ад кар'еры цяперашні расійскіх дэпутатаў таго часу. Ён ішоў у нагу з часам, у пачатку парламенцкай кар'еры далучыліся да фракцыі «Камуністы за дэмакратыю». У тыя перабудовачныя часы камуністы спрабавалі крочыць у дэмакратыю па-старому, маршам. Былі рознагалоссі, спрэчкі, скандалы, але ўсё роўна спрабавалі сумясціць два несумяшчальныя паняцці — «дэмакратыю» і «камунізм». Ужо будучы прэзідэнтам, Лукашэнка наракаў з нагоды «найвялікшай геапалітычнай катастрофы XX стагоддзя», аплакваючы распад СССР.
Расійская мара Лукашэнкі
Шчырых адносін з Ельцыным у Лукашэнкі не атрымлівалася. Расійскі прэзідэнт быў ініцыятарам распаду Савецкага Саюза, чалавекам уладалюбівым, хоць і пачынаў як Лукашэнка — з барацьбы супраць карупцыі. У Ельцына была ідэя захаваць пад кантролем постсавецкія тэрыторыі, але да таго часу Лукашэнка ўжо адчуў смак улады, і яму хацелася большага, чым Беларусь. Ён хацеў «магутнага і непарушнага» і не хаваў, што пад яго кіраўніцтвам.
Наўрад ці трэба шукаць супярэчнасці ў тым, што Ельцын, былы сакратар Свярдлоўскага абкама і Маскоўскага гаркама ў канцы 80-х гадоў, стаў «антыкамуністам», а Лукашэнка быў і застаецца латэнтным камуністам. Абодва — генетычна савецкія людзі, з аднолькавымі амбіцыямі. Але Ельцын прайшоў увесь шлях наменклатурнага чыноўніка, а ў Лукашэнкі быў іншы ўзровень, правінцыйны.
Тым не менш, у адносінах Лукашэнкі і Ельцына можна вылучыць два перыяды. Першы адносіцца да часу стварэння дзіўнага ўтварэння — Саюзнай дзяржавы РФ і РБ. Розная ўнутраная і знешняя палітыка, рознае развіццё эканомікі, адрозная сітуацыя з правамі чалавека. Нарэшце, розная валюта і банкаўская сістэма. Саюзніцтва, як аказалася, заключаецца толькі ў тым, што ў грамадзян Беларусі няма праблем у Расіі, і наадварот. Калі яны, вядома, не палітыкі.
Другі перыяд — час старога лядашчага Ельцына і з'яўленне Пуціна. Цяжка сказаць, што менавіта хацеў Лукашэнка, раптам які вырашыў самастойна наведваць расійскія рэгіёны. Паводле дамовы пра Саюзную дзяржаву, ён меў поўнае права ездзіць куды захоча. Але ў Крамлі не спадабаліся цытаты з выступаў Лукашэнкі, асабліва пра расійскую «нікуды не вартую ўладу». Насельніцтву расійскіх рэгіёнаў, наадварот, гэта спадабалася. Да таго часу расійская прапаганда сама стварыла міф пра «моцнага гаспадарніка», пры якім у беларусаў стабільныя зарплаты і пенсіі. Думаю, што многія расіяне не хавалі жадання жыць у вялікім калгасе імя Лукашэнкі.
У 2001 годзе Пуцін здагадаўся пра планы Лукашэнкі і спыніў далейшыя спробы зносін з расійскім народам. Былы інструктар палітаддзела, мабыць, забыўся, што такое чэкісты, тым больш тыя, якія валодаюць вялікай уладай. Зараз Лукашэнка можа наведваць Расію толькі па запрашэнні — «у зручны для яго час», як гэта прынята паміж дзвюма сяброўскімі краінамі. Саюзная дзяржава, хоць і існуе на паперы, да адносін дзвюх краін мае толькі апасродкаванае дачыненне.
