Расійская РЛС «Волга» ў Беларусі будзе адсочваць сістэму супрацьракетнай абароны ЗША

Расійская радыёлакацыйная станцыя "Волга" ў Беларусі, якая ўваходзіць у склад сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе, атрымае новую актуальнасць у выпадку размяшчэння ЗША сістэмы супрацьракетнай абароны (СРА) у Еўропе. Пра гэта заявіў начальнік Галоўнага цэнтра папярэджання аб ракетным нападзе Паветрана-касмічных сіл Расіі Андрэй Равянок у праграме «Ваенная прыёмка» на тэлеканале «Звезда», перадае tut.by.

Радыёлакацыйная станцыя "Волга" ў Мінскай вобласці. Фота: vpk-news.ru.

Радыёлакацыйная станцыя "Волга" ў Мінскай вобласці. Фота: vpk-news.ru.

— Станцыя на баявым дзяжурстве, выконвае сваю задачу ва ўстаноўленым сектары агляду. Але і, магчыма, яе актуальнасць зноў з'явіцца ў сувязі з размяшчэннем на тэрыторыі еўрапейскіх дзяржаў сістэмы супрацьракетнай абароны ЗША, якая, мы ведаем, выконвае функцыі не толькі абароны, але і нанясення ўдараў, — сказаў Равянок.

РЛС «Волга»

Нагадаем, будаўніцтва асобнага радыётэхнічнага вузла (АРТУ) «Баранавічы» з радыёлакацыйнай станцыяй (РЛС) «Волга» (каля пасёлка Азярэчча Клецкага раёна Мінскай вобласці, 48 км на паўднёвы ўсход ад Баранавічаў, 8 км на паўночны ўсход ад Ганцавіч) пачалося ў 1984 годзе, але затым было закансервавана. У 1997 годзе работы аднавіліся, у 2003 годзе РЛС была пастаўлена на баявое дзяжурства. У прыватнасці, з яе дапамогай ажыццяўляецца выяўленне балістычных ракет, касмічных аб'ектаў і кантроль над раёнамі патрулявання падлодак краін НАТА ў Паўночнай Атлантыцы і Нарвежскім моры.
Знаходжанне гэтага аб'екта на тэрыторыі Беларусі рэгулюецца міжнароднымі дамовамі, якія былі заключаны паміж урадамі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі 6 студзеня 1995 года і ўступілі ў сілу 7 чэрвеня 1996 года.
Улічваючы тое, што гэтыя пагадненні заключаны на 25 гадоў, іх тэрмін дзеяння сканчаецца 7 чэрвеня 2021 года. У выпадку нежадання аднаго з бакоў падоўжыць тэрмін іх дзеяння ён пісьмова паведамляе другі бок аб прынятым рашэнні за 12 месяцаў да заканчэння дзеяння пагадненняў, гэта значыць не пазней за 6 чэрвеня 2020 года. Мяркуючы па планах Міністэрства абароны РФ, перамовы па далейшым выкарыстанні РЛС «Волга» прайшлі паспяхова для расійскага боку.