За крок да катастрофы
Самыя галоўныя навіны на гэтым тыдні — міжнародныя. Падобна на тое, што мы паволі набліжаемся да эскалацыі канфлікту Расіі з астатнім светам з вельмі кепскімі наступствамі. І Беларусь гэтыя наступствы могуць напаткаць у першую чаргу.
На гэтым тыдні незразумела што рабілася ў непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспубліцы. ПМР ужо некалькі дзясяткаў гадоў лічыцца «расійскім анклавам», і там раптам быў абстраляны будынак Міністэрства бяспекі, вайсковы аэрадром (па непацверджаных даных), вышкі-рэтранслятары прарасійскага радыё і ТБ, і незразумела што здарылася ў адной з вайсковых частак. Улады ПМР наконт вайсковай часткі паведамляюць аб «надзвычайным здарэнні».
Такімі ж «надзвычайнымі здарэннямі» напоўнілася раптам і Расія. На жаль, ходкі выраз «бамбіць Варонеж» набывае цалкам прамы сэнс. Улады Белгарадскай, Курскай і Варонежскай абласцей раптам актывізавалі сістэму СПА — і паведамляюць аб збітых разведвальных беспілотніках невядома чыёй прыналежнасці. А пад Белгарадам згарэў склад ГЗМ і боепрыпасаў.
Украіна не ўзяла на сябе адказнасць за ўсе гэтыя інцыдэнты. Больш за тое, там усяляк падкрэсліваюць, што, напрыклад, той жа Варонеж знаходзіцца ў 200 кіламетрах ад яе мяжы, і якім чынам там раптам запрацавала СПА, незразумела.
Сакратар Рады бяспекі Расіі Мікалай Патрушаўраспарадзіўся, каб улады паўднёвых рэгіёнаў РФ забяспечылі «надзейную працу сістэмы, якая дазваляе экстранна апавясціць насельніцтва пры пагрозе надзвычайных сітуацый, а таксама прывесці ў належны стан ахоўныя збудаванні грамадзянскай абароны». Гэта значыць, рыхтуюць сірэны абвесткі аб бамбёжках і бамбасховішчы.
Пуцін у той жа дзень сказаў, што ў выпадку «вонкавага ўмяшання» ў сітуацыю ва Украіне і стварэння для Расіі непрымальных пагроз стратэгічнага характару, «яны павінны ведаць, што нашы зваротна-сустрэчныя ўдары будуць вокамгненнымі, хуткімі. У нас ёсць для гэтага ўсе інструменты, такія, якімі цяпер не можа пахваліцца ніхто. А мы хваліцца не будзем. Мы будзем іх выкарыстоўваць, калі спатрэбіцца».
Хоць Пуцін не сказаў, што гэта за «інструменты», само азначэнне «зваротна-сустрэчны ўдар» — з галіны менавіта ядзернага стрымлівання.
У чэрвені 2020 года Расія апублікавала дакумент пад назвай «Асновы дзяржаўнай палітыкі ў галіне ядзернага стрымлівання», у якім выкладаліся ўмовы прымянення ядзернай зброі. Адна з гэтых умоў — атрыманне дакладнай інфармацыі аб старце балістычных ракет, якія атакуюць Расію. Гэта значыць, рашэнне аб нанясенні ўдару ў Маскве прымаецца пасля таго, як там дакладна даведаліся, што ў напрамку Расіі стартавалі міжкантынентальныя ядзерныя ракеты, нават калі яны яшчэ не даляцелі да мэты. Менавіта такі ўдар называецца «зваротна-сустрэчным».
«Непрымальныя пагрозы стратэгічнага характару», пра якія згадаў Пуцін, у канцэпцыі таксама фігуруюць, праўда не даслоўна ў такой фармулёўцы — ядзерныя сілы, згодна з гэтым дакументам, Масква можа задзейнічаць у выпадку «агрэсіі супраць Расіі з ужываннем звычайнай зброі, калі пад пагрозу пастаўленае само існаванне дзяржавы». Пра такую пагрозу надоечы заявіў «перамоўшчык» ад Расіі Уладзімір Мядзінскі.