Лукашэнка на падхваце
Праз год-паўтара пасля свайго прызначэння в.а. прэзідэнта Расіі, Уладзімір Пуцін пачаў распрацоўваць план аднаўлення імперыі. Не ўзнаўлення чагосьці накшталт СССР, як марыў Лукашэнка, а Расійскай імперыі. У планах было прамое падпарадкаванне Крамлю постсавецкай прасторы пры захаванні прэзідэнтамі пасад у якасці сатрапаў. Пасаду сатрапа тры гады спраўна выконваў Віктар Януковіч. Нядрэнна атрымліваецца ў прэзідэнтаў Таджыкістана, Кыргызстана і Арменіі. Абцяжараны «гістарычнымі сувязямі» Нурсултан Назарбаеў спрабуе лавіраваць паміж неабходнасцю праводзіць самастойную палітыку і небяспекай, што сыходзіць ад «пятай калоны» ў Казахстане, якую Пуцін можа падняць гэтак жа хутка, як «рускамоўную Украіну». Роўна палова былых савецкіх краін — Узбекістан, Туркменістан, Азербайджан, Грузія, Малдова і Украіна — больш не жадаюць чуць крамлёўскіх пакрыкванняў.
Унутры былога СССР назапасілася шмат супярэчнасцяў і амбіцый прэзідэнтаў, якія замінаюць інтэграцыі па крамлёўскім варыянце. У Цэнтральнай Азіі даўно назіраецца канкурэнцыя паміж Узбекістанам і Казахстанам, якія спрабуюць стаць лідарамі вялікага рэгіёну. У адрозненне ад іх, на Каўказе відавочным лідарам у дэмакратычным развіцці стала Грузія, але эканамічная перавага за Азербайджанам. Арменіі прадастаўлена магчымасць заставацца прарасійскім анклавам, без бачных перспектыў наладзіць адносіны з Азербайджанам з-за Карабаху. Малдова нечакана хутчэй за ўсіх інтэгруецца ў Еўропу, нягледзячы на нявырашананы статус Прыднястроўя. Туркменістан яшчэ ў 1995 годзе дамогся ад ААН прызнання свайго нейтралітэту.
Аднаўленне імперыі ў Пуціна не атрымліваецца. Была спроба ў 2008 годзе захапіць Грузію, самую неспакойную краіну са старой антысавецкай рэпутацыяй. Крамлю нічога не заставалася, як прызнаць незалежнасць даўно, яшчэ з 1993 года, акупаваных Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Правал вайны ў Грузіі адбіўся і на працэсе імперскага рэнесансу. Ваяўнічасці Расіі спалохаліся ўсе, у тым ліку і Лукашэнка. Ніхто з постсавецкіх краін не прызнаў анэксаваныя Абхазію і Паўднёвую Асецію, паставіўшы Пуціна ў няёмкае становішча.
На нядаўнім саміце ў Астане за круглым сталом удзельнікаў новага імперскага саюза — ЕўрАзЭС павінен быў знаходзіцца і Віктар Януковіч. Ён добра ведаў аб гэтых планах ў Вільні, адмовіўшыся падпісваць пагадненне аб Асацыяцыі з ЕС. Планы Пуціна разбурыў Майдан. Тады Пуцін увёў ваенны варыянт выпраўлення сітуацыі, вельмі падобны на грузінскі — напад па двух напрамках, спроба ўзяць пад кантроль «рускамоўную» частку Украіны, пераможны паход на Кіеў. План быў разгаданы, новыя ўкраінскія ўлады не сталі ўвязвацца ў вайну ў Крыме, засяродзіўшыся на абароне Усходу Украіны. Пуцін зноў пацярпеў няўдачу.
З лістапада ў Лукашэнкі было шмат падставаў для дрэннага настрою. Па-першае, з-за Майдана, які спалохаў не толькі Пуціна, але і многіх прэзідэнтаў постсавецкіх краін, якія прызвычаіліся жыць у дыктатарскім спакоі. Страх станавіўся ўсё мацнейшы з-за таго, што здушыць пратэсты не ўдавалася некалькі месяцаў, і кожны дыктатар ужо пачаў адчуваць за спінай дыханне ўласнай апазіцыі. Лукашэнка апынуўся ў недарэчным становішчы, даведаўшыся, што на Майдане лунаюць забароненыя ім беларускія сцягі, а ліку першых загінуўшых апынуўся беларус Міхаіл Жызнеўскі.
