Украінцы ў палоне рэжыму: больш за год без адваката і сувязі са знешнім светам
Сілавікі затрымліваюць украінскіх грамадзян, якім спрабуюць «прышыць» шпіянаж. Так здарылася з Аляксандрам і Віталём, якіх больш за год без усялякіх падстаў пратрымалі за кратамі. А заадно і «адціснулі» ў іх 60 тысяч долараў.
Дваіх украінцаў затрымалі на польска-беларускай мяжы ў лістападзе 2022 года. Сваякі больш за год беспаспяхова спрабавалі іх знайсці. Увесь гэты час мужчыны правялі ў ізалятарах часовага ўтрымання — без асабістых рэчаў, перадач і нават прагулак. За час зняволення затрыманыя рэзалі сабе вены, аб'яўлялі галадоўкі, спрабуючы прыцягнуць да сябе ўвагу. Напярэдадні Новага года беларускі бок проста вывез іх на нейтральную тэрыторыю з Украінай. «Медыязона» расказвае гісторыю «зніклых» на 14 месяцаў у Беларусі грамадзян Украіны, якія прыехалі ў краіну на 3 дні.
«Пару рублёў засталося даўгі пазабіраць». Паездка ў Беларусь
Аляксандру 43 гады, ён родам з Валынскай вобласці Украіны. У мінулым ён служыў па кантракце ў памежных войсках, у 2014 годзе ўдзельнічаў у АТА. У 2017 годзе сышоў з войска ў званні прапаршчыка і адкрыў бізнес — кампанію грузаперавозак.
Некалькі грузавых машын вазілі тавары з Украіны ў Польшчу, Беларусь і назад. Да пачатку поўнамаштабнай вайны бізнес ішоў добра.
У лістападзе 2022 года Аляксандр са сваім партнёрам Віталём паехалі ў Беларусь скончыць справы і закрыць гэты кірунак. Гэта была іх першая паездка ў краіну з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.
— Мы вывозілі ўсё: пару рублёў засталося даўгі пазабіраць, трыкатаж забраць, разлічыцца з людзьмі, каб мы нікому вінныя не былі, а яны нам.
Перад паездкай з Аляксандрам звязалася знаёмая, з якой яны працавалі доўгі час. Яна папрасіла на зваротным шляху з Беларусі ва Украіну (праз Польшчу) забраць дзвюх дзяўчат. З пачатку вайны яны беглі з Харкава і хацелі вярнуцца назад. Аляксандр пагадзіўся адвезці іх бясплатна.
Мужчыны выехалі з Украіны 2 лістапада 2022 года. Вырашылі працоўныя справы, забралі спадарожніц і 4 лістапада ўжо былі ў чарзе на мяжы «Брэст-Цярэспаль».
«Стаяць на месцы, працуе АМАП!» Затрыманне
Аляксандр прыехаў на пункт пропуску днём. Мытнік сказаў яму пачакаць з афармленнем дакументаў, «бо вельмі шмат аўтобусаў і іх трэба адразу прапусціць». Але ніякіх аўтобусаў на мытным кантролі ўкраінец не бачыў.
Мужчыны селі ў машыну і чакалі, калі іх запросяць.
— Мы так пачакалі, што аж заснулі. Ён [мытнік] прыйшоў, разбудзіў: «Давайце-давайце пашпарты, я вас аформлю, таму што там памежнікі чакаюць». Я так зразумеў, што яму проста далі каманду, бо там яшчэ нехта даязджаў. Я думаю, што вы зразумелі хто, — кажа Аляксандр.
Калі Аляксандр аплачваў мытны збор, ён звярнуў увагу што ля кас не было людзей, хоць там «пастаянна народу столькі, што стаіш дзесьці паўгадзіны». На пашпартным кантролі — таксама нікога. «Усе сядзелі ў машынах і так глядзелі на нас, так... А іх усіх, мабыць, па машынах разагналі, каб і блізка з намі ніхто не быў».