Ці можа Пуцін прыняць рашэнне нанесці гэты ўдар? На думку, напрыклад, Фрэнсіса Фукуямы, гэта «малаверагодна». Але яшчэ за два тыдня ўварвання Расіі ва Украіну «малаверагодным» лічылася і само ўварванне. А роўна як і прадастаўленне тэрыторыі Беларусі для такіх дзеянняў. «Малаверагодна» — усё ж не азначае «нулявую верагоднасць». Асабліва ўлічваючы, што «другая фаза спецаперацыі на Данбасе», відавочна, не дасягае сваіх мэтаў, а на сустрэчы ў нямецкім Рамштайне сфармавалася праўкраінская кааліцыя з 40 краін, якія дамовіліся каардынаваць вайсковую дапамогу Кіеву, у тым ліку — даваць цяжкія ўзбраенні для адбіцця расійскай агрэсіі.
Вялікабрытанія ўвогуле заявіла, што пакідае за сабой права самастойна, не кансультуючыся з іншымі краінамі NATO, нанесці ўдар у адказ у выпадку прымянення Крамлём ядзернай зброі.
Усяму свету відавочна, што Пуцін цяпер непрадказальны. Што, калі ён вырашыць дзейнічаць у парадыгме «згарэў хлеў — гары і хата»?
І ведаеце, што самае крыўднае? «Саскочыць з тэмы» ў Беларусі не атрымаецца. І не таму, што ўлады, не ведаючы броду, ссунуліся ў падтрымку Расіі. А таму, што менавіта на нашай тэрыторыі размяшчаецца расійская РЛС далёкага выяўлення «Волга» пад Баранавічамі, і вузел сувязі ВМФ РФ у Вілейцы. А «зваротны ўдар» прадугледжвае, найперш, прэвентыўнае падаўленне сродкаў СПА і ваенна-паветранай абароны. І, калі Пуцін вырашыцца на ўдар па Украіне, «Волга» можа стаць першай мэтай удару для той жа Вялікабрытаніі.
Нам шмат распавядалі пра расійскія С-300 для Беларусі, пра «вучэбна-баявыя цэнтры» войскаў ВПС і СПА ў Гродна. Але ўсе мы выдатна памятаем, як шведскі лёгкаматорны самалёт незаўважна перасёк нашу мяжу і «адбамбіўся» па нас плюшавымі мішкамі. І зусім не факт, што гэты подзвіг не зможа паўтарыць які-небудзь «Байрактар».
Таму, калі мы нават тэарэтычна не хочам разважаць над ракетнымі ўдарамі па нашай тэрыторыі, «саскокваць з тэмы» трэба цяпер. Прычым, у тэрміновым парадку. Менавіта цяпер можна і трэба спрабаваць «прадаць» Захаду мажлівасці Лукашэнкі. Падаецца, у яго аднаго, апроч расійскіх генералаў, ёсць «доступ да цела» Уладзіміра Пуціна. Лукашэнка можа калі не пераканаць, то хаця б прымусіць сумнявацца Пуціна, і адгаварыць апошняга ад нават магчымасці выкарыстання любой зброі масавага паражэння. Бо рэальнасць такая, што можа прыляцець у першую чаргу па нас.
Канешне, Лукашэнка для Захаду цяпер — персона «нон-грата». Але і гэтую сітуацыю можна вокамгненна змяніць, абвясціўшы «масавую амністыю» палітычных вязняў ды ўсіх палітычна затрыманых, напрыклад, да 9 траўня, як гэта заўжды любіць рабіць улада. Спыненне рэпрэсій, амністыя палітвязням — і ў беларускай улады зноў з’явіцца шанец выступіць у ролі «міратворцы», прычым, міратворцы, які адвядзе свет ад ядзернай катастрофы.
І гэта, магчыма, апошні шанец. Інакш, улічваючы непрадказальнасць Пуціна і расійскія ваенныя аб’екты на тэрыторыі Беларусі… Як гаворыцца, «не крыўдуйце». Наступствы могуць быць зусім не смешнымі.