Сікорскі: ЕС — ахвяра гібрыднай агрэсіі рэжыму Лукашэнкі

Польшча, Еўрапейскі саюз і Шэнгенская зона сталі ахвярамі гібрыднай агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, заявіў 1 траўня кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі, піша «Позірк».

sikorski_msz_polska.jpg

Яго выступ на ўрачыстасцях з нагоды 20-годдзя ўступлення Польшчы ў Еўрасаюз прыводзіць выданне gazeta.pl.

Паводле слоў палітыка, нелегальныя мігранты, якія штодня спрабуюць трапіць у ЕС з беларускай тэрыторыі, — гэта “няшчасныя людзі, якіх выштурхваюць праз мяжу”, яны “былі запрошаныя ў Беларусь рэжымам Лукашэнкі”.

“Лукашэнка скасаваў візавы рэжым для шэрагу краін, якія мы ў Еўрасаюзе адносім да крыніц міграцыйных рызык. Мігрантаў прывозяць на аўтобусах, спансаваных рэжымам, на мяжу, а затым беларускія памежнікі прымушаюць іх спрабаваць перасекчы мяжу Польшчы і ЕС, — сказаў Сікорскі. — Верагодна, яны спадзяюцца прымусіць нас заплаціць нейкі выкуп. Мы не павінны паддавацца на гэты шантаж. Неабходна ўсведамляць, хто з’яўляецца крыніцай гэтай праблемы. Лукашэнка — яе крыніца”.

Кіраўнік МЗС Польшчы адзначыў, што, калі члены Еўрасаюза “хочуць захаваць свабоду перамяшчэння ўнутры Шэнгенскай зоны, яе замежная мяжа павінна быць пад кантролем”.

“[Супрацьстаяць нападам мігрантаў трэба] гуманна, але эфектыўна, інакш не было б сэнсу ў памежніках, візах, памежным кантролі. Гэта пытанне не толькі для прыгранічных дзяржаў, але і для ўсіх членаў Шэнгенскай групы”, — падкрэсліў Сікорскі.

На яго думку, місія Frontex (Еўрапейскае агенцтва памежнай і берагавой аховы з офісам у Варшаве. — “Позірк“.), заключаецца не ў тым, “каб дапамагаць дзяржавам ЕС спраўляцца з крызісам на мяжы, а ў тым, каб сачыць за тым, што робяць краіны — члены саюза”. “Я лічу, што мы павінны змяніць гэтую логіку, — заявіў міністр. — Нам патрэбная салідарнасць еўрапейскіх інстытутаў і іншых краін Еўрасаюза ў супрацьстаянні гібрыднаму ўварванню, якое зладзіў нам Лукашэнка”.

З пачатку красавіка Польшча спыніла больш за 5 тысяч спробаў пранікнення нелегалаў з тэрыторыі Беларусі.

Толькі 28 красавіка суседнія краіны Еўрапейскага саюза прадухілілі 179 спробаў нелегальнага пераходу мяжы з боку Беларусі (за дзень да гэтага — 268).

З пачатку 2024 года да 29 красавіка спынена 10.685 спробаў незаконнага пранікнення мігрантаў — больш, чым за аналагічны перыяд 2023 года (10.616; +0,65%), у тым ліку Польшчай — 8.978 (7.712; +16,4%), Латвіяй — 1.524 (1.995; -23,6%), Літвой — 183 (909; -79,9%).

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года.