На пашпартным кантролі Аляксандру паставілі пячатку аб выездзе з Беларусі, а затым падышлі трое афіцэраў у памежнай форме і запрасілі мужчын праехаць на поўны дагляд аўтамабіля ў спецыяльны гараж. Дзяўчат папрасілі пачакаць на пашпартным кантролі. Пазней адна з уцякачак расказала брату Аляксандра Раману, што праз нейкі час да іх выйшаў афіцэр і сказаў не чакаць кіроўцы з сябрам, а лавіць «спадарожку» і ехаць далей.
— Нас пагналі ў бокс паглыбленага надгляду. Увесь час, колькі я ездзіў, бокс быў зачынены. Пад'язджаеш — адчыняюць, заязджаеш — зачыняюць. А тут ужо быў адчынены. Ну, я заязджаю — мне: «Адкрывайце машыну». Я адчыняю [дзверы], даходжу да багажніка — «Стаяць на месцы, працуе АМАП!». Ну і нас на зямлю.
«Зараз вазьму тваё пасведчанне і адвязу вас да рускіх». Допыт
Аляксандра і Віталя паставілі тварам да сценкі і апранулі на галовы чорныя пакеты. Рукі скавалі кайданкамі, дасталі ўсё з кішэняў і кінулі на падлогу службовай машыны. Прычыну затрымання не тлумачылі.
— Нас не білі. Ніхто біць не будзе, таму што там [у боксе] камеры ж усюды. Мы не супраціўляліся, не ўцякалі. Легчы — ляглі. Устаць — усталі. Павынімаць — павынімалі. Толькі што непрыемна было, што нас пад ногі кінулі і нагамі на нас наступілі. Вельмі, вельмі непрыемна гэта было.
Аляксандр не бачыў, куды іх вязуць, бо на галаве быў пакет. Але па размовах зразумеў, што кудысьці на базу АМАПа. Там мужчыны «вельмі доўга» чакалі, калі па іх нехта прыедзе. Пасля гэтага затрыманых павезлі, як здалося Аляксандру, у КДБ.
— Ніякага спалоху не было, бо ў нас нічога не было такога, каб нас... Ну, правераць — правераць. Паглядзяць, што няма нічога, ды і ўсё. Ніякага страху не было, бо не было за што перажываць.
Аляксандра завялі на трэці паверх нейкага памяшкання. Пры гэтым Валерыя адвялі кудысьці асобна. Мужчына згадвае, што калі яму знялі з галавы пакет, то ён убачыў невялікі кабінет, прыкладна 2 на 2 метры, стол, сейф і 2 крэслы. Разам з ім зайшоў супрацоўнік і пачаў дапытваць.
Мужчына запомніў першыя два пытанні: «Як вы ставіцеся да нашай краіны?» і «Як вы ставіцеся да нашага прэзідэнта?» Далей у мужчын пыталі, куды яны ездзілі, што рабілі, чаму вяртаюцца так хутка і гэтак далей.
— І потым я пачуў, быццам мы тут займаемся шпіянажам на тэрыторыі Беларусі. Гэта значыць, ездзім па Беларусі, вылічаем вайсковую тэхніку, склады. Потым былі навадныя пытанні, нібыта мяне бачылі, як я фатаграфаваў лунінецкі вайсковы аэрапорт. Але мы там нават не былі! Гэта потым я зразумеў, што нас проста «бралі на понт».
Мужчыну трымалі на допыце да 4-й раніцы. Сярод дакументаў у Аляксандра знайшлі яго пасведчанне памежніка, дзе была пазнака, што ён сышоў на пенсію, але раней быў удзельнікам АТА.
— Я кажу, што 8 гадоў сюды езджу, і ніколі не было ніякіх праблем з гэтым [пасведчаннем]. Ён: «Ты мне тут не расказвай, я зараз вазьму тваё пасведчанне і адвязу вас да рускіх. Ты там усё раскажаш». Я яму: «А чаго вы палохаеце? Пры чым тут рускія?» Ну і ён хутка закрыўся. Зразумеў, што не тое нешта сказаў.
Пасля допыту мужчыну адвезлі ў ІЧУ Брэсцкай памежнай групы.
