Святлана Ціханоўская пра свой ад'езд: мая памылка ў тым, што я загадзя не вывучыла метады працы сілавікоў
Экс-кандыдатка ў прэзідэнты пагаварыла ў фармаце бліц з украінскай блогеркай Алесяй Бацман.
Святлана Ціханоўская дала бліц-інтэрв'ю ўкраінскай ютуб-блогерцы Алесі Бацман. Цытуем асноўнае:
— Ваш самы шчаслівы дзень?
— Іх вельмі шмат. Слухайце, я жанчына — гэта дзень нараджэння маіх дзяцей.
— Самы жахлівы дзень?
— Тры дні.
— Раскажыце.
— Тры дні пасля выбараў. Дні, калі беларусы падвяргаліся вельмі жорсткім катаванням, гвалту з боку сілавікоў у турмах Беларусі.
— Што вы тады адчувалі?
— Вялікі жах. І неразуменне: няўжо гэта ўсё адбываецца ў маёй роднай краіне, мілай і дарагой Беларусі?
— Вы да гэтага не былі гатовы?
— Абсалютна.
— Вы ненавідзіце Аляксандра Лукашэнку?
— Я
не думаю, што я здольная на такое пачуццё, як нянавісць. Я вельмі расчараваная
тым, што чалавек, які кажа «любімую не аддаюць», ён яе, гэтую любімую,
гвалціць, збівае і прыніжае.
— Якія словы вы скажаце мужу, калі сустрэнецеся з ім?
— Словы любові. Як моцна мы сумавалі па ім. Хоць ён і так гэта ведае. Але такія словы нельга адкладваць на потым. Трэба кожны дзень іх казаць, нагадваць.
— Вы казалі, што ваш сын разумее тое, што адбываецца ў Беларусі. Як ён называе Лукашэнку?
— Ёсць у яго слова. Але я не буду гэтае слова прамаўляць. Гэта яшчэ дзіця, не варта. Ну... Былы прэзідэнт.
— Вы лічыце, што дапускалі памылкі? Калі так, то што гэта за памылкі?
— Я дапусціла памылку, калі не знайшла час даведацца, высветліць, навучыцца мець зносіны з сілавікамі. Процідзейнічаць іх прэсінгу. Проста не паклапацілася загадзя пра гэта. Не думала, што такая сітуацыя можа быць.
— Тое, што вы з'ехалі з краіны, гэта памылка?
— Я не магу сказаць, што гэта памылка, але... Я думаю, што, калі б ведала метады працы сілавікоў, усё магло б скласціся па-іншаму.
— Якая была рэакцыя Сяргея, калі ён даведаўся, што вы вырашылі ісці на выбары?
— Ён быў вельмі здзіўлены. Ён ніколі не думаў, што я змагу так паступіць. Хоць у мяне нават сумневаў не было, што я гэта зраблю для яго. Але, напэўна, у нас так было ў сям'і, што ён муж — ён быў галоўны. Я такія смелыя ўчынкі, напэўна, ніколі не здзяйсняла.
— Ён быў здзіўлены, што вы на гэта здольныя?
— Ён не чакаў. І, вядома, пачуццё гонару ў яго было.
— Наколькі я разумею яго характар, ён досыць моцны, валявы і жорсткі чалавек. Лідар. Ён вас неяк пахваліў?
— «Пахваліў» гучыць не вельмі. Але ён сказаў мне вельмі шмат цёплых слоў. Што моцна мяне любіць, мной ганарыцца. Што я зрабіла правільны крок.
— Калі вы былі ў ЦВК і з вамі былі гутаркі, пасля якіх вы былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі, ці праўда, што ў вас была тэлефонная размова з Сяргеем? І ён вам сказаў: «Не здавайся».
— Так. «Не здавайся, змагайся», — вядома.
— Што ён яшчэ сказаў?
— Ён сказаў — разляцелася тады — «будзь больш жорсткай». Мне часта задавалі пытанне, што ён меў на ўвазе. Але ён жа ведае, які я чалавек. Што я вельмі мяккая, што я ўсіх заўсёды апраўдваю, спрабую зразумець. Ён хацеў сказаць, «будзь больш жорсткая ў рыторыцы. Не вуаліруй чыесьці словы, чыесьці ўчынкі. Кажы, як ёсць».
— У вас зараз ёсць стыліст? Ці самі падбірае вопратку?
— Ёсць.
— Як завуць?
— Таццяна.
— Яна мясцовая ці з Беларусі?
— Як гэта ні парадаксальна, але цяпер, называючы чалавека, які мае да мяне адносіны, я магу гэтага чалавека падставіць.
— Якая ў вас мара?
— Справа ў тым, што мары могуць мяняцца. Але зараз мара, каб Лукашэнка сышоў. Каб усе былі выпушчаныя з турмаў, каб прайшлі новыя выбары і каб мы сталі будаваць новую Беларусь. Усе разам.