Вайна ўсё спіша? Беларусь — любімая карта ў расійскай калодзе
«Пагрозай Беларусі» з боку Украіны Расія пужае ўнутраную аўдыторыю і апраўдвае перад знешняй некаторыя свае дзеянні. Ці сапраўды ёсць небяспека для нас ад УСУ і каго насамрэч варта баяцца?
Масква папярэдзіла Захад і Украіну пра «катастрафічныя наступствы» ў выпадку, калі Кіеў распачне агрэсіўныя дзеянні супраць Беларусі, і выказала намер абараніць саюзніка, на тэрыторыі якога ў дадатак размешчана тактычная ядзерная зброя. Пра гэта на мінулым тыдні паведамілі СМІ са спасылкай на афіцыйную прадстаўніцу МЗС РФ Марыю Захараву.
Паводле слоў Захаравай, Масква занепакоеная «правакацыйнай» актыўнасцю на мяжы з Беларуссю і не выключае спробаў эскалацыі сітуацыі ў рэгіёне, піша «Голас Амерыкі».
Каля месяца таму якраз Кіеў паведаміў пра канцэнтрацыю беларускіх войскаў на мяжы з Украінай. 25 жніўня Украіна абвінаваціла Беларусь у нарошчванні вайсковай групоўкі на мяжы і перасцерагла Мінск ад недружалюбных дзеянняў.
У заяве МЗС Украіны гаварылася, што ўкраінская выведка «зафіксавала канцэнтрацыю значнай колькасці асабістага саставу... у Гомельскай вобласці, недалёка ад паўночнай мяжы Украіны, пад выглядам вучэнняў».
Украінскае МЗС таксама падкрэсліла тады: «Мы папярэджваем беларускія ўлады не здзяйсняць трагічных памылак для сваёй краіны пад ціскам Масквы і заклікаем яе Узброеныя сілы спыніць недружалюбныя дзеянні і адвесці войскі на адлегласць, якая перавышае далёкасць стральбы сістэм Беларусі ад дзяржаўнай мяжы Украіны».
Кіеў абвінаваціў Беларусь у нарошчванні тэхнікі і войскаў на мяжы, заявіўшы, што побач з украінскай мяжой былі зафіксаваныя байцы групы «Вагнера», некаторыя з якіх знаходзяцца ў Беларусі пасля няўдалага бунту іх лідара летась.
Украіна папярэдзіла, што вайсковыя вучэнні ў памежнай зоне ўяўляюць пагрозу «глабальнай бяспецы» праз блізкасць Чарнобыльскай АЭС — месца самай страшнай ядзернай катастрофы ў свеце.
«Мы падкрэсліваем, што Украіна ніколі не рабіла і не збіраецца прадпрымаць недружалюбныя дзеянні супраць беларускага народа», — гаварылася ў заяве ўкраінскага Міністэрства замежных спраў.
Хутчэй за ўсё, чарговую заяву Масквы трэба разглядаць у кантэксце звыклых для яе наратываў, выказаў здагадку ў каментары для «Голасу Амерыкі» дырэктар Інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. На яго думку, ніякага рацыянальнага зерня ў гэтым няма.
«З аднаго боку, гэта спроба пашырыць сферу "пагроз" для Расіі, а з другога — прадэманстраваць сваю прыхільнасць саюзніцкім адносінам з Беларуссю, — дадаў ён. — І тут ужо я не ведаю, ці робіць гэта Крэмль з уласнай ініцыятывы, ці ў яго былі нейкія папярэднія кансультацыі з Мінскам. Гэта проста "слоўная інтэрвенцыя". Таму што, зразумела, абгрунтаваць наяўнасць падобных планаў ва УСУ немагчыма з пункту гледжання элементарнай логікі. Ва Украіны, як вядома, і так не хапае рэсурсаў, каб стрымліваць расійскі наступ (на Пакроўскім кірунку), і адкрываць у такіх умовах яшчэ адзін фронт было б верхам контрпрадуктыўнасці».