Па-другое, мара аб ЕўрАзЭС паменшылася на чвэрць. Хваравітую страту Украіны Пуцін будзе памятаць доўга, і без сумневу, што ўвесь гэты час ён наўрад ці адмовіцца ад жадання вярнуць яе назад.
На ростанях
Да пачатку афіцыйнага існавання ЕўрАзЭС засталося паўгода. Да 1 студзеня 2015-га напэўна назапасяцца праблемы, якія вымусяць Пуціна ці адмовіцца ад задумы аднавіць імперыю, што скарацілася да трыяды, або зменшыць амбіцыі. Ужо зараз Расія мае сур'ёзныя эканамічныя цяжкасці, з краіны сыходзяць інвестары і прыватны капітал. Выдаткі на анексію Крыма і вайну ва Усходняй Украіне адбіліся на Пенсійным фондзе Расіі, а калі гэта так, то ў бліжэйшы час паўстане сацыяльнае напружанне.
Пасля дэвальвацыі нацыянальнай валюты ў Казахстане ўзровень інфляцыі склаў 4,5 працэнта. Для краіны, якая выхвалялася самым высокім — большым, чым у Расіі, — узроўнем жыцця, павышэнне коштаў адбілася на рэпутацыі ЕўрАзЭС. Не толькі жыхары, але перш за ўсё эксперты лічаць, што Мытны саюз прынясе шмат непрыемнасцяў не толькі для Казахстана, але і для адносін трох краін. Ужо цяпер Беларусь і Расія незадаволеныя тым, што Казахстан мае намер пабудаваць некалькі заводаў па зборцы аўтамабіляў.
У Беларусі з пачатку года інфляцыя апынулася ў два разы вышэй, чым у Расіі і Казахстане, і для яе зніжэння няма ніякіх перспектыў. Калі краіны збіраюцца выконваць усе мэты, пастаўленыя перад ЕўрАзЭС, то самая незразумелая — эканамічная. Для Расіі, як ядра новай імперыі, наступаюць самыя цяжкія часы, параўнальныя хіба з калапсам савецкай эканомікі ў 80-х гадах. «Аб'ём продажу расійскіх каштоўных папер у свеце з сакавіка па май упаў да 2 мільярдаў долараў з 19 мільярдаў долараў за аналагічны перыяд у мінулым годзе, што ўскладняе для расійскіх банкаў і кампаній пагашэння сукупнага доўгу, які трэба сплаціць у гэтым годзе (паводле дадзеных ЦБ, гэта 191 мільярд долараў)», — аналізуе "Bloomberg". Заганная стратэгія сыравіннай эканомікі стала чарговымі граблямі для Крамля.
У траістым саюзе Беларусь апынулася эканамічна найменш абароненай краінай, якая залежыць ад расійскага газу і нафты. Гэта — кошт прыхільнасці да Расіі. Іншае звяно, якое злучае краіны, не эканамічнае, але нашмат важней, чым нафта і газ, гэта — аднолькавае стаўленне да правоў чалавека і дэмакратыі. Назарбаеў у гэтай трыядзе старажыл, ён служыць прэзідэнтам чацвёрты тэрмін, з 1991 года. Лукашэнка ў гэтай якасці на тры гады маладзейшы. Але абодва раўняюцца на «маладога» дыктатара з 14-гадовым тэрмінам прэзідэнцтва — Пуціна. Гэтай тройцы камфортна адзін з адным, ніхто нікога не дакарае колькасцю палітзняволеных або несумленна праведзенымі выбарамі.
