Што стаіць за зменай кіраўніцтва адміністрацыі Лукашэнкі?
Ад пасады вызвалены Аляксандр Косінец і ягоны першы намеснік Канстанцін Мартынецкі — абодва з фармулёўкай «пераход на іншае месца працы». Пра тое, што азначаюць кадравыя перастаноўкі, разважае палітолаг Валеры Карбалевіч.
— Відаць, такое рашэнне звязана з незадаволенасцю Лукашэнкі
працай кіраўнікоў сваёй адміністрацыі. Гэта простае і банальнае тлумачэнне. А
калі казаць пра кіраўнікоў адміністрацыі прэзідэнта, што былі пры Лукашэнку,
дык Косінец, мусіць, — самы незаўважны сярод іх. Быў яшчэ такі Генадзь
Нявыглас, малазаўважны, а астатнія кіраўнікі адміністрацыі ўсё ж былі фігуры
важкія, публічныя. Было відавочна, што кіраўнік адміністрацыі — персона значная,
гэта другі чалавек пасля Лукашэнкі ў ягонай адміністрацыі. Пра Косінца гэтага
не скажаш.
Ён быў як цень — маўклівы, нікуды ў публічнай прасторы
не ўмешваўся, і гэта, відаць, не задавальняла Лукашэнку. Мусіць, яму патрэбны
іншы чалавек. А чаму не задавальняла прэзідэнта асоба Косінца, пакуль што цяжка сказаць. А пра першага
намесніка Мартынецкага ўвогуле нічога сказаць нельга, ён быў зусім
малазаўважны.
Магчыма, што сітуацыя крызісу запатрабавала нейкіх
новых захадаў. Падчас апошняй публічнай сустрэчы з Косінцам Лукашэнка папракаў
сваю адміністрацыю ў дрэннай кадравай палітыцы: маўляў, вы не прапаноўваеце мне
людзей, якія маглі б падаваць ідэі, што маглі б дапамагчы выйсці з крызісу, не
мяняючы сістэму. Косінец не змог гэтага зрабіць. Я не ведаю, хто гэта можа
зрабіць, тым не менш, публічнае незадаволенне ягонымі дзеяннямі кіраўнік
дзяржавы выказваў зусім нядаўна.
— Што можна сказаць пра фігуру Валера Міцкевіча,
якія стаўся выканаўцам абавязкаў кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта?
— Ён таксама не вельмі заўважны. Мінкевіч займаўся
сваёй вузкай справай — заканадаўствам, рыхтаваў нейкія прававыя забеспячэнні
заканадаўчых актаў. Думаю, што гэта часовае прызначэнне, хаця хто ведае,
наколькі гэта часова і хто можа потым узначаліць Адміністрацыю прэзідэнта.
Хадзілі чуткі пра Сяргея Сідорскага (былога прэм’ер-міністра Беларусі. — Г.
К.), але незразумела, наколькі гэта рэальна. Кадравыя пытанні — самая цяжкая і
самая закрытая тэма ў Беларусі. Бо ў нас закрытае грамадства, закрытая сістэма.
— Дык які кіраўнік адміністрацыі патрэбны?
— Такі, які можа лавіць думкі — нават тыя, якія яшчэ
не выказаў Аляксандр Лукашэнка, падтрымаць іх, знайсці людзей, што маглі б іх
рэалізаваць, стварыць адпаведныя механізмы. Гэта мусіць быць цень прэзідэнта ва
ўсіх сэнсах гэтага слова.
З іншага боку, кадры ўвесь час патрэбна мяняць. Гэта
таксама адна з рысаў стылю кіравання Лукашэнкі. Не даваць ім доўга
затрымлівацца на адной пасадзе. Тут хіба што адна Лідзія Ярмошына (старшыня
Цэнтрвыбаркаму са стажам 20 гадоў. — Г. К.) затрымалася на сваёй пасадзе, і
Лукашэнка яе не адпускае. А ўсе астатнія мяняюцца.
— Хіба што яшчэ сюды можна дадаць амаль нязменнага кіраўніка
Вярхоўнага суда Валянціна Сукалу… Ці з’яўляецца сёння пасада кіраўніка
адміністрацыі прэзідэнта настолькі ўплывовай, як гэта было гадоў 15–20 таму?
— Усё залежыць ад самога чалавека, ад той асобы, якая
займае гэтую пасаду. Калі адміністрацыю ачольваў Генадзь Нявыглас, большую вагу
мела Наталля Пяткевіч — намесніца кіраўніка адміністрацыі. Таму шмат што
залежыць ад чалавека. Чалавек стварае вагу, а не пасада, хаця гэтая пасада
вельмі важкая. Косінец быў вельмі добрай ілюстрацыяй гэтай тэзы.
— Ці можна чакаць зменаў у іншых уладных
структурах, да прыкладу, ва ўрадзе?
— Думаю, так. Косінец прывёз з сабою з Віцебшчыны
даволі шмат людзей, якія апынуліся, у тым ліку, і ва ўрадзе. Напрыклад,
віцэ-прэм’ер Качанава — выхадзец з Віцебскай вобласці — верагодна, апынулася на
гэтай пасадзе з рэкамендацыі Косінца. А таксама намеснік міністра спорту па
турызме, і гэта толькі наўскідку. А ўвогуле, шмат якія яшчэ пасады былі занятыя
па прапанове Косінца. Таму цалкам рэальна, што адбудуцца і іншыя змены.
— Кадравыя перастаноўкі перад Новым годам — гэта ў
нас ужо такая традыцыя на дзяржаўным узроўні?
— Тут, мусіць, ёсць нейкія іншыя чыннікі. Калі ў 2010
годзе былі кадравыя перастаноўкі, дык тады прайшлі прэзідэнцкія выбары. У 2015
годзе зноўку былі прэзідэнцкія выбары, і таму адразу пасля іх трэба было мяняць
каманду. Думаю, сёлета тут усё выпадкова.