Разам з тым, Андрэй Казакевіч лічыць, што заява аб пагрозе Беларусі, якая зыходзіць ад Украіны, разлічана не толькі на ўнутраную аўдыторыю: «Нездарма Украіна згадваецца разам з Захадам. Так што гэта ўваходзіць і ў знешнюю павестку, каб лішні раз падкрэсліць, што Украіна — "агрэсіўная краіна", якая нібыта не толькі захапіла частку расійскай тэрыторыі, але і рыхтуе напад на Беларусь. Адпаведна, у гэтым "замяшаны Захад, які ўсё і плануе". Мяркую, такія тэзісы будуць распаўсюджвацца і далей, у тым ліку ад асобы расійскага МЗС. Да слоў дыпламатаў заўсёды ёсць міжнародны інтарэс. Гэта і СМІ манітораць».
Тое, што гэта падрыхтоўка да таго, каб Лукашэнка ўвязаўся ў вайну на сённяшнім этапе, таксама малаверагодна, мяркуе палітолаг: «Зрэшты, выключаць нічога нельга, улічваючы напружанасць агульнай абстаноўкі ў рэгіёне. Але ўсё ж чакаць з боку Лукашэнкі агрэсіўных дзеянняў цяпер, мабыць, не даводзіцца. Ён разумее, што гэта можа прывесці да краху яго рэжыму. Лукашэнку стрымліваюць многія фактары. Па-першае, рашэнне ўвязацца ў вайну стала б вельмі непапулярным сярод насельніцтва. Па-другое, ніхто не ведае, як павядзе сябе беларускае войска».
Але, напэўна, галоўным стрымліваючым фактарам тут з'яўляецца тое, што ні Расія, ні Беларусь не ў стане забяспечыць бяспеку сваіх тэрыторый ад удараў беспілотнай авіяцыі, падкрэсліў Андрэй Казакевіч. «Беларусь у прынцыпе цалкам даступная для ўкраінскіх дронаў. Вазьміце любую кропку на мапе. А ў краіне літаральна некалькі буйных прадпрыемстваў, якія генеруюць значную частку ВУП. Іх вывад з ладу стане сур'ёзным ударам па эканоміцы. Напрыклад, прадпрыемствы нафтаперапрацоўкі — адно з іх знаходзіцца ў Мазыры, зусім побач з мяжой Украіны. Там, як кажуць эксперты, НПЗ можна накрыць нават артылерыяй. Другое крыху далей — у Наваполацку, але, зноў жа, гэта не адлегласць для дронаў. Акрамя таго, ёсць калійныя прадпрыемствы, таксама вельмі важныя ў эканамічным плане. Беларусь у гэтым сэнсе вельмі ўразлівая», — рэзюмаваў ён.
У Крамлі ўвесь час пра гэта гавораць, але навошта — незразумела, заўважыў украінскі ваенны аналітык Міхаіл Самусь. На яго думку, гаворка ідзе пра тое, што сёння часта называюць «інфармацыйна-псіхалагічнымі спецаперацыямі»:
«Магчыма, гэта інфармацыйны ўкід, разлічаны выключна на ўнутраную расійскую аўдыторыю, — удакладніў ён у каментары «Голасу Амерыкі». — Беларуская тэма часта падымаецца Масквой, але таксама часта і сыходзіць з павесткі. У чым логіка Масквы — загадка. Украіне гэтая тэма нецікавая. У нас гэта ўспрымаецца як "белы шум". Спачатку Крэмль хай вызваліць Курскую вобласць, а потым яму можна будзе гаварыць пра іншыя рэчы, у тым ліку якія тычацца абароны свайго "саюзніка"».
Лукашэнка не стане ўвязвацца ў авантуру, упэўнены Міхаіл Самусь. Хоць бы таму, што ўкраінцы могуць хутка ўвайсці ў Мінск. Бо, перш чым ўвязвацца ў бойку, трэба разлічваць свае сілы. У Лукашэнкі няма войска, якое было б здольнае на нешта сур'ёзнае. Вось цяпер у Курскай вобласці 35 тысяч расійскіх войскаў нічога не могуць зрабіць з УСУ. А ў Лукашэнкі няма такой колькасці баяздольных войскаў, і ў Расіі няма такіх рэзерваў, каб перакінуць іх яшчэ і ў Беларусь... Лукашэнка ж не ідыёт. Ён заўсёды беражэ сваю шкуру перш за ўсё. Таму я не ўяўляю, каб ён пайшоў на самагубчы для сябе крок і падпісаў сабе смяротны прысуд у літаральным сэнсе слова. У яго і без таго праблем хапае», — сказаў на заканчэнне аналітык.