У гэтай сітуацыі складаней за ўсё Лукашэнку. Блізкасць да Еўропы, да таго ж вырасла пакаленне людзей, што ўжо не разумеюць сацыялістычных каштоўнасцяў, дзякуючы якім за Лукашэнку прагаласавалі 20 гадоў таму большасць беларусаў. Але Лукашэнка не столькі баіцца Еўропы, якая сама ў ім зацікаўлена, ён баіцца Пуціна. Толькі Пуцін можа ацаніць Лукашэнку як палітыка. Толькі Пуцін можа дараваць Лукашэнку яго дзівацтвы ў выказваннях і ўчынках. За ўсю гісторыю прэзідэнцтва на Лукашэнку па некалькі разоў крыўдзіліся і Ельцын, і Пуцін. Потым прабачалі.
Цяпер Лукашэнка зноў заняў насцярожаную пазіцыю. Яму відавочна не падабаецца вайна ва Украіне. Ён разумее, што загнаны санкцыямі і міжнароднай ізаляцыяй Пуцін можа пайсці на рашучыя меры і ў дачыненні да Беларусі. З іншага боку, Лукашэнка разумее выгаду свайго становішча: для Расіі цяпер Беларусь — адзіны выхад у Еўропу. У гэтай сітуацыі для Лукашэнкі было б выгадна ваеннае і палітычнае паражэнне Пуціна, ён мог бы паспрабаваць зноў стаць папулярным у Расіі.
Лукашэнка — заўзяты папуліст. Але ён павінен разумець, што яго час сыходзіць, як сыходзіць пакаленне яго прыхільнікаў — людзей сярэдняга ўзросту і немаладых. Амаль напэўна праз год яны зноў забяспечаць перамогу прэзідэнту, калі ў суседняй Украіне не адбудзецца непрадбачанага палітычнага калапсу, які можа паўплываць на суседнія краіны. Еўрапейцам Лукашэнка ніколі не стане, моваў ён не ведае, дэмакратыю не разумее, на свабоды глядзіць як дырэктар саўгаса. Па-сутнасці, ён — жывы помнік эпохі, якая пайшла, да якога ўсё яшчэ ідуць натоўпу людзей з кветкамі. Беларуская прапаганда стварыла прыкладна такі ж тып грамадзяніна, які нагадвае шараговага кубінца. Для жыхара «Вострава Свабоды» раем на зямлі з'яўляецца толькі Куба, за межамі — вайны і катастрофы.
І, нарэшце, самае непрыемнае для Аляксандра Рыгоравічам. На самай справе, мяркуючы па падзеях апошніх гадоў, ён ні на што не ўплывае. Працэсы адбываюцца вакол Беларусі, а ён толькі своечасова прыстасоўваецца. Яму важна захаваць уплыў на 207 600 квадратных кіламетраў, усё астатняе яго не датычыцца. Па вялікім рахунку, Лукашэнка — не палітык. Калі прааналізаваць хаця б частку публікацый у прэсе пра Лукашэнку, то стане ясна, як часта беларускі прэзідэнт становіцца героем публікацый не як палітычны дзеяч, а толькі дзякуючы сваім паводзінам і неардынарным выказванням, як эксцэнтрык, эквілібрыст размоўнага жанру. Магу выказаць здагадку, што падчас сваёй адстаўкі ён будзе стаяць на трыбуне і кіраваць працэсам.
Бліжэйшыя гады стануць пераломнымі для постсавецкай прасторы. Палова краін ужо вызначыліся са сваім выбарам. Украіна, Малдова і Грузія пачынаюць працэс інтэграцыі ў Еўрасаюз. Азербайджан быў і будзе важным энергетычнай крыніцай для Еўропы, да яго далучаецца Туркменістан. Узбекістан хутчэй за ўсё будзе працягваць палітыку ізаляцыянізму, але ўжо прыкметныя кантакты кіраўніцтва краіны з Захадам. Таджыкістан і Кыргызстан працягваюць цікавіцца Мытным саюзам, але далучацца не спяшаюцца.
У якой геапалітычнай нішы застанецца Беларусь?