Шрайбман: Без рэгіянальных катаклізмаў шлях да нармалізацыі стасункаў з Захадам для Лукашэнкі закрыты
Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман піша пра асноўныя сцэнары развіцця беларускага крызіса, якія могуць скласціся ў бліжэйшыя гады.
Пры захаванні сённяшняй унутранай палітыкі мала што здольна ў агляднай будучыні вярнуць пратэсную энергію ўзору 2020 года. Для гэтага спатрэбілася б альбо працяглая адліга, гэта значыць устойлівае паніжэнне – да якога б прызвычаілася грамадства – кошта пратэсту; альбо па-сапраўднаму глыбокі эканамічны крызіс, здольны запусціць ланцужок забастовак і параліч сістэмы; альбо іншы моцны эмацыйны трыгер накшталт раптоўнага выбліску дзяржаўнага гвалту такога размаху, які б радыкалізаваў прыхільнікаў пратэсту аж да гатовасці да сілавога супраціву. Калі чагосьці падобнага не адбудзецца, апазіцыя будзе ўплываць на сітуацыю толькі апасродкавана — праз лабіраванне знешняга ціску на Мінск.
Канстытуцыйная рэформа выглядае як пралог да кантраляванага транзіту ўлады. Інакш для Лукашэнкі не мела б сэнсу аслабляць фігуру прэзідэнта і ўскладняць сістэму, уводзячы ў яе новы орган — УНС. Але пакуль заяўленыя планы рэформы не выглядаюць як дакладныя гарантыі.
Так, Лукашэнка, мяркуючы па ўсім, пазначыў шлях свайго плаўнага сыходу з прэзідэнцкай на новую, наглядную пасаду. Аднак, пакуль улада ў краіне кантралюецца ім аднаасобна, ён можа пры жаданні сысці з гэтага шляху або зацягваць перадачу паўнамоцтваў пад рознымі падставамі — ад складанай сітуацыі ўнутры і вакол краіны да адсутнасці адпаведнага пераемніка.
Павярнуць транзіт назад пасля з'яўлення другога прэзідэнта, няхай нават спачатку цалкам лаяльнага, будзе складана. Усе, уключаючы Расію і беларускую наменклатуру, стануць успрымаць Лукашэнку як адыходзячую фігуру, а палітычная вага пераемніка будзе непазбежна расці.
Улічваючы характар Лукашэнкі, можна чакаць, што ён паспрабуе актыўна ўмешвацца ў працу новай улады. У новага прэзідэнта ў такой сітуацыі будзе выбар — вечна падпарадкоўвацца не самаму папулярнаму папярэдніку, гэта значыць паводзіць сябе відавочна не па-прэзідэнцку, ці змагацца за сваю аўтаномію, а заадно за міжнароднае прызнанне і ўнутраную легітымнасць.
Па апублікаваным праекце канстытуцыі, сілавыя ведамствы і выканаўчая вертыкаль застаюцца ў руках прэзідэнта. Гэта значыць, што ён фармальна зможа паставіць Лукашэнку на месца ці ініцыяваць яго адхіленне ад улады. Дастаткова будзе папярэдне замяніць ключавых чыноўнікаў і сілавікоў на сваіх людзей — і нават першапачаткова выступаючы на баку Лукашэнкі Усебеларускі сход здольны адным галасаваннем адправіць яго на спакой, як у 1964 годзе пленум ЦК КПСС зрушыў Мікіту Хрушчова з пасадаў першага сакратара партыі і кіраўніка ўрада СССР.
Разумеючы гэтыя рызыкі, Лукашэнка можа адкладаць новыя прэзідэнцкія выбары да апошняга і заставацца ў сённяшнім крэсле аж да 2024-2025 гадоў, калі дазволіць сітуацыя. Падзеі ў Казахстане ў студзені 2022 года і імклівы выхад прэзідэнта Такаева з-пад кантролю Нурсултана Назарбаева, напэўна, аслабілі энтузіязм Лукашэнкі ў дачыненні да падобных эксперыментаў. Стала зразумела, што нават шматлікія фармальныя і нефармальныя гарантыі статуса першага прэзідэнта не з'яўляюцца страхоўкай у крызісны момант.
Зрэшты, праект новай канстытуцыі дазваляе асабіста Лукашэнку сумяшчаць пасады прэзідэнта і кіраўніка УНС і пераабірацца прэзідэнтам яшчэ на два тэрміны пасля 2025 года. Такім чынам Лукашэнка атрымлівае фармальную магчымасць захоўваць інтрыгу і падабраць пераемніка тады, калі ён будзе гатовы, а не ва ўвязцы з нейкім строгім дэдлайнам.
Траекторыя знешнепалітычнага курсу Мінска больш прадказальная, прынамсі да транзіту ўлады. Аднавіць дакрызісны ўзровень адносін з Захадам для Лукашэнкі немагчыма без нейкага новага, вострага, хутчэй за ваеннага канфлікту ў рэгіёне з удзелам Расіі. Тады, магчыма, Менску ўдалося б зноў прадаць Эўразьвязу і ЗША сваё дыстанцыяваньне ад Масквы. І нават у гэтым выпадку планка патрабаванняў да Лукашэнкі была б вышэйшай, чым у 2014 годзе, з-за назапашанага негатыўнага багажу.