«Ды ў нас на цябе ўсё ёсць! Вось цэлая тэчка». ІЧУ
Аляксандр кажа, што прасіў у адміністрацыі ізалятара патэлефанаваць родным і паведаміць, што ён затрыманы, але яму не дазволілі. Адмовілі мужчыну і ў адвакаце. Не дазволілі звязацца з украінскім консульствам у Беларусі і нават узяць сродкі гігіены, якія былі ў рэчах.
— У мяне там і пераапрануцца было, і зубная шчотка, і паста. Я пытаюся: «Можна ўзяць?» Яны: «Не паложана». Першыя два месяцы я не галіўся, не стрыгся, і нават не было чым пазногці абрэзаць. Нічога не давалі ўзяць. Калі я праз 2 месяцы ўпершыню сябе ўбачыў у люстэрка — я, халера, жахнуўся. Потым заступіў там на дзяжурства старшына, каб нас ахоўваць. Я з ім разгаварыўся, кажу: «Бля, старшына, ну паглядзі на мяне. Ну няўжо ты машынкі не знойдзеш, каб я пастрыгся? Я ж, бля, такі ж прапаршчык, як і ты». Ён кажа: «Сань, заўтра салдаты прынясуць».
Салдаты сапраўды прынеслі машынку для стрыжкі, якой у далейшым Аляксандр і стрыгся, і галіўся. Больш нічога з гігіены ўзяць не дазволілі, але мужчына кажа, што «да ўсяго прыстасоўваешся». Пазней Аляксандр даведаўся, што ў гэтым жа ІЧУ знаходзіцца і яго партнёр Віталь. Адзін з ахоўнікаў на прагулцы абмовіўся: «О, тут яшчэ і другі хахол сядзіць».
У цэлым, паводле слоў Аляксандра, умовы ў ІЧУ былі нармальнымі. У чатырохмеснай камеры было 4 чалавекі. Амаль увесь ізалятар быў запоўнены мігрантамі, якія спрабавалі прарвацца на тэрыторыю Польшчы, але з нейкіх прычын былі затрыманыя беларускім бокам.
Праз 3 месяцы пасля затрымання Аляксандр упершыню пагаварыў са следчым. Мужчына паведаміў адміністрацыі ІЧУ, што на яго ва Украіне могуць завесці крымінальную справу праз доўгую адсутнасць у краіне. У адміністрацыі ІЧУ запэўнілі, што днямі прыедзе «следчы з Мінска», задасць Аляксандру пару пытанняў, і, хутчэй за ўсё, пасля гэтага яго адпусцяць дадому.
— Чакаем. Прыязджае. Усё добра, туды-сюды. Стаіць камера. За камерай аркушык. «Чытай», — кажуць. Чытаю: «Я, той і той, служыў там і там, займаўся шпіянажам на тэрыторыі Беларусі, за што прашу прабачэння ў беларускага народа і прэзідэнта Беларусі». Я кажу: «Дайце мне, калі ласка, гэты аркушык». Яны далі. «Дайце асадку» — далі. Я падкрэсліў тое, тое і тоее. Кажу: «Глядзіце, тое, што я падкрэсліў, я буду чытаць. А тое, што я не рабіў, я гэта не буду чытаць». Гэты следчы як пачаў гарлапаніць, паперамі кідаць: «Ды ў нас на цябе ўсё ёсць! Вось цэлая тэчка». Кажу: «Ну, раз ёсць, то якія пытанні?»
Пасля такога адказу на галаву Аляксандра зноў апранулі чорны мяшок і вярнулі ў ІЧУ. Праз пару дзён следчы паведаміў Аляксандру, што сілавікі ведаюць пра тое, што мужчына ездзіў і «купляў інфармацыю ў беларусаў» — у яго ў машыне выявілі каля 60 тысяч долараў. Аляксандр кажа, што такія грошы сапраўды ляжалі ў машыне — гэта даўгі партнёраў па бізнэсе за пастаўкі тавару. Па іх мужчына і прыехаў у Беларусь. Але ляжалі яны з запоўненай дэкларацыяй.
«Грошы тупа адціснулі». ШІЗА
На гэтым кантакт са следчым спыніўся. Яшчэ праз пару месяцаў, каб прыцягнуць да сябе ўвагу, Аляксандр у ІЧУ ўскрыў сабе вены.
— 5 месяцаў ты сядзіш і не ведаеш чаму. Ні адваката, нічога. Хоць бы сказалі, што адтуль і датуль [сядзіш], ад таго і да таго. А то тупа 5 месяцаў — і нічога. Ні дадому патэлефанаваць не даюць. Ну зусім нічога.
Мужчына кажа, што глыбока парэзаць вены яму не ўдалося, бо «прыбегла адміністрацыя ізалятара». Але шнары на руках засталіся. Адразу прыйшоў і следчы, але пасля зноў знік.
Чарговы раз Аляксандр спрабаваў прыцягнуць да сябе ўвагу, абяцаючы забіць сябе ударам току: мужчына заслаў на падлогу мокрую прасціну і пагражаў адміністрацыі, што вылье бутэльку вады на лямпачку пад столлю. Яшчэ 6 дзён Аляксандр трымаў сухую галадоўку, але следчы так і не прыйшоў.
7 красавіка Аляксандра перавялі ў брэсцкае СІЗА. Следчы паведаміў яму, што ў дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу за кантрабанду грошай у буйным памеры.
— Нават 726 долараў нам дакінулі. У мяне не было 60 тысяч долараў у машыне, там было 59 500 з нечым. То-бок, калі гэтую суму падзяліць на нас дваіх, то гэта будзе адміністрацыйнае правапарушэнне. А яны ўзялі і дабілі, што калі мы нават дзелім грошы на дваіх, то там выходзіць на 200 долараў больш.
Аляксандр адмовіўся ад адваката і вырашыў абараняць сябе самастойна. На яго просьбы выдаць яму кодэксы адміністрацыя адмовіла. Аляксандр кажа, што з СІЗА адправіў 24 лісты: у Генеральную пракуратуру, Адміністрацыю прэзідэнта, ДВП... Але адказ прыйшоў толькі з мытнай пракуратуры — адпіска.
— Сукамернікі ў СІЗА сказалі: «Саш, ты дурань? Забудзь. Нават не турбуйся. Калі яны грошы ўбачылі, то па-любому іх забяруць». Грошы тупа адціснулі.
«Там умовы — наогул гамон». Вяртанне ў ІЧУ
Аляксандр правёў у СІЗА 2 месяцы. Стараўся кантактаваць толькі з тымі, хто «быў схільны да экстрэмізму і дэструктыўнай дзейнасці», таму што з імі «было, пра што пагаварыць». Сярод сукамернікаў у Аляксандра быў былы супрацоўнік МТС Андрэй Цыпак, які праходзіў па справе «Чорнай кнігі Беларусі». Аляксандр згадвае, як гарбатай праводзілі хлопца ў калонію, калі яму прысудзілі 6 гадоў пазбаўлення волі.
Суд над Аляксандрам адбыўся 8 чэрвеня. Суддзя вынес прысуд: адабраць грошы, прызначыць штраф і вызваліць у залі суда.
— Мяне вызвалілі, знялі кайданкі, далі дакументы, і потым падышлі з КДБ і кажуць: «Вы затрыманы начальнікам контрвыведкі». Ну, затрыманы, то затрыманы. Тут камеры паўсюль ёсць. Кажу: «А за што? Можа, адваката якога?» Яны: «Пішыце ліст на [імя] начальніка контрвыведкі».
На Аляксандра зноў апранулі кайданкі і павезлі ў ІЧУ Ленінскага РУУС Брэста.
— Там умовы — наогул гамон. Склеп з блашчыцамі. Волкасць, блашчыцы, халера, бамжы, сухотнікі. Асабліва пятніца, субота, нядзеля, калі выхадныя, калі яны пачынаюць «дзвіжаваць».
Мужчыну размясцілі ў далёкай камеры ІЧУ, куды звычайна змяшчаюць буяных затрыманых. Палітычныя затрыманыя былі ў першай і другой камеры. Аляксандр думае, што гэта зрабілі спецыяльна, каб ён не перасякаўся з «разумнымі людзьмі».
Праз пару месяцаў у СІЗА Аляксандр зноў планаваў ускрываць сабе вены. Але яго адгаварыў адзін з супрацоўнікаў адміністрацыі ІЧУ.
— Кажа: «Саш, ты нічога не даб'ешся. З майго досведу — табе лепш набрацца сіл і трываць. Усё роўна цябе выпусцяць заўтра ці паслязаўтра. Ты паглядзі, што робяць з нашымі палітыкамі, з актывістамі што робяць. А што ты, украінец, чагосьці тут, халера, даможашся? Ты нічога не даб'ешся». Ну, мы пагаварылі, я падумаў, што яно сапраўды так. Я за 7 месяцаў да гэтага нічога не дамогся, а тут што спрабую.
Аляксандр кажа, што адміністрацыя ІЧУ яго падтрымлівала. Часта казалі: «Саш, трымайся, ты тут не назаўжды».
У ІЧУ Ленінскага раёна мужчына правёў 7 месяцаў. За гэты час да яго ні разу не прыйшоў следчы. На шпацыр са склепа за 7 месяцаў вывелі толькі 11 разоў. Гэта ўсё Аляксандр адзначаў у сваім самаробным календары.
«Са 102 кілаграмаў у яго стала 68». Дэпартацыя
Увесь гэты час Аляксандр спрабаваў звязацца з консульствам Украіны ў Беларусі, адпраўляў запыты ў Чырвоны Крыж, але ні адзін ліст не выйшаў па-за межы ІЧУ.
— Начальнік ІЧУ падышоў і кажа: «Сань, халера, ну зразумей! Ты ж вайскоўцам таксама раней быў. Халера, ну, мне паставілі такую каманду, я яе павінен выконваць».
Увесь гэты час Аляксандра шукаў яго брат Раман. Ён быў на сувязі з украінскім консульствам у Беларусі, але, паводле слоў мужчыны, тыя таксама не маглі знайсці Аляксандра. На ўсе запыты консульства ў ІЧУ і СІЗА ніякіх адказаў не прыходзіла. Чырвоны Крыж таксама разводзіў рукамі.
У лістападзе 2023 года ў ІЧУ Ленінскага раёна перавялі партнёра Аляксандра — Віталя. Да гэтага ён год сядзеў у ІЧУ памежнага атрада. На працягу года да Віталя прыходзіў следчы, прыносіў гатовае рашэнне аб дэпартацыі, абяцаў даць зрабіць званок консулу, калі той падпіша прызнанне, што займаўся шпіянажам на тэрыторыі Беларусі.
Пасля пераводу ў Ленінскі ІЧУ Віталь абвясціў сухую галадоўку. Аляксандр яго падтрымаў. Але Аляксандру без ежы ўдалося працягнуць толькі 9 дзён, пасля чаго ён злёг з высокай тэмпературай і вырашыў адмовіцца ад галадоўкі, каб набрацца сіл. Паводле слоў Аляксандра, Віталь трымаў сухую галадоўку 47 дзён. Толькі зрэдку проста змазваў вадой вусны.
— Са 102 кілаграмаў яго [вагі] стала 68. Да яго не дапускалі нікога. Начальнік ІЧУ, дзяжурны і салдаты трымалі яму рукі, пачалі біць па нагах, каб ён пачаў гарлапаніць, а тая [медсястра] ваду з цукрам, глюкозу залівала ў рот.
Падчас галадоўкі да мужчын пачалі прыходзіць следчыя. Абяцалі іх дэпартаваць на працягу пары месяцаў. Аляксандр думае, што «тыя проста "ездзілі па вушах", каб мы пачалі есці». 27 снежня 2023 года следчыя чарговым разам прыйшлі да мужчын і сказалі: «Памыцца, пагаліцца, заўтра дадому». 28 снежня іх адвезлі на мяжу і перадалі ўкраінскаму боку.