Аднак, мяркуючы па ўсё больш цеснай беларуска-расійскай вайсковай інтэграцыі, магчымы рэгіянальны канфлікт хутчэй прывядзе да збліжэння Мінска і Масквы, а не да дыстанцыявання. Без рэгіянальных катаклізмаў шлях да поўнай нармалізацыі стасункаў з Захадам для Лукашэнкі закрыты нават у тым выпадку, калі ён вызваліць усіх ці большасць палітвязняў і дапусціць нейкую разрадку ў краіне. Так можна аслабіць санкцыі, аднавіць дыпламатычныя адносіны там, дзе яны былі парушаны, але наўрад ці дасягнуць нечага большага.
Нягледзячы на агульны пазітыўны фон у адносінах Мінска з Масквой, на мора брацкай рыторыкі, збліжэнне пазіцый па Крыме, падпісаныя праграмы інтэграцыі і ўзмацненне ваеннага супрацоўніцтва, базавая супярэчнасць інтарэсаў у гэтай асіметрычнай пары нікуды не сышла. Лукашэнка хоча больш эканамічнай падтрымкі пры мінімальнай ці адкладзенай інстытуцыйнай інтэграцыі, Масква чакае адваротнага. Пакуль не ўзнікне новых падстаў для гандлю, гэтая супярэчнасць можа заставацца незаўважнай.
Рознагалоссі, аднак, абвастраюцца, калі адзін з бакоў успамінае аб тым, што яму трэба ад саюзніка. Часцей за ўсё імпульс сыходзіць ад Лукашэнкі з-за патрэбы ў рэфінансаванні існуючых крэдытаў. Цяпер праблема можа ўзнікнуць з-за таго, што для Мінска па палітычных прычынах закрыты заходнія рынкі капіталу, а ў бліжэйшыя два гады трэба будзе выплаціць больш за 7,5 млрд долараў па даўгах.
Нават калі кан'юнктура попыту на беларускія экспартныя тавары застанецца такой жа спрыяльнай, як у 2021 годзе, у справу ўступяць заходнія сектаральныя санкцыі, якія б'юць якраз па важных экспартных галінах. Паколькі ліквідных рэзерваў у краіны каля чатырох мільярдаў долараў, патрэба ў новых крэдытах ад Расіі відавочная, і ўрад у Мінску гэта прызнае.
Тут і закладзены канфліктны патэнцыял адносін дзвюх краін. Запас сімвалічных саступак у Лукашэнкі амаль вычарпаны, на сур'ёзныя ён, здаецца, усё яшчэ не гатовы. А Масква, хаця і баіцца беларускага развароту на Захад у выпадку дэстабілізацыі рэжыму, у апошнія гады змяншае, а не павялічвае дапамогу Мінску.
Два важныя пытанні для фармату і кіравальнасці беларускага транзіту: 1) наколькі саступлівай будзе расійская ўлада, калі Лукашэнка ў чарговы раз прыйдзе па крэдыты, і 2) ці будзе адной з умоў гэтай падтрымкі перадача рэальнай улады новым людзям у Мінску.
Адказы на іх напрамую залежаць ад рэгіянальнага і сусветнага кантэксту. Чым канфліктней адносіны паміж Расіяй і Захадам, тым мацней у Маскве акопная логіка ўспрыняцця сваіх суседзяў і гатоўнасць іх абараняць ад заходняга ціску проста з прынцыпу. Але дэманстрацыя баявога братэрства ў адсутнасць бою перастае быць такой пераканаўчай. Калі паміж вялікімі ігракамі надыходзіць перамір'е, у Маскве гучней гучаць бухгалтарскія галасы аб тым, што інвестыцыі ў беларускі рэжым, увогуле, не акупляюцца.
Малая верагоднасць новага этапу паўнавартаснага знешняга балансавання змяніла і вектар інтарэсаў Лукашэнкі ў гэтых геапалітычных раскладах. Раней ён выконваў нейкія міратворчыя функцыі ў рэгіёне і імкнуўся рабіць гэта на сусветным узроўні, спрабуючы ператварыць Мінск ці то ў новую Жэневу, ці то ў Хельсінкі.
Сёння Лукашэнка зацікаўлены ў тым, каб напал супрацьстаяння глабальных ігракоў у рэгіёне не спадаў. Таму ён не саромеецца падаграваць гэты кацёл, пагражаючы размясціць у сябе расійскія ракеты «Іскандэры», ядзерную зброю і праводзіць яшчэ больш вайсковых вучэнняў, а таксама ўцягваючы Маскву ў свае спрэчкі з Еўразвязам і суседзямі — накшталт міграцыйнага крызісу. Але, як і з праектам моста паміж Усходам і Захадам, поспех спробаў Лукашэнкі стаць надзейным бастыёнам Усходу залежыць у большай ступені не ад яго самога, а ад таго, ці будзе на гэтыя паслугі